30 гадоў «Будапэшцкай брахні»: як быў падпісаны скандальны мэмарандум
Будапэшцкі мэмарандум 1994 года быў нібыта прызначаны для пачатку новага разьдзелу чалавечай гісторыі аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі і аб міжнароднай бясьпецы. Пагадненьне, падпісанае Беларусьсю, Украінай, Казахстанам, Злучанымі Штатамі Амэрыкі, Вялікай Брытаніяй і Расеяй на сёньня пераўтварылася ў нішто.
Хто ініцыяваў падпісаньне?
Пасьля краху Савецкага Саюза ў 1991 годзе, на думку тагачасных палітыкаў, тысячы ядзерных боегаловак былі раскіданыя па Беларусі, Украіне і Казахстане. Відаць, захоўваньне ядзернай зброі ўяўлялася ў выглядзе нейкага кароўніка дзесьці там, дзе раней была «чырвоная Расея».
Злучаныя Штаты сталі галоўным ініцыятарам Будапэшцкага мэмарандума. Пры адміністрацыі прэзідэнта-дэмакрата Біла Клінтана ЗША імкнуліся ўмацаваць сваё лідэрства на дыпляматычным фронце пасьля халоднай вайны. Дзяржсакратар ЗША Ўорэн Крыстафэр і іншыя топавыя дыпляматы актыўна ўзаемадзейнічалі з кіраўніцтвам Беларусі ў асобе старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча, Украіны, якую прадстаўляў прэзідэнт Леанід Краўчук, і Казахстана ў асобе іх лідэра Нурсултана Назарбаева.
ЗША прапаноўвалі эканамічную дапамогу і гарантыі бясьпекі (запомнім і падкрэсьлім гэта!) для садзейнічаньня працэсу раззбраеньня. Злучаныя Штаты разглядалі Мэмарандум як чарговы крок ва ўмацаваньні Дамовы аб нераспаўсюджваньні ядзернай зброі.
Адміністрацыя расейскага прэзідэнта Барыса Ельцына імкнулася аднавіць уплыў Расеі на былыя савецкія рэспублікі, адначасова памяншаючы патэнцыйныя пагрозы ўласнай бясьпецы. Пагаджаючыся на Мэмарандум, Расея мела на мэце забясьпечыць цэнтралізацыю ядзернай зброі ў сваіх межах, фактычна замацаваўшы сваю стратэгічную перавагу. Што не было зразумела некаму ў 1994 – відавочна як двойчы два ў 2024 годзе.
Вялікая Брытанія адыграла хутчэй дапаможную ролю ў перамовах. Яны дзейнічалі сумесна са Злучанымі Штатамі, каб даць дадатковыя гарантыі дзяржавам, якія меліся раззброіцца. Урад брытанскага прэм'ер-міністра Джона Мэйджара разглядаў пагадненьне як сродак для ўзмацненьня ўплыву Захаду ва Ўсходняй Эўропе. Парадокс – заўважым мы сёньня, але тады падобная стратэгія разглядалася.
Правал быў відавочны?
Будапэшцкі мэмарандум быў не дамовай у клясычным разуменьні гэтага слова, а палітычным пагадненьнем. Ён прапанаваў "запэўніваньні", а не юрыдычна абавязковыя гарантыі.
Адсутнасьць абавязковых рамак стварыла шчыліну, якую Расея выкарыстала ў 2014 годзе, калі анэксавала ўкраінскі Крым і тэрыторыі на ўсходзе Ўкраіны, а пазьней і пашырыла сваю агрэсію ў 2022 годзе. Без мэханізмаў забесьпячэньня адказнасьці словы пагадненьня ператварыліся ў невыканальныя памкненьні, а не ў выканальныя абавязацельствы.
Як вядома, пашыраць тэорыі змовы ня варта, але заўважым, што ўсе асноўныя этапы адбыліся пры знаходжаньні Дэмакратычнай партыі ва ўладзе ў ЗША. У 1994 годзе гэта быў Біл Клінтан, 2014 год прайшоў пры «вялікай заклапочанасьці» Барака Абамы, ну а 2022 год стаў магчымым пры іншым дэмакраце – Джо Байдэне. Хтосьці адзначыць, што гэта проста супадзеньне. Але іншыя зьвернуць увагу на красамоўныя факты.
Адмовіўшыся ад сродкаў ядзернага стрымліваньня, Беларусь, Украіна і Казахстан цалкам аддалі сваю бясьпеку ў рукі дзяржаваў-гарантаў. Цікава, ці абароніць Вялікая Брытанія напрыклад Казахстан ад патэнцыйнага расейскага ўварваньня ў будучыні?
Яшчэ ў 1993 годзе палітоляг і эксперт па міжнародных адносінах Джон Міршаймер аргументаваў, што Ўкраіна (у дужках напэўна ён меў на ўвазе і Беларусь з Казахстанам – заўв. П.Х.) павінна захаваць ядзернае ўзбраеньне для прадухіленьня вайны з Расеяй, якая была б «катастрофай», якая можа прывесьці да новага заваяваньня Ўкраіны Расеяй і да парушэньня міру ў Эўропе. Паводле яго словаў, ядзерная зброя была б адзінай сур'ёзнай перашкодай расейскай агрэсіі.
З тэксту Будапэшцкага мэмарандума 1994 года:
Злучанае Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Злучаныя Штаты Амэрыкі і Расейская Федэрацыя пацьвярджаюць свае абавязацельствы ўстрымлівацца ад пагрозы сілай і яе ўжываньня супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці і палітычнай незалежнасьці Беларусі і Ўкраіны; ніякая іх зброя ніколі ня будзе выкарыстоўвацца супраць яе, акрамя мэт самаабароны або якім іншым спосабам у адпаведнасьці з статутам ААН.
Злучанае Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Злучаныя Штаты Амэрыкі і Расейская Федэрацыя пацьвярджаюць свае абавязацельствы ўстрымлівацца ад эканамічнага ціску, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам рэалізацыю Беларусьсю і Ўкраінай правоў, уласьцівых іх сувэрэнітэту.
Злучанае Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Злучаныя Штаты Амэрыкі і Расейская Федэрацыя пацьвярджаюць свае абавязацельствы дамагацца з боку Рады Бясьпекі ААН неадкладных дзеяньняў з мэтай наданьня дапамогі Беларусі і Ўкраіне, калі яны стануць ахвярай акту агрэсіі або аб’ектам пагрозы агрэсіі з ужываньнем ядзернай зброі.
Лукашэнка падпісаў гэты мэмарандум 5 сьнежня 1994 года. Подпісы астатніх фігурантаў таксама засталіся ў гісторыі.
Лепш позна, чым ніколі?
Прымаўка кажа адно, а жыцьцё паказвае, што бывае такое позна, што далей няма куды. У 2023 годзе чалавек, які быў галоўным ініцыятарам падпісанага Мэмарандума – былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан заявіў:
«Я адчуваю асабістую адказнасьць, таму што я прымусіў іх, Украіну, пагадзіцца адмовіцца ад ядзернай зброі. І ніхто зь іх (украінцаў – заўв. П.Х.) ня верыць, што Расея выканала б гэты трук, калі б ва Ўкраіны ўсё яшчэ была іх зброя», — сказаў Клінтан.
«Я ведаў, што прэзідэнт Пуцін не падтрымлівае пагадненьне прэзідэнта Ельцына аб тым, каб ніколі не ўмешвацца ў тэрытарыяльныя межы Ўкраіны. Калі яму стала зручна, прэзідэнт Пуцін парушыў гэта і спачатку забраў Крым. І мне гэта страшэнна, таму што Ўкраіна — вельмі важная краіна» - працягнуў былы амэрыканскі прэзідэнт.
Не прайшло і паўстагодзьдзя, як дадумаўся.