Знакамітая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка завяршае кар'еру ў спорце

Пра тое, што іх з баскетболам шляхі разыходзяцца, спартсменка напісала ў сваім інстаграме.

Алена Леўчанка. Фота: facebook.com

Алена Леўчанка. Фота: facebook.com


«Дарагі Баскетбол… Мы пазнаёміліся, калі мне было 10 гадоў. Гэта не было любоўю з першага позірку, але як толькі я зразумела, што гэта рэальна, мы былі неразлучныя 28 гадоў. Ты даў мару маладой дзяўчыне з маленькага горада ў Беларусі.
Мара з дзяцінства — гуляць у WNBA. Я ніколі не бачыла ніякіх гульняў і не ведала гульцоў. Я проста ведала, што менавіта там я хацела гуляць. І хаця большую частку часу мая мара здавалася людзям вар'яцкай і нерэалістычнай, для мяне яна была рэальнай і магчымай. Ніколі не мела значэння, што хтосьці думаў. Адна рэч, якой я навучылася ў цябе, заключаецца ў тым, што верыць у сябе — гэта ўсё, што табе трэба», — напісала Леўчанка.
Яна падзякавала за падтрымку сям'і, трэнерам, заўзятарам і — баскетболу:
«Баскетбол… Дзякуй, што выратаваў мяне, фармаваў мяне цягам майго жыцця, навучыў мяне стаяць і падымацца. Дзякуй за тое, што дазволіў мне ўбачыць свет, атрымаць сяброў і сувязі, за тое, што навучыў мяне, што быць спартсменкай важней за тое, каб проста займацца спортам. Я вельмі ўдзячная. Тут нашы шляхі разыходзяцца, але я ведаю, што аднойчы мы зноў сустрэнемся».
Алена Леўчанка была адной з падпісантак ліста спартсменаў супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары. Яна стала адным з твараў беларускага пратэсту і актыўна ўдзельнічала ў структурах беларускай салідарнасці. У верасні 2020 года яна адсядзела на Акрэсціна 15 сутак, пасля чаго з'ехала з краіны і падпісала кантракт з афінскім клубам «Panathinaikos». У 2021 годзе баскетбалістка распачала флэшмоб «#august2020voices», дзе вядомыя беларусы і беларускі зачытвалі на камеру гісторыі людзей, якія прайшлі праз турмы.
Паведамленне аб завяршэнні кар'еры Алена Леўчанка пракаментавала яе калега па баскетболе і грамадскай дзейнасці Кацярына Сныціна.
«Леніна майка нацыянальнай каманды пад нумарам 11 будзе вісець пад зводамі баскетбольнай арэны ў Свабоднай Беларусі!
Дзякуй, што была прыкладам паспяховай, упэўненай у сабе жанчыны, заўсёды ў лепшай фізічнай форме, з веданнем, чаго ты хочаш, як у жыцці, так і на пляцоўцы. Дзякуй, што адказвала на мільён маіх пытанняў «навошта, як і чаму», мільён пытанняў ад гульца, які ўсяго толькі на два гады за цябе маладзейшы, але адстаў у ведах на дзясятку.
Дзякуй за незлічоную колькасць успамінаў, момантаў, сумесных трэніровак, паездак і яркіх эмоцый. Ты была, ёсць і будзеш чалавекам, дзякуючы якому я ёсць той, хто я ёсць зараз. Гледзячы на цябе, я ведаю, што вера ў лепшае і ўпартая праца дапамогуць пераадолець усё і дамагчыся сваёй мэты!
Люблю цябе і вельмі ганаруся!», — напісала Сныціна.