Як беларусы на Кіпры адрадзілі футбольную каманду і прывялі яе ў чэмпіёны краіны
Лімасольскі «Арыс» стаў чэмпіёнам Кіпра па футболе. Адзін з самых старых клубаў на Кіпры ніколі не меў ні тытулаў, ні вялікіх поспехаў — да тых часоў, пакуль за яго не ўзяліся беларусы. І цяпер «Арыс» чакаюць еўракубкі — дарэчы, у кваліфікацыі клуб можа сустрэцца з барысаўскім БАТЭ.
Праект «1906» распытаў Аляксея Дазорцава, адказнага за маркетынгавы цуд клуба (такі сапраўды мае месца) пра тое, як беларусы зрабілі кіпрыётаў улюбёнымі ў старую лімасольскую каманду, сталі праводзіць Дзень цешчы на стадыёне і ў чым перавага беларускіх маркетолагаў.
«На матчы хадзіла чалавек пяцьдзясят, і ў такім стане мы атрымалі каманду»
Аляксею Дазорцаву 37 гадоў. Раней ён шмат працаваў у журналістыцы: «Белсат», маскоўскі канал «360°». У 2018 годзе беларус скончыў сваю тэлевізійную кар’еру і з тых часоў займаўся маркетынгам, рабіў розныя камерцыйныя праекты праз уласнае агенцтва.
А потым яго знайшоў Уладзімір Фёдараў, беларускі бізнесмен і прэзідэнт кіпрскага клуба «Арыс». Гэта лімасольская каманда існуе ўжо амаль стагоддзе, але трафеямі заўзятараў не балуе.
«Гэта адзін з самых старых клубаў на Кіпры. Ён быў заснаваны ў 1930 годзе, клуб таксама быў сярод пачынальнікаў кіпрскай футбольнай федэрацыі. «Арыс» — адна з самых паважаных каманд, але клуб ніколі не меў ні тытулаў, ні вялікіх поспехаў (да 2023 года, калі каманда стала чэмпіёнам Кіпра. — «1906»). Думаю, адны з самых паспяховых часоў для клуба — гэта канец 80-х, калі тут гуляў вядомы савецкі і ўкраінскі футбаліст Алег Блахін, уладальнік «Залатога мяча», але ж поспехаў і тады не было.
Потым пайшлі вельмі цяжкія 90-я і пачатак нулявых. Каманду называлі «ліфтам»: клуб то падаў у лігу ніжэй, то падымаўся вышэй. Скончылася гэта тым, што на матчы хадзіла чалавек пяцьдзясят, і ў такім стане мы атрымалі каманду. Тады «Арыс» знаходзіўся не ў вышэйшай лізе, як цяпер, а ў першай, то-бок на лігу ніжэй», — расказвае Дазорцаў.
У «Арыса» ў 90-я хутка змяняліся кіраўнікі, не было спартовых поспехаў, а гэта вельмі ўплывае на папулярнасць клуба і тое, як да яго ставяцца людзі. У такой сітуацыі, калі твая каманда нічога не можа дасягнуць, заўзятараў робіцца ўсё менш і менш.
Так і сталася: багата сваякоў тых, хто цяпер заўзее за іншыя клубы (дзед, бацька, дзядзька, сват), раней былі з «Арысам». Але праз тое, што ў клуба доўга не было поспехаў, заўзятары апусцілі рукі і вырашылі змяніць свае клубныя інтарэсы.
Цяпер у «Арысе» шмат беларусаў, і гэта не толькі Фёдараў ды Дазорцаў. Там гуляюць, напрыклад, малады форвард Арцём Шуманскі і капітан беларускай нацыяналкі Яўген Яблонскі, галоўным трэнерам працуе Аляксей Шпілеўскі — былы трэнер брэсцкага «Дынама». Так што «Арыс» — даволі беларускі праект, дакладна самы беларускі клуб на Кіпры. Хаця, як гэта і бывае ў еўрапейскіх клубах, у камунікацыі з камандай Дазорцаў выкарыстоўвае англійскую мову (а ў камунікацыі з праектам «1906» — беларускую).
Шпілеўскага адзначым асобна. Малады трэнер (цяпер Аляксею 35) упершыню вывеў «Арыс» у еўракубкі, стварыў каманду з відовішчным футболам і прывёў клуб да першага чэмпіёнства за амаль стагоддзе існавання. Раней беларус працаваў у брэсцкім «Дынама», казахскім «Кайраце» і моладзевых нямецкіх клубах, але на Кіпры ён цалкам раскрыўся. Таму не здзівімся, калі пасля гэтага Аляксей перабярэцца ў лігу больш прэстыжную.
«Усё тое, што робіць «Арыс», на Кіпры дакладна ніхто не рабіў»
Як расказвае Дазорцаў, на Кіпры футбол дужа палітызаваны: «Нейкія каманды больш правыя ці ўльтраправыя, існуюць левыя і ўльтралевыя клубы, а то і адкрыта камуністычныя, ёсць грэцкія і кіпрскія нацыяналісты. Ва ўсім гэтым калейдаскопе існуе «Арыс», які не афіліяваны ні з якімі палітычнымі сіламі. Шмат хто ў Лімасоле хаця і заўзее за нейкі іншы клуб, але таксама падтрымлівае «Арыс». Бо наш клуб не прасоўвае ніякага гвалту, камунікуе з усімі даволі чыста і з павагай, спрыяе сямейным каштоўнасцям. Такое наша бачанне».
Як і ва ўсім свеце, палітычна арыентаваныя суполкі на Кіпры могуць праз футбол выказваць свае маніфесты. Але збольшага такой палітызацыі футбола спрыяла дужа неаднародная гісторыя Кіпра. Напрыклад, цяпер паўночная частка Кіпра — гэта асобна дзяржава, прызнаная толькі Турцыяй, і сталіца Кіпра, Нікасія, падзелена паміж дзвюма дзяржавамі, што месцяцца на выспе.
У Нікасіі, як працягвае Аляксей, нядаўна адкрылі выставу «Футбол і палітыка». Там расказваецца пра сувязь гэтых дзвюх з’яў, пра тое, як некаторыя клубы сталі палітычна заангажаванымі: ад грэцкага нацыяналізму і падтрымкі ваенных пераваротаў да клубаў, якія, наадварот, спрабавалі заставацца па-за палітыкай ці схіляліся да іншага палітычнага кірунку.
Выглядае, што з досведам працы ў такой краіне Дазорцаў дакладна ведае адказ на адвечнае беларускае пытанне, ці можа спорт існаваць па-за палітыкай:
«Гэта залежыць ад таго, пра які спорт ідзе гаворка і ў якой краіне. Калі паглядзець на гістарычны кантэкст, спорт, асабліва спорт высокіх дасягненняў, заўжды быў адной з частак таго, як краіна расказвае свету пра сябе. Калі казаць не пра зборныя, а пра клубы, гэта ўсё роўна прадстаўніцтва краіны на міжнародным узроўні. Спорт — гэта не плацдарм для маніфестаў, але раней ён выкарыстоўваўся акурат так, асабліва ў сярэдзіне 20-га стагоддзя. То-бок спорт ёсць спорт, але вельмі часта ён можа залежаць ад палітыкі».
Але вернемся да клуба. Калі за «Арыс» узяліся беларусы, справы каманды пайшлі ўгору: клуб выйшаў у вышэйшую лігу, людзей на матчы стала хадзіць больш. У сезоне 2021/2022, расказвае Аляксей, колькасць наведвальнікаў вырасла ў 20 разоў: на звычайныя матчы пачало прыходзіць па тысячы гледачоў, на еўракубкі — па дзве тысячы. У сезоне 2022/2023 колькасць наведвальнікаў дайшла да чатырох тысяч.
«Гэта самы яркі, самы амбітны, самы трэндсэтарскі футбольны праект на выспе. Усё тое, што робіць «Арыс», на Кіпры дакладна ніхто не рабіў, і гэта выклікае пазітыўную рэакцыю не толькі ў аўдыторыі нашага клуба, а таксама ў заўзятараў іншых каманд, якія даволі добра выказваюцца пра «Арыс». І ўсё гэта нягледзячы на тое, што вобразам клуба займаюцца замежнікі», — з гонарам дзеліцца беларус.
«Самы лепшы стадыён на свеце — той, дзе ўсе ўсміхаюцца»
Павялічыць колькасць наведвальнікаў у 20 разоў — уражвальны вынік. Як яго дасягнулі? Як расказвае Аляксей, праз штодзённую цяжкую працу, крэатыўнасць каманды і разнастайнасць падыходаў. Маркетолагі «Арыса» працуюць з аўдыторыяй у трох кірунках, і вось першы з іх: «Гэта самая вялікая частка нашых заўзятараў, традыцыйная аўдыторыя «Арыса», якая, магчыма, па нейкіх прычынах адышла ад клуба, і цяпер мы яе вяртаем. Тут ёсць такая спецыфіка: калі заўзятар перастаў хадзіць на стадыён і прывучыў сябе глядзець матч па тэлевізары недзе ў таверне, яго вельмі цяжка выцягнуць назад. Але мы здолелі павярнуць вялікую частку людзей праз розныя мерапрыемствы і акцыі ды, вядома, праз поспех каманды, бо спартовая частка — самае важнае».
Другі кірунак працы — гэта дзеці, і Дазорцаў называе яго самым важным з пункту гледжання перспектывы. Клуб сцісла працуе з вучнямі розных школ, робіць з імі актыўнасці, дзеці сустракаюцца з футбалістамі і гуляюць з імі. Нават нягледзячы на тое, што іх бацькі, хутчэй за ўсё, ужо заўзеюць за нейкія іншыя каманды, дзеці ўсё ж такі здольныя самі пабудаваць сваю сувязь з той ці іншай спартовай камандай.
«Усё, што мы робім, робіцца дзеля дзяцей: каб яны былі шчаслівыя, каб мелі добры эмацыйны досвед. Калі нешта падабаецца дзесяцігадоваму дзіцяці, напэўна, гэта яму будзе падабацца і ў 20 гадоў, і калі шчаслівыя дзесяцігадовыя дзеці, шчаслівыя і іх бацькі. Самы лепшы стадыён на свеце — той, дзе ўсе ўсміхаюцца», — тлумачыць беларус.
Трэці кірунак — частка аўдыторыі, на якую, паводле Дазорцава, ніхто на Кіпры дагэтуль не звяртаў увагі. Гэта рускамоўныя экспаты: напрыклад, беларусы, украінцы, латышы, казахі, расіяне, малдаване.
На Кіпры, асабліва ў Лімасоле, жыве дужа шмат іншаземцаў, яны гадуюць дзяцей, працуюць. Але іх, тлумачыць Аляксей, ніхто ніколі не запрашаў на футбол, не прапаноўваў ім апынуцца ў такім месцы, дзе не трэба высвятляць, хто ты і адкуль, затое можна прыходзіць і праводзіць разам час, камунікаваць адно з адным.
Усіх маркетынгавых намаганняў не хапіла б, калі б і сама каманда не змагалася на полі, бо без спартовых поспехаў прывабліваць заўзятараў дужа цяжка. Але і матывацыя каманды вельмі залежыць ад таго, як гульцы сябе адчуваюць падчас матча, як іх падтрымліваюць у час гульні і ад таго, як вакол каманды і саміх гульцоў будуецца іх імідж.
Ці няма ў мясцовых засцярогі перад мноствам беларусаў у «Арысе»? Цяжка сказаць, лічыць Дазорцаў, але вынікі працы ў клубе відавочныя:
«Арыс» стаў зараз чэмпіёнам упершыню за 93 гады існавання, і праз гэта кожны заўзятар каманды, кім бы ён ні быў па паходжанні, мусіць кожную раніцу прачынацца і крычаць: “О, я не веру! Гэта фантастыка!” Таму якая там засцярога? Давайце так: лік на табло, вось якія вынікі былі раней і вось што адбываецца цяпер. Дзякуй усім пакаленням, якія намагаліся любым коштам захаваць клуб. Цяпер сюды прыйшла наша каманда, і мы імкнёмся зрабіць так, каб клуб стаў вялікім і моцным трэндам, каб яго любілі, каб ён меў спартовыя вынікі».
Аляксей расказвае, маўляў, клуб даведаўся пра здабытае чэмпіёнства за тыдзень да апошняга матча ў сезоне, бо так склалася сітуацыя ў табліцы. «Арыс» адгуляў перадапошні матч у суботу, а ў нядзелю галоўны канкурэнт каманды змагаўся супраць лімасольскага клуба, і «Арыс» у поўным складзе быў на стадыёне. Лімасольская каманда перамагла, і па ачках «Арыс» стаў чэмпіёнам, клуб віншавалі ўсе, хто быў у той дзень на стадыёне.
А потым гульцы, заўзятары, партнёры і ўсе сябры «Арыса» з’ехаліся ў месца пад назвай Плошча герояў: «Там знаходзіцца наша гістарычная таверна пад назвай «Арыс», яна не мае дачынення да футбольнага клуба, але звязана з нашым брэндам. Усе прыехалі туды і ўжо гулялі дык гулялі (усміхаецца). Гэта быў толькі першы дзень. Пасля заканчэння чэмпіянату для ўсіх, хто хацеў пабыць разам з «Арысам», мы арганізавалі на стадыёне цырымонію ўзнагароджання, зладзілі канцэрт і сказалі шмат важных слоў. Усё было прыгожа».
Цяпер «Арыс» чакаюць еўракубкі — дарэчы, у кваліфікацыі да іх клуб можа сустрэцца з барысаўскім БАТЭ. Кіпрскі футбол не хапае зорак з неба на еўрапейскай сцэне, але асноўны канкурэнт «Арыса» на выспе, «АПАЭЛ», дамагаўся там файных вынікаў. У сезоне 2011/2012 «АПАЭЛ» гуляў у чвэрцьфінале Лігі чэмпіёнаў, праз пяць гадоў клуб дайшоў да 1/16 Лігі Еўропы. Наўрад ці каманда Шпілеўскага хоча абняславіцца на фоне такіх вынікаў.
«Трэба, каб беларусы, якія працуюць у спорце, верылі, што яны будуюць Дыснейлэнд»
Маркетолагі кіпрскага клуба ганарацца шмат якой праробленай працай, напрыклад, відэаролікамі сваёй вытворчасці. Але ёсць у «Арысе» адна акцыя, што стала чымсьці накшталт жартоўнай візітоўкі клуба, бо пра яе шмат пісалі і ў Грэцыі, і ў іншых краінах. Гэтую акцыю клуб пачаў рабіць у першы год пасля вяртання ў вышэйшую лігу. Гаворка пра Дзень цешчы.
Аляксей тлумачыць: «Стаўленне да цешчы на Кіпры жартаўлівае, прыкладна такое ж, як і ў нас. Наша акцыя стала для кіпрыётаў надломам шаблонаў, бо ніхто тут ніколі не прапаноўваў цешчу за чалавека лічыць. А тут футбольны клуб кажа: “Сёння міжнародны дзень цешчы, дык прыводзь яе на футбол, атрымаеш квіток, а цешчы падораць кветкі”. Гэта тая акцыя, ад якой мы ўжо дакладна не будзем адмаўляцца, бо мы гэта любім і бачым, як яно працуе».
Дазорцаў дзеліцца, што для клуба важная шчырасць у камунікацыі: адкрыта казаць, што клуб лічыць патрэбным, шчыра віншаваць іншыя каманды і радавацца іх поспехам. Напрыклад, калі кіпрскія каманды едуць гуляць у еўракубках, «Арыс» заўжды жадае ім перамагчы і выказвае сваю павагу. Гэта, паводле беларуса, нестандартны ход для Кіпра, бо раней на востраве так не рабілі. Сказаць нешта кепскае ў бок іншага — простая справа, але «Арысу» гэта не патрэбна, тут гуляюць у футбол.
Аляксей відавочна кайфуе ад таго, што робіць: «Праца ў спорце, у прыватнасці, у футболе мае такую спецыфіку, што ты атрымліваеш дужа моцныя ін’екцыі эндарфіну ад таго, што адбываецца, ад поспехаў. Кожны матч — нібыта маленькі, але вельмі насычаны фестываль. Таму я люблю тое, што раблю».
Дазорцаву пакуль не давялося папрацаваць у беларускім спорце, але некаторыя маркетынгавыя кейсы з нашай краіны прыцягвалі і яго ўвагу. Ён згадвае знакамітыя акцыі футбольнага брэсцкага «Дынама» — чаго варты толькі візіт у Брэст Дыега Марадоны ў свой час! Былі дні, калі «Дынама» магло дазволіць сабе такія амбітныя крокі.
Аднак Аляксей згадвае не толькі гэта: «Быў у беларускім футболе адзін найцудоўнейшы кейс, які ні ад каго не залежаў. Маю на ўвазе час пандэміі, калі спорту ў свеце не было, а ў Беларусі ён не спыніўся. Гэта быў вялікі шанец распавесці пра сябе. Наколькі ім скарысталіся? Акрамя футбольнага клуба «Слуцк», які стаў тады шалёна папулярны за мяжой, наўрад ці, ды і ў Слуцку, мне падаецца, таксама не скарысталіся, але тады можна было бамбіць».
Беларус адзначае праекты, якія амбітна ныраюць у спартовы свет. Адзін з іх — футбольны клуб «Макслайн», які пэўны час існаваў у Рагачове, а цяпер пераехаў у Віцебск. Ён апынуўся перад вялікім выклікам: ты пераязджаеш у новы горад, табе трэба фарміраваць базу заўзятараў і паказваць вынікі, неяк замацоўвацца. Доўгі час у Віцебску быў адзін клуб, а цяпер «Макслайну» трэба на гэтай глебе будаваць свой брэнд. Аляксей падкрэслівае, што клуб праводзіць вельмі шмат маркетынгавых актыўнасцей, і верыць у поспех праекта.
Дазорцаў аптымістычна кажа, што беларусы, якія ідуць працаваць у футбол, вельмі таленавітыя, але трэба яшчэ і мець вялікі імпэт да гэтай сферы. Калі гэта ўсё ёсць, далей варта не баяцца працаваць. Вядома, прызнае спецыяліст, у некаторых клубах можна сутыкнуцца з непаразуменнем кіраўніцтва, але трэба адстойваць свае ідэі.
Таксама Аляксей раіць займацца самаадукацыяй, і цяпер гэта стала нашмат прасцей зрабіць: можна прачытаць пра тое, як свае маркетынгавыя кейсы рэалізуюць клубы з усяго свету. Існуюць разнастайныя курсы, якія дадуць метадалогію і патлумачаць, як упарадкоўваць тыя ці іншыя ідэі і будаваць стратэгію ці план, разбірацца, навошта рабіць тую ці іншую актыўнасць.
«Трэба, каб беларусы, якія працуюць у спорце, верылі, што яны будуюць Дыснейлэнд, а гэта якраз так. І калі ты працуеш у маленькім клубе ці ў маленькім горадзе, гэта нават лепш, бо ўся твая супольнасць — на дыстанцыі выцягнутай рукі. Ты ведаеш гэтых людзей, ведаеш, што ім патрэбна, і адчуваеш іх лепш, чым хто-небудзь іншы», — натхняе беларус.
Як гэта карціна сумяшчаецца з банам беларускіх спартоўцаў за ўдзел у вайне і з існаваннем беларускага спорту пры дыктатуры? Аляксей мяркуе, што і ў такіх умовах магчыма рэалізоўваць свае ідэі:
«Усё наша пакаленне, ды і мінулае таксама, жыве ў краіне немагчымасцей, і беларусы заўжды спадзяваліся толькі на сябе. Калі ты знаходзішся на такой тэрыторыі, менавіта праз тое, што ты ўсё жыццё шукаеш магчымасці, у цябе развіваецца крэатыўнасць. Вось таму я веру, што беларускія маркетолагі, калі не будуць баяцца шукаць шлях рэалізацыі сябе, заўжды будуць на высокім узроўні».