Шалёны 2021. Спорт: тры топ-падзеі, якія мы правалілі

Беларусі спорт сёлета, скажам шчыра, не ўразіў і не ўрадзіў. Вынікі адчувальна праселі. Якасць істотна пагоршала. Колькасць заўважна знізілася. Нават па мерках мінулых гадоў, таксама не геніяльных, спартыўныя надоі неяк не натхняюць. Не тое чакалася, хацелася і, бадай, маглося. Але ж 2021-шы сыходзіць — то варта падвесці рысу, якая б яна ні была.

6_255.jpg

Маленькі спойлер «перад тым, як». Каб не драбніць тэмы і параграфы, пойдзем шырокім браднікам — вылучым найбуйнейшыя, топавыя старты года, узгадаем падрабязнасці, а ўжо ў іх, як у той кроплі вады, адлюструецца і ўсё астатняе.

Такіх топ-стартаў у 2021-м было тры.

Футбол. Апошняе месца ў адборы на чэмпіянат свету

Футбольная зборная Беларусі ніколі ў суверэннай гісторыі не трапляла на топ-турніры (чэмпіянаты свету і Еўропы), таму чарговы пралёт міма запаветнай мары не мусіць уганяць у скруху. Адным разам болей, адным меней — ці не ўсё роўна, упэўнена трымаем ранейшы ўзровень. А што фінішавалі апошнімі ў сваёй групе, то зноў жа: не ўпершыню. Увогуле няма такой роспачы ў футболе, якую б не спазналі нашы гульцы за трыццаць гадоў незалежнасці.

Аднак варта зафіксаваць: у кваліфікацыі на чэмпіянат свету-2022 (усепланетны форум гэтым разам пройдзе ў экзатычным Катары) беларусы фінішавалі менавіта на самым ўскрайку турнірнай табліцы. Хацелі як лепш — казалі нават пра другое месца, якое б вывела ў плэй-оф, атрымалася — як заўсёды.

4_396.jpg

Сапраўды, апошнімі мы ўжо былі і не аднойчы. І, дарэчы, нават не двойчы: у пяці адборах раней (ЧС-1998, ЧС-2014, ЧС-2018, ЧЕ-2000, ЧЕ-2004) наша нацыянальная каманда займала самае прыкрае месца. І яшчэ два разы (ЧЕ-2000 і ЧЕ-2004), як і цяпер, гонар беларускага футбола набіраў за ўвесь адборачны цыкл усё тыя ж жаласныя тры ачкі.

І што, скажаце вы, значыць, анічога кепскага не адбылося і каманду наогул варта пахваліць і ўзнагародзіць за хай нягеглую, але стабільнасць? Вядома, не. Наадварот, цяперашнія вынікі асабліва драматычныя, бо, бадай, упершыню сведчаць не пра крыўдную няўдачу, а пра суцэльны адчай. Раней хаця б футбалісты былі ого-го — з лепшых расійскіх і ўкраінскіх клубаў, іх проста не ўдавалася трэнерам сінхранізаваць і аб’яднаць. Сёння ж і гульцоў вартых не наскрабеш па годных лігах — даводзіцца браць у сваім чэмпіянаце. А яго ўзровень вядома які: вунь як клубы выступілі ў сёлетняй еўракубкавай кампаніі. Усе, бы адзін, вылецелі ўжо ў першым раундзе кваліфікацыі. І «Шахцёр», які саступіў «Фоле» з Люксембурга. І БАТЭ, які зліўся перад «Дынама» з сонечнага Батумі. Не кажучы ўжо пра жодзінскае «Тарпеда» і брэсцкае «Дынама», якія ў еўракубках таксама не затрымаліся.

Дык адкуль, узнікае простае пытанне, возьмецца годная зборная, калі так перасохлі калодзежы, што мусяць яе сілкаваць? У клубах класных гульцоў няма, моладзь сярод нашага пустазелля амаль не расце (маладзёжная зборная таксама вынікамі даўно не радуе), а іншыя краіны ідуць наперад, развіваюцца і толькі нарошчваюць гандыкап.

Апошняя акалічнасць найбольш пагражальная. Бо даганяць у футболе, дый у спорце ўвогуле, надзвычай цяжка. А, выглядае, адсталі мы не на гады — на дзесяцігоддзі.

Хакей. Чэмпіянат забралі, чэмпіянат прайгралі

Нават студзеньскі візіт Рэнэ Фазела не дапамог афіцыйнаму Мінску захаваць права на правядзенне хакейнага чэмпіяната свету. Кіраўнік міжнароднай федэрацыі прыехаў, сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, сказаў нейкія словы пра мір і сяброўства. Марна: хваля крытыкі накрыла і ІІХФ, і яго збянтэжанага боса, і ў выніку з канцэсіі пачалі шчыльныі радамі выходзіць спонсары — буйныя міжнародныя карпацыі кшталту «Шкоды» ці «Лікві Молі».

Чым усё скончылася, вы добра памятаеце. Праз парушэнні правоў чалавека і іншыя грамадска-палітычныя абставіны хакейны форум у Мінска забралі. Каму перадаць, доўга не думалі — дэлегавалі ўсе правы Рызе, якая першапачаткова мелася прымаць матчы з беларускай сталіцай на паях.

Так без перабольшвання на ўвесь свет грымнуў гэты хакейны кейс, бо з кандачка і не ўзгадаць, калі апошнім разам нешта падобнае здаралася ў хакеі, у прыватнасці, і ў спорце наогул.

Для беларускага боку, між тым, гэтая «экспрапрыяцыя» сталася толькі паловай усіх сёлетніх хакейных прыгод. Таму што далей распачаўся сам чэмпіянат, у Латвію нашых хлопцаў павезлі аўтобусам (праз наступствы гісторыі з вядомым «Боінгам»), і нічога добрага яны там не нагулялі.

5_366.jpg

У Рызе беларуская зборная здабыла толькі адну перамогу — хай сабе і над аўтарытэтнымі шведамі. Затое далей пайшлі канфузы: паразы ад сціплых у хакеі брытанцаў і датчан, разгромныя няўдачы з аднолькавым лікам 0:6 ад суайчыннікаў Фазела швейцарцаў і «братоў»-расіян.

Сума на выхадзе атрымалася гаротная: чатыры набраныя ачкі, розніца закінутых і прапушчаных шайбаў «-19» і апошняе месца ў групе. У дакавідныя часы гэта б азначала адно — вылет з элітнага дывізіёну. Але гэтым разам пашчасціла. Праз пандэмію ў слабейшых эшалонах ЧС вырашылі ўвогуле не праводзіць, то і ў мацнейшым ратацыю адпаведна адмянілі.

Пасля чэмпіянату свету было яшчэ шмат цікавага ў беларускім хакеі. Тут і адстаўка старшыні ФХБ Дзмітрыя Баскава, і ўкараненне на ягоным месцы былога весляра Аляксандра Багдановіча, правал той жа зборнай у алімпійскай кваліфікацыі, і супярэчлівы шлях мінскага «Дынама» ў новым сезоне КХЛ, і вяртанне маладзёжнай зборнай у вышэйшы сусветны эшалон… Шмат чаго было — і шмат што яшчэ будзе. Але пакуль фіксуем: нацыянальная зборная як вянец і твар беларускага хакея застаецца на завуголлях элітнай лядовай гульні.

Алімпіяда. Найменей медалёў у гісторыі і скандал з Ціманоўскай

Футбол і хакей — гэта, канешне, важна, бо самыя папулярныя віды спорта. Аднак галоўным стартам года стала ўсё ж іншае — Алімпійскія гульні ў Токіа. І там беларускія спартсмены показалі сябе таксама не лепшым чынам.

3_424.jpg

Усё пачалося з таго, што ў Японію адправілася самая нешматлікая беларуская дэлегацыя — усяго 108 атлетаў. І гэта аказаўся не той выпадак, калі нас мала, але мы скрозь самураі. Наадварот: адпаведна колькаснаму складу вымаляваўся і медальны ўраджай. Зноў жа — самы сціплы ў гісторыі ўдзелу Беларусі ў летніх Гульнях.

Агулам нашы суайчыннікі здабылі ў Токіа сем узнагарод. Адно-адзінае золата — яно на рахунку батутыста Івана Літвіновіча. Тры срэбры — у барцоў Магамедхабіба Кадзімагамедава і Ірыны Курачкінай, а таксама ў квартэта веслярак (Маргарыты Махнёвай, Надзеі Ляпешкі, Вольгі Худзенкі і Марыны Літвінчук). І тры бронзы — іх выйгралі мастацкая гімнастка Аліна Гарноська, скакун у вышыню Максім Недасекаў і барчыха Ванэса Каладзінская.

Так, гэта варта лічыць правалам, аднак трэба ўлічваць і спадарожныя абставіны. А яны ў тым, што беларускі спорт наляцеў на нябесную вось не знянацку. Алімпійскія вынікі ў нас пагаршаюцца ўжо даўно і ад Гульняў да Гульняў.

Перад антырэкордам-2021 у Токіа быў жа антырэкорд-2016 у Рыа-дэ-Жанейра — дзевяць медалёў. А яшчэ раней антырэкорд-2012 у Лондане — дзесяць узнагарод. Наогул жа падзенне няўхільна працягваецца ад Пекіна-2008, то-бок насамрэч мы маем справу не з раптоўным крызам, а з хранічнымі праявамі.

Зрэшты, зусім не спартыўныя паказчыкі праславілі Беларусь у алімпійскім Токіа. Розгалас на ўвесь белы свет атрымала гісторыя з лёгкаатлеткай Крысцінай Ціманоўскай. Той самай стойкай дзяўчынай, якая не захацела мірыцца з некампетэнтнасцю чыноўнікаў.

bfss_belorusskuyu_legkoatletku_kristinu_timanovskuyu_nasilno_vyvozyat_iz_tokio_16278242761247791071.jpg

Канва таго скандала незабыўная. Беларускія кіраўнікі намудрылі з допінг-пробамі, праз што да Алімпіяды не даехала некалькі атлетаў. Адну з лакун у складзе спрабавалі запоўніць Ціманоўскай, нягледзячы на тое, што для яе гэта была зусім нязвыклая дыстанцыя. Але Крысціну абурыла не гэта — проста яе меркавання ніхто нават не спытаў. І тады яна вырашыла выказацца ў сацсетках…

Варта сказаць, што такое ў спорце здараецца нярэдка — на тое гэта і спорт, дзе ўсё круціцца менавіта вакол атлетаў. І той сваёй рэплікай Ціманоўская аніякіх мастоў не спаліла. Іх спалілі недзе наверсе, у самых высокіх дзяржаўных кабінетах, калі загадалі заўчасна, да сканчэння спаборніцтваў, адправіць мяцежную спартсменку дадому ў Мінск.

Што было далей, памятаюць не толькі ў Беларусі. Ціманоўская дадому не захацела, падазраючы, што яе там чакае. У аэрапорце Токіа, куда яе суправаджалі два беларускія функцыянеры, яна звярнулася наўпрост да японскіх паліцыянтаў. І ў выніку адправілася ў Польшчу, дзе папрасіла прытулку і дзе цяпер плануе аднавіць спартыўную кар’еру.

Вось так хроніка палітычных уцёкаў у спорце, больш характэрная для часоў халоднай вайны, папоўнілася беларускім выпадкам. Што важна: гісторыя яшчэ не скончана. Міжнародныя спартыўныя арганізацыі зараз праводзяць адмысловае раследаванне сітуацыі з Крысцінай Ціманоўскай. Пасля вывучэння ўсіх падрабязнасцяў чакаецца іх вердыкт. Нешта падказвае, што ён наўрад ці будзе прыемны для спартыўных уладаў Беларусі.

Страты. Праз ковід і не толькі пайшлі з жыцця чэмпіёны

Напрыканцы паводле жалобнай традыцыі ўзгадаем тых, каго ў сыходзячым годзе страціў беларускі спорт.

У чэрвені сумная навіна прыйшла з Масквы, дзе апошнім часам жыў і працаваў славуты канькабежац Ігар Жалязоўскі. Шматразовы сусветны рэкардсмен, шасціразовы чэмпіён свету, ён пайшоў з жыцця вельмі рана — на 59-м годзе жыцця.

a70f1e3f_e540_4f97_a002_197ef594b51a_w650_r0_s_logo_1.jpg

У жніўні памёр Юрый Пудышаў — сапраўдная легенда беларускага футбола. Капітан таго самага мінскага «Дынама», што ў 1982 годзе сенсацыйна выйграла чэмпіянат СССР, агулам апярэдзіўшы прывілеяваныя Маскву і Кіеў. Юрыю Аляксеевічу было 67.

У верасні, крыху не дажыўшы да 56-годдзя, сышоў у лепшы свет Сяргей Герасімец. Ураджэнец Кіева, жыхар Пецярбурга, які аднойчы патрапіў у Беларусь, прыняў нашае грамадзянства і пакінуў глыбокі след у айчынным футболе. Яго гол у вароты зорных галандцаў летам 1995-га — незабыўны момант, які заўзятары-сучаснікі не забудуць аніколі.

Былы паўабаронца футбольнай зборнай Дзяніс Коўба не перажыў наступстваў ковіду ў лістападзе. Шпіталізаваны ў адну з маскоўскіх інфекцыйных лякарняў, ён так і не здужаў з хваробай. Ураджэнцу Віцебска было ўсяго 42.

Вядома, гэта не ўсе прадстаўнікі беларускага спорту, для якіх 2021 год стаў апошнім ў жыцці. Іх, канешне, болей, бо час і лёс бяруць сваё. На жаль, яны сыходзяць штогод, чэмпіёны і чэмпіёнкі, спартсмены і трэнеры. Пакідаючы пасля сябе свае перамогі, рэкорды і дасягненні — у летапіс спартыўнай славы і на памяць удзячным заўзятарам.

Фота reuters, ІІХФ, БФФ, сацсеткі.