Ультрас байкатуюць матчы з 2020-га. Хто ходзіць на футбол?

Тры гады фанаты практычна ўсіх каманд «вышкі» адмаўляюцца наведваць матчы. Пачаўся байкот у 2020-м адначасова з узмацненнем бесчалавечнага гвалту рэжыму Лукашэнкі, аб'ектамі нападаў якога часта былі і прадстаўнікі фан-рухаў. І ён дагэтуль трывае.

3e349e19_de65_40c0_9a4e_9df9b0b29c98.webp

Сыход са стадыёнаў быў аб'яўлены бестэрміновым — пакуль не будзе адноўлена справядлівасць. На жаль, у гэтым плане так нічога i не змянілася. Але ў 2023-м пачаў зноў пазначацца нібыта фан-сектар мiнскага «Дынама». Некалькі дзясяткаў чалавек актыўна падтрымлівалі «бела-блакітных» і дома, і ў гасцях. Ці тыя ж гэта людзі, што абвяшчалі байкот? А можа, чарговая штучная ініцыятыва рэжыму? «Трыбуна» знайшла адказ.

Сектар амаль новы, лідарамі сталі сябры руху з «перагорнутай старонкай»

У кулуарах адразу пасля аб'яў пра байкоты казалі, што некаторыя фанаты працягваюць наведваць гульні, проста змянілі месцы. У 2021-м гэтым матываваў адмену байкоту, напрыклад, фан-клуб «Іслачы». Зрэшты, іх сектар быў далёкі ад «ультрас» у іх звыклым разуменні — туды хадзілі нават сем'ямі з дзецьмі.

Фанаты мінскага «Дынама» не рабілі ніякіх заяў пра сваё вяртанне. У 2023-м адпаведны сектар клуба запаўняўся кімсьці толькі на некалькіх матчах. І на выездзе з БАТЭ гэта было больш падобна на іслачскую канцэпцыю — была заўважная прысутнасць і жанчын, і дзяцей. Аднак у паядынку з брэсцкім «Дынама» і свежым матчы ў Смаргоні выглядала ўсё класічна.

«Трыбуне» ўдалося даведацца, што большасць людзей з цяперашняга «фан-сектара» мінчан — навічкі. Як кажуць нашы суразмоўцы з рэальнага фанацкага руху, тыя, хто быў там да 2020-га, зараз складаюць адсоткаў 5-10 «сектара». Больш за тое, некаторыя з сёлетніх «ультрас» у 2020-м былі строга за байкот — і ўвогуле не хадзілі на стадыён. Але цяпер некалькі «старажылаў», якім у раёне 30-35 гадоў, раптам выявіліся на «новым сектары». Па словах нашых суразмоўцаў, гэтыя людзi не карысталіся асаблівай павагай і ў былыя часы, а зараз яе няма наогул.

Відаць, зразумелі, што «Дынама» сёлета вельмі блізкае да чэмпіёнства, для гэтага наверсе зробяць усё, вось і вырашылі прыляпіцца да «поспеху». Наплявалі на прынцыпы, дамоўленасці. Як па мне, гэта незразумелыя асобы, якія і фанатамі не могуць называцца, няхай некаторыя з іх і падтрымлівалі клуб раней, — выказаўся адзін з фанатаў.

– Не хацелася б нікога абражаць, але гэта нейкі цырк. У асноўным там «навічкі», некаторым з якіх, мяркуючы па ўсім, няма і 20 гадоў — нейкія школьнікі. Думаю, іх прывялі якраз «старажылы», якія вырашылі вярнуцца і адчулі сябе лідарамі руху. Пра тых, хто фанацеў раней і зараз на сектары, нічога добрага сказаць не магу, — сказаў яшчэ адзін наш суразмоўца з фанацкага асяроддзя.

Адзін з тых, хто зараз на «сектары», у 2018 годзе трапіў у кадр трансляцыі матча паміж брэсцкім і мінскім «Дынама». Як нам паведамілі, гэты чалавек таксама выступаў за байкот у 2020 годзе, але потым хадзіў на матчы «бела-блакітных» і сядзеў на іншых месцах.

– Вось ён і некалькі такіх жа фанатаў вярнуліся на сектар. У нашых колах ніхто не разумее, навошта гэта зроблена. Ніякай павагі да такіх людзей. Паўтару, я іх нават фанатамі не хачу называць. Незразумела хто і незразумела навошта. Сапраўдныя ультрас, у якіх ёсць сумленне і прынцыпы, байкот працягваюць, — падсумаваў наш суразмоўца.

«Трыбуне» ўдалося ідэнтыфікаваць некалькіх прадстаўнікоў «новага сектара». Мы прапанавалі ім на ўмовах ананімнасці паразмаўляць пра вяртанне на стадыён. Аднак ніводзін чалавек за некалькі дзён так і не адказаў.

Глядзіце таксама

Што ў іншых клубаў?

На фанацкіх сектарах у гэтым сезоне людзей можна заўважыць не толькі ў мінскага «Дынама». Ёсць актыўныя заўзятары і ў «Нафтана», які вярнуўся ў «вышку» ўпершыню з 2017-га. Невялікі сектар, напрыклад, быў на паядынку з «бела-блакітнымі» на «Дынама-Юні» ў пятым туры. Былі фанаты і на «Барысаў-Арэне».

– Раней сектар налічваў 30-40 чалавек, людзі хадзілі на «Атлант», прабівалі выезды. Потым быў байкот. А зараз, калі каманда прабілася ў вышэйшую лігу, каля дзясятка фанатаў вярнуліся на сектар. Гэта менавіта тыя людзі, якія падтрымлівалі «Нафтан» і раней, да падзей 2020-га. Што імі зараз рухала, сказаць не магу, — распавяла наша крыніца, знаёмая з сітуацыяй у наваполацкім футболе.

Таксама былі заўважаны людзі, якія займалі сектар БАТЭ ў гасцявых матчах. Аднак, як нам удалося даведацца, гэта звычайныя «кузьмічы», якія ездзяць на сустрэчы арганізаванай групай, сумесна арандуючы транспарт. На хатніх гульнях яны займаюць месцы на звычайных сектарах. Так што можна сказаць, што актыўнай падтрымкі БАТЭ па-ранейшаму не мае.

У пачатку года можна было заўважыць людзей на сектары «Шахцёра». Аднак, як і ў выпадку з БАТЭ, тых заўзятараў да фанацкага руху аднесці цяжка.

Што да астатніх калектываў «вышкі», то яны пазбаўлены фан-сектараў. І, як запэўніваюць нашы крыніцы з фанацкага асяроддзя, сітуацыя ў найбліжэйшай будучыні наўрад ці зменіцца.

– Было б каго падтрымліваць. Ні футбола, ні асоб, ні жыцця ў гэтай краіне, — канстатаваў адзін з нашых суразмоўцаў.

Глядзіце таксама