Вялікабрытанія. Клімат альбо дзеці?
Рэзананс выклікала інтэрв’ю прынца Гары выданню «Vogue», у якім ён заклікаў не нараджаць больш за двух дзяцей, каб выратаваць клімат.

Логіка зразумелая: чым больш людзей на планеце, тым горш для атмасферы, якая пакутуе ад спажывецтва людзей. Аднак грамадскасць у сваіх ацэнках словаў Гары падзялілася.
Некаторыя кажуць, што прынц прапануе занадта радыкальны рэцэпт. Змагацца за клімат можна інакш — праз свядомую адмову ад тураў у экзатычныя краіны, куды трэба ляцець самалётам. Або адмовіцца ад машыны на карысць ровару ці запісацца ў шэрагі вегетарыянцаў.
Тым не менш, ёсць у прынца і прыхільнікі. Яны спасылаюцца на вучоных, што правялі цікавыя разлікі. Паводле гэтых вынікаў, адмова ад нараджэння дзіцяці аўтаматычна скарачае выкіды ў атмасферу на 58,6 тон вуглякіслага газу — менавіта такую шкоду прычыняе клімату сярэднестатыстычны чалавек на працягу свайго жыцця. І гэта сапраўды вельмі значная лічба.

Прынц Гары і Меган Маркл з сынам Арчы. Фота з сайта hellomagazine.com
З іншага боку, заклік Гары тычыцца ў лепшым выпадку жыхароў
Захаду, дзе і так дэмаграфія кульгае. Таму адмова ад нараджэння дзяцей у той жа
Брытаніі наўрад ці кардынальна выпраць стан рэчаў.
Пасля інтэрв'ю Гары, які так арыгінальна клапоціцца пра экалогію, партал «Daily Mail» апублікаваў нататку з цікавымі фактамі: адзін толькі прыватны самалёт каралеўскай сям'і, які здзяйсняе палёт з Лондана ў Нью-Ёрк, выкідвае ў атмасферу столькі вуглякіслага газу, колькі жыхары некаторых краін вырабляюць за год.
Паводле брытанскай прэсы