Агонія культу асобы былога прэзідэнта. Дасье ў карыкатурах
«Sic transit gloria mundi» — так праходзіць мірская слава. Гэты выраз добра апісвае тое, што адбываецца сёння з экс-прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым. 10 студзеня ўчорашні абсалютны гаспадар краіны канчаткова ператварыўся ў таксічнага маргінала.
Назарбаеў узначальваў Казахстан амаль 30 гадоў: спачатку як кіраўнік кампартыі, а потым як прэзідэнт. Але ў прававым вымярэнні яго статус быў больш салідным, чым у звычайнага прэзідэнта ці партыйнага бонзы.
Яшчэ ў 2000 годзе быў прыняты закон «Аб Першым Прэзідэнце Рэспублікі Казахстан — Елбасы». Паводле яго, першы прэзідэнт Казахстана «з прычыны яго гістарычнай місіі» валодаў поўнай недатыкальнасцю. Ён таксама быў вызвалены ад адказнасці не толькі за свае дзеянні ў перыяд прэзідэнцтва, але і пасля зыходу з пасады. Маёмасць, якая належала як самому прэзідэнту, так і чальцам яго сям'і, іх рахункі былі таксама недатыкальныя.
Але і гэтага Елбасы аказалася мала. Пазней Назарбаеў сам сябе прызначыў на мноства пасад — ад лідара праўладнай партыі да кіраўніка Асамблеі народаў Казахстана. Захапленне Нурсултана разнастайнымі адміністрацыйнымі пасадамі даўно было тэмай для жартаў.
Прыкладна год таму сітуацыя пачала імкліва мяняцца. Пралогам перамен сталі студзеньскія пратэсты ў краіне. Іх арганізатары да гэтага часу не вядомыя. У любым выпадку, падзеямі ўдала скарыстаўся прэзідэнт Касым-Жомарт Такаеў, які на той момант выконваў хутчэй сімвалічныя функцыі.
Паколькі ўдзельнікі пратэстаў у тым ліку патрабавалі поўнага зыходу Назарбаева з палітыкі, 5 студзеня 2022 года Такаеў заявіў, што для стабілізацыі сітуацыі змяняе экс-прэзідэнта на пасадзе старшыні Савета Бяспекі. Фактычна Такаеў скарыстаўся пратэстамі, каб пазбавіцца ад былога патрона. Адзін з мастакоў наступным чынам адлюстраваў тонкую гульню Такаева.
«Дэелбасізацыя» (так назвалі казахстанцы збавенне ад культу асобы Назарбаева) хутка рушыла. Ужо 26 студзеня 2022 года дэпутаты верхняй палаты парламента Казахстана адмянілі пажыццёвае старшынства Нурсултана Назарбаева ў Асамблеі народа Казахстана і Савеце бяспекі.
Неўзабаве згадалі і пра сваякоў Назарбаева, многія з якіх займалі цёплыя месцы ў кіраўніцтве краіны. Чальцоў сям'і Назарбаева сталі таксама пазбаўляць гэтых пасад. 2 сакавіка парламент на пленарным пасяджэнні зацвердзіў складанне дэпутацкіх паўнамоцтваў старэйшай дачкі экс-прэзідэнта Дарыгі Назарбаевай. Яшчэ нядаўна гэта была ўсемагутная жанчына, якую нават разглядалі як пераемніка Елбасы. Мясцовыя мастакі віталі падзенне клана Назарбаева тэматычнымі карыкатурамі.
Наступная сімвалічная падзея адбылася 19 верасня 2022 года. У гэты дзень уступіў у сілу Указ прэзідэнта Казахстана аб перайменаванні сталіцы краіны з Нур-Султана назад у Астану. Зрэшты, Указ рыкашэтам ударыў па яго аўтары. Менавіта з ініцыятывы Такаева Астана стала Нур-Султанам у 2019-м. Тады многія, у тым ліку і карыкатурысты, іранізавалі над тым, як Такаеў спрабуе дагадзіць Назарбаеву.
Пасля гэтага працэс ужо нельга было спыніць. Пачаўся дэмантаж помнікаў Назарбаеву і перайменаванне вуліц і аб'ектаў, названых у яго гонар. У казахстанскім сегменце інтэрнэту шмат удалых жартаў наконт краху культу Елбасы.
І вось у гісторыі культу Назарбаева, падаецца, пастаўлена фінальная кропка. 10 студзеня казахстанскі Сенат зацвердзіў праўкі ў «Закон аб першым прэзідэнце». Цяпер экс-Елбасы, які пазбаўляецца ўсіх прывілеяў, можа задавольвацца толькі сціплай прысутнасцю (нават без права выступу) на сумесных пасяджэннях парламента, інаўгурацыйных мерапрыемствах і дзяржаўных святах.
Знікла і юрыдычная сцяна, якая абараняла рахункі і маёмасць Назарбаева і яго сям'і. Некаторыя ягоныя сваякі, дарэчы, ужо прысуджаныя да турэмных тэрмінаў і канфіскацыі маёмасці.
Нурсултана Абішэвіча ад турмы цяпер ратуе хіба толькі артыкул, які забараняе судзіць экс-гаранта. Але непадсуднасць захоўваецца з агаворкай — «за выключэннем выпадкаў здзяйснення дзяржаўнай здрады». І, дарэчы, не выключана, што ў дзеяннях Елбасы сапраўды знойдуць прыкметы гэтага злачынства. Справа ў тым, што акрамя «дэелбасізацыі» Такаеву прад'явіць народу пакуль няма чаго.
Так ці інакш, Назарбаеў як палітык фактычна выключаецца з публічнага поля. Цяпер па статусе ён амаль звычайны пенсіянер, што ўжо адзначылі мастакі.