Фанаты мінскага «Дынама» выступілі з заявай: «Байкот матчаў, уся атрыбутыка — па-беларуску»

Фанаты мінскага футбольнага клубу «Дынама» выступілі з заявай, у якой акрэслілі сваю пазіцыю і далейшыя правілы паводзінаў.

fanaty_foot_1_1.jpg


Пункты заявы наступныя:

Байкот усіх матчаў клубу на тэрыторыі Беларусі ў сувязі з палітычнай абстаноўкай у краіне. На звычайную трыбуну таксама хадзіць нельга.

Разрыў хаўрусу з фанатамі маскоўскага ЦСКА.

Забарона любых боек з апанентамі на тэрыторыі Беларусі.

Фанаты кіеўскага «Дынама» і іх хаўруснікі — больш не ворагі.

Усе банеры, атрыбутыка, майкі, кепкі, стыкеры адгэтуль — толькі на беларускай мове.

Забарона любой сімволікі з камуністычнымі выявамі і савецкім падтэкстам.

Актыўныя заўзятары пачалі байкатаваць футбольныя матчы яшчэ ў другой палове 2020 году. Тады фанаты шэрагу камандаў усіх беларускіх лігаў перасталі вывешваць банеры і збірацца на адным канкрэтным сектары дзеля падтрымкі камандаў.

Летась у канцы сезону актыўнай падтрымкі не меў амаль ніхто.

У канцы лютага 2021 году шэраг беларускіх футбольных ультрас абвясцілі байкот матчаў з палітычных прычынаў. Актыўныя заўзятары клубаў найвышэйшай беларускай лігі «Дынама» (Брэст), «Нёман» (Горадня), «Слуцк», БАТЭ (Барысаў) заявілі, што актыўныя фанацкія сектары камандаў будуць адсутнічаць як на хатніх, так і на гасцявых матчах «да поўнай перамогі народу». Да байкоту таксама далучыліся фанаты жодзінскага «Тарпеда-БелАЗ», сталічных «Мінску» і «Тарпеда», «Шахцёра», «Віцебску» і «Маладзечна».

Пасля гэтага наведвальнасць беларускага футбольнага чэмпіянату ўпала больш чым удвая.