ААН заявіла пра «надзвычайную кліматычную сітуацыю»
Ліпень 2019 года быў самым гарачым месяцам, а 2015-2019 гады, хутчэй за ўсё, стануць самымі гарачымі гадамі за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Пра гэта заявіў генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш, піша belsat.eu са спасылкай на службу навінаў ААН.
Выступаючы на саміце G7, Гутэрыш адзначыў, што ўзровень канцэнтрацыі вуглякіслага газу ў атмасферы дасягнуў найвышэйшай адзнакі за ўсю гісторыю чалавецтва. Ён нагадаў пра імклівае раставанне леднікоў у Грэнландыі. Толькі ў ліпені там растала 179 мільярдаў тон лёду. Адначасова пажары ў Сібіры, на Алясцы, у Канадзе, у Грэнландыі за палярным кругам і ў Амазоніі ў чэрвені і ліпені гэтага года прывялі да выкідаў дзясяткаў мегатон вуглякіслага газу ў атмасферу.
«Усё, што адбывалася, – гэта надзвычайная кліматычная сітуацыя. Сёння яна нашмат горш, чым у Парыжы [на момант прыняцця Парыжскага пагаднення па клімаце ў 2015 годзе – заўв.belsat.eu]. І навуковыя дадзеныя гэта пацвярджаюць. Як адзначаюць эксперты Міжурадавай групы па змяненні клімату, мы павінны ўтрымаць павышэнне тэмпературы ў межах 1,5 градусаў па Цэльсіі да канца стагоддзя, дасягнуць нулявога ўзроўню выкідаў вуглякіслага газу да 2050 года, на 45 працэнтаў скараціць выкіды парніковых газаў да 2030 года», – заявіў кіраўнік ААН.
Ён падкрэсліў, што краіны павінны прыкладаць больш намаганняў для выканання Парыжскага пагаднення. Многія з дадзеных у Парыжы абяцанняў па барацьбе са зменай клімату не выконваюцца, адзначыў Антонью Гутэрыш.