90 год прыходу Гітлера да ўлады. Дасье ў карыкатурах

30 студзеня 1933 года прэзідэнт Германіі Паўль фон Гіндэнбург прызначыў Адольфа Гітлера, лідара нацысцкай партыі, канцлерам. Як экзальтаванаму маргіналу-дэмагогу ўдалося стаць кіраўніком нямецкага ўрада, дапамогуць зразумець карыкатуры.

1_656.jpg

Як вядома, спачатку нацысцкі рух быў маргінальнай сектай. У прынцыпе сумнеўна, што групоўка Гітлера магла наогул палітычна выжыць без шэрагу вонкавых фактараў. Першая палова 1920-х гадоў у Германіі суправаджалася сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай нестабільнасцю. Паказальныя былі тэмпы тагачаснай інфляцыі нямецкай маркі, якая спакваля ператварылася ў гіперінфляцыю. Дзяржава не паспявала друкаваць новыя банкноты, бо старыя ўмомант абясцэньваліся.

У 1923-м грашовая маса папяровых марак павялічылася ў 130 тысяч разоў. Адна з самых вядомых карыкатур таго часу, на якой вынаходнік друкаркі Гутэнберг, назіраючы за тым, як шалёна друкуюцца грошы, кажа, што не вінаваты ў тым, што адбываецца.

Многія немцы звязвалі свае эканамічныя праблемы з рэжымам рэпарацый, якія былі накладзены краінамі Антанты на Германію па выніках Першай сусветнай. Усяго ад Германіі патрабавалі выплаціць 132 мільярды залатых марак. Гэта відавочна тармазіла аднаўленне краіны і, як вынік, не спрыяла палітычнай стабілізацыі. Мастакі тых гадоў любілі маляваць Германію як чалавека, задушанага санкцыямі.

2_609.png

Дапамагала нацыстам фармаваць структуры і папулярная сярод ветэранаў Першай сусветнай тэорыя «ўдару ў спіну». Паражэнне Германіі ў вайне і ўсе наступствы, на думку шмат каго, былі вынікам змовы, якую быццам арганізавалі сацыял-дэмакраты, камуністы і яўрэі. Гэтая тэма выяўлена на шматлікіх праварадыкальных пракламацыях таго часу.

3_543.jpg

Зрэшты, на першых этапах геаграфія дзейнасці нацыстаў абмяжоўвалася Баварыяй. Увагу ўсіх жыхароў Германіі партыя прыцягнула толькі ў лістападзе 1923 года, калі нацысты паспрабавалі гвалтоўна захапіць уладу. Няўдалы пераварот увайшоў у гісторыю як «Піўны путч». Яго арганізатарам прысудзілі адносна невялікія турэмныя тэрміны. У наш час мастакі бачаць той путч прыкладна так.

4_507.gif

Пасля вызвалення Гітлера партыя нацыстаў вяртаецца на сцэну, але яе поспехі былі вельмі сціплыя. Так, у 1928 годзе на выбарах у Рэйхстаг партыя атрымала менш за 3% галасоў. Аднак неўзабаве гітлераўцам дапамог сусветны эканамічны крызіс — Вялікая дэпрэсія.

У пачатку 1930-х гадоў у Германіі ўзніклі такія сур'ёзныя праблемы, як беспрацоўе, голад, галеча і адсутнасць даху над галавой для многіх грамадзян. Ураду Германіі не ўдавалася аператыўна рэагаваць на выклікі. У краіне не было палітычнага адзінства. З-за рознагалоссяў у парламенце магчымасць прымаць новыя законы адсутнічала. Многія немцы страцілі веру ў здольнасць старых партый выратаваць сітуацыю і наогул у дэмакратыю. Атмасферу безнайдзейнасці той эпохі праілюстраваў адзін з мастакоў. На яго малюнку ўсе спробы выцягнуць з дрыгвы воз з надпісам «Сусветная эканоміка» не эфектыўныя.

5_471.jpg

Затое пачалі набіраць папулярнасць радыкальныя палітычныя аб'яднанні, такія як нацысцкая і камуністычная партыі. Пры гэтым супрацьстаянне камуністаў і нацыстаў хутка выйшла за межы мірных парламенцкіх дэбатаў. Вуліцы нямецкіх гарадоў сталі арэнай вайны мілітарных партыйных структур і пагромаў. На гэтым малюнку Гітлер натхняе штурмавікоў, выконваючы «Гімн нянавісці».

6_349.jpg

На пачатку 1930-х гадоў папулярнасць нацысцкай партыі пачала расці. На парламенцкіх выбарах у ліпені 1932 года нацысты атрымалі 37% галасоў. Гэта найбольшы вынік сярод палітычных партый. У лістападзе 1932 года колькасць галасоў, аддадзеных за нацысцкую партыю, знізілася да 33%. Аднак і гэта быў найлепшы вынік сярод усіх.

Нядзіўна, што Гітлер настойліва запатрабаваў для сябе пасаду канцлера. Спачатку прэзідэнт Паўль фон Гіндэнбург адмаўляў яму. Але тут у справу ўмяшаліся некаторыя фракцыі буйной буржуазіі, якія пераканалі прэзідэнта пайсці на гэты крок. Яны хацелі скарыстацца папулярнасцю нацыстаў для сваіх мэт. Гэтыя людзі памылкова меркавалі, што змогуць кантраляваць Гітлера. Так ці інакш, 30 студзеня 1933 года Гіндэнбург прызначыў лідара нацыстаў кіраўніком урада. Вось як гэтую сцэну ўбачыў адзін з графікаў.

7_251.jpeg

Трэба сказаць, што прыход нацыстаў да ўлады спачатку ніякай панікі ў грамадстве не выклікаў. Некаторыя з апанентаў Гітлера нават віталі гэтую падзею. Яны спадзяваліся, што папулізм фюрэра хутка і відавочна пакажа сваю безгрунтоўнасць і расчаруе выбаршчыкаў. Але такія палітыкі жорстка памыліліся — падпал Рэйхстага ў лютым 1933-га зблытаў усе іх планы. Інцыдэнт стаў падставай для абмежавання нацыстамі грамадзянскіх свабодаў насельніцтва і пачатку правядзення рэпрэсій супраць нямецкіх камуністаў і сацыял-дэмакратаў. Іх ініцыятар Герынг нагадваў шмат каму мясніка (гл. малюнак ніжэй)

Краіна стала на шлях дыктатуры і ваенных авантур, якія ў 1945-м прывядуць яе да краху і падзелу. Наступныя дэмаратычныя агульнагерманскія парламенцкія выбары пройдуць толькі ў снежні 1990 года пасля аб'яднання ГДР з ФРГ.

8_168.jpg