Футбольны трэнер «наехаў» на дзяржТБ: «Вы не падтрымліваеце «сваіх»
Часам матрыца дае збой — і тады здараюцца такія казусы: часткі лукашэнкаўскай сістэмы грызуць адна адну.
Унутры беларускай сістэмы вельмі любяць шукаць знешніх ворагаў, але перыядычна «рэжымнікі» без усялякага старонняга ўмяшання ідуць адзін на аднаго. Так, нядаўна дабрадзей «шахцёраў», АБФФ, ФХБ і іншага белспорту «Беларуськалій» падаў пазоў на лукашэнкаўскае Міністэрства гандлю. А гродзенская прапагандыстка Вольга Бондарава «наехала» на мясцовага кіраўніка лукашэнкаўскіх «сілавікоў», а па сумяшчальніцтве старшыню футзальнага «УУС-Дынама» Дзмітрыя Разянкова – а потым выбачалася, відавочна, таму, што яго пазіцыі ў рэжыме аказаліся мацнейшымі за яе.
26 чэрвеня падобнае здарылася і на футбольным узроўні, піша «Трыбуна». Сварку задумаў трэнер зборнай Беларусі Дзмітрый Раўнейка, які, як стала нядаўна вядома, атрымлівае на сваёй пасадзе касмічныя — па мерках сярэдняга беларуса — 7,5 тысяч еўра ў месяц да выплаты падаткаў. А не спадабаліся коўчу паводзіны супрацоўнікаў прапагандысцкай «Белтэлерадыёкампаніі». У чым яны правініліся? Усяго толькі не сталі проста хваліць усё рэжымнае адно на падставе «сваяцтва».
Атрымаўся амаль што скандал у прамым эфіры — а па ходзе член штаба Георгія Кандрацьева выдаў пару вельмі цікавых сентэнцый.
Раўнейка прыйшоў у студыю БТРК з калегам па штабе Паўлам Яўсеенкам, але той практычна не гаварыў. Затое трэнеры зборнай прынеслі відэа — не «пакаяльныя», а зусім наадварот. З дапамогай кадраў спрабавалі даказаць, што ў канцоўках абодвух мінімальна прайграных матчаў адбору да Еўра-2024 у браму супернікаў памылкова не прызначылі пенальці ад прарэжымных падпісантаў: з Румыніяй (1:2) — у эпізодзе з падзеннем Уладзіслава Клімовіча, з Ізраілем (1:2) — у момант, калі ўпаў Іван Бахар. Трэцім у відэашэрагу было прызначана ў браму Беларусі пенальці ў матчы з Косавам пасля фолу Арцёма Быкава. І вось гэты эпізод Раўнейка адназначна расцэньваў як памылку рэферы — гэта значыць, зноў дзеянні супраць беларускай каманды.
— Выдатна, што мы гэту гульню [з Косава] выйгралі. Нават судзейская памылка пры прызначэнні пенальці не паўплывала на вынік. Яны калі гулялі з Андорай, там ім з 20 пенальці такіх трэба было прызначыць, калі Мурыкі падаў. Я не магу абгрунтаваць нічым, чаму нам паставілі такое пенальці, — заявіў трэнер.
Але супрацоўнікі дзяржТБ былі не згодны (а Раўнейка, здаецца, глядзеў іх праграму і за тыдзень да свайго з'яўлення): тады спортпрапагандысты прыйшлі да высновы, што пенальці на Бахары ў матчы з Ізраілем, хутчэй, не было. Раўнейка ўспрыняў гэта як выпад супраць зборнай — і атрымаўся такі дыялог (прыводзім частку з невялікімі скарачэннямі), які пачаўся са своеасаблівага прывітання Аляксандру Анюкевічу ў мінулае.
Дзмітрый Раўнейка. Не паставілі нам пенальці з Румыніяй, якое было на 91-й хвіліне, калі там Клімовіча проста зносяць. Футбаліст потым з сіняй нагой ходзіць, а суддзя кажа, што нічога няма. Ну, я не ведаю. Можа, вы абгрунтуеце? Не ведаеце, не абгрунтуеце?
Ілля Бакай. Дык мы тады яшчэ казалі, што гэта пенальці.
Дзмітрый Раўнейка. Я ікажу, што трэба абгрунтаваць, чаму супраць нас [з Косавам] прызначаюць такое пенальці, чаму не прызначаецца ў вароты Румыніі пенальці. Калі з Ізраілем — вы абгрунтавалі: усё правільна, што супраць зборнай было зроблена. [З Косава, па-вашаму] пенальці правільна прызначылі. Тут [з Румыніяй] футбаліста б'юць — чаму гэта не пенальці, на ваш погляд, чаму не пенальці?
Ілля Бакай. Гэта пенальці. Ну, чаму [не паставілі] — памылка судзейская.
Дзмітрый Раўнейка. Памылка судзейская там. А ў наш судзяць бок?
Ілля Бакай. Я ж не судзіў.
Дзмітрый Раўнейка. Але вы ж кажаце «ўсё правільна», правільна? Вось як у сітуацыі з Бахарам. Правільна [суддзя вырашыў], вы кажаце?
Яўген Табула. Ну, мы кажам, што правільна [суддзя рашыў], а вы не згодны?
Дзмітрый Раўнейка. Вядома, не згодны. Такая ж, як з Мурыкі, сітуацыя. Нас судзяць так у гульні. І гэта яшчэ дадатковы мінус.
Тут узровень напружання падняў Бакай: супрацоўнік БТРК заявіў, што Мурыкі паказаў майстэрства, злавіўшы момант, каб упасці, а значыць, форвард касавараў — «прыгажунчык». Пасля гэтага Раўнейка зноў стаў спрачацца, але раптам выдаў пытанне зусім не па тэме пенальці. Гэта фраза наогул выпала з кантэксту. Чаму трэнер пра гэта ўспомніў, застаецца толькі здагадвацца.
— Чаму ў наш бок няма момантаў такіх? Гэта адбіваецца ўсё на выніку. Чаму ў наш бок няма такіх момантаў? Вы не адкажаце. У вас ёсць адказы, калі потым ужо, пасля моманту – мы ўсё прайшлі, мы разбіраемся. Але вось такіх пытанняў няма. Чаму нас славакі не хочуць прымаць у Славакіі? Чаму? — дапытваўся Раўнейка.
Супрацоўнікі БТРК прапусцілі апошнюю фразу міма вушэй, і дыялог у цэлым вярнуўся да абмеркавання пенальці. Але «Трыбуна» нагадвае, што ў адборы Лігі Нацый зборная Славакіі правяла хатнюю сустрэчу з Беларуссю ў Сербіі. А дырэктарка міжнароднага і арганізацыйнага аддзела Федэрацыі футбола Славакіі Ленка Газдзікава адкрыта заявіла, што прыняць у краіне зборную Кандрацьева «не дазваляе сусветная палітычная сітуацыя». Відавочна, што гаворка ідзе пра вайну ва Украіне, якая з 24 лютага працягваецца Расіяй з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі і пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Увогуле, пытанне Раўнейкі было «вогненебяспечным» для дзяржТБ — зразумела, чаму яго палічылі за лепшае не заўважыць.
А абмеркаванне пенальці ў выніку скацілася ў своеасаблівую гульню: Раўнейка чакаў прызнання, што яго каманду засуджваюць, але супрацоўнікі БТРК ад гэтага паспяхова адбіваліся. Далей яшчэ трохі прыгожага дыялогу (але ўсё-ткі са скарачэннямі), у якім Раўнейка не толькі наогул стаў адмаўляць сутнасць СМІ як такую – наўпрост абурыўся, што на дзяржТБ не «абараняюць сваіх».
Генадзь Салавей. Ну, гэта значыць, у гэтым ёсць нейкая канспіралогія, правільна? Сусветная змова?
Дзмітрый Раўнейка. Ну, вы ж не абмяркоўваеце гэта. < ... > Гэта кожны раз так суддзя памыляецца. І памыляецца заўсёды супраць нас.
Ілля Бакай. На вашу думку, Бахар — «зноў засудзілі». Мы лічым, не. Мы не бачым тут канспіралогіі. Памылкі арбітраў — так. А канспіралогію — не.
Дзмітрый Раўнейка. А ў трох матчах памылкі супраць нас, а ў іншы бок няма.
Яўген Табула. Гэта не ў нас трэба высвятляць, гэта пытанні да УЕФА і да іх арбітраў.
Дзмітрый Раўнейка. На УЕФА наогул ніякай крыўды. Проста вы абараняеце той бок і не абараняеце сваіх. Не абараняеце сваіх! < ... > Вы сядзіце, гаворыце пра 15 матчаў, пра 16 матчаў [без перамог]. Каго трэба здымаць, каго трэба прызначаць. Гэта ўплывае, гэтыя памылкі, ці не ўплывае?
Генадзь Салавей. Ва ўсім вінаваты суддзі, правільна?
Дзмітрый Раўнейка. Прычым тут «ва ўсім вінаваты»? Я кажу: моманты, якія ўплываюць на гульню. Вы гэта не абмяркоўваеце. Вы тут здымаеце трэнера, так. І потым у вас рашэнне пасля матча, як трэба гуляць. < ... > Увесь час кажаце, як трэба гуляць, правільна?
Генадзь Салавей. Пачакайце. Ліга Нацый — апошняе месца. У адборах мы, дзякуй богу, выйгралі першы раз за два гады. Дык а што казаць? Што рабіць?
Дзмітрый Раўнейка. Вы як бы не прафесіяналы ў той справе, правільна?
Супрацоўнікі БТРК наперабой. Мы заўзятары!
Дзмітрый Раўнейка. Я ніколі не кажу, як іншаму трэнеру іншай каманды трэба гуляць, каго яму трэба выпускаць. Але вы чамусьці лічыце, што гэта трэба так, трэба таго выпускаць, трэба гэта вось рабіць. Правільна? Ну, гэта ж не так. У вас няма бачання сітуацыі знутры, няма разумення.
Генадзь Салавей. Ці трэба нам хваліць каманду? < ... > У нас ёсць права крытыкаваць галоўнага трэнера зборнай, калі ён не выйграе два гады.
Дзмітрый Раўнейка. У вас не ў гэтым справа, што вы...
Генадзь Салавей. А ў чым?! Як думаеце, у нас, як у УЕФА, ёсць прадузятасць?
Дзмітрый Раўнейка. Няма кампетэнцыі і няма разумення.
Ілля Бакай. Ну, вы ўжо сышлі ў канспіралогію наконт таго, што нас засуджваюць. Але гэта няпраўда, гэта не так. Вось і ўсё. Выйгралі з Косавам па справе, гулялі з Ізраілем годна. Годна — ніхто з гэтым не спрачаецца. Тое, што «прыхопліваюць» суддзі, мы з вамі не згодны, вось і ўсё.
Дзмітрый Раўнейка. Вось я вам паказаў. Тры моманты ў трох гульнях.
Фёдар Прошкін. З Ізраілем арбітр не памыліўся. З Клімовічам [у гульні з Румыніяй] памыліўся.
Ілля Бакай. З Мурыкі [у матчы з Косавам] — 50 на 50. Адзін паставіць, іншы не. < ... > Гэта размовы на карысць бедных, што ай-яй-яй, нас засудзілі. Давайце кожны матч так гаварыць.