Казахстан скасаваў «візаран» — гэта закране і беларусаў

Казахстан зрабіў больш жорсткімі правілы знаходжання ў краіне без візы, змены закрануць рускіх і беларусаў. Цяпер замежнікі з краін ЕАЭС — у тым ліку беларусы ды рускія — змогуць прабыць у Казахстане без візы да 90 дзён на межах 180-дзённага перыяду. Па новых правілах, тэрмін знаходжання ў краіне нельга абнуліць, калі выехаць з яе і тут жа вярнуцца назад.

Фота з сайта www.rosbalt.ru

Фота з сайта www.rosbalt.ru

Казахстан з 26 студзеня робіць больш жорсткімі правілы ўезду і знаходжання ў краіне замежнікаў без візы. Адпаведная пастанова ўрада апублікавана на афіцыйным партале прававых актаў у аўторак, 17 студзеня, паведамляе «Нямецкая хваля».

Па новых правілах, грамадзяне краін Еўразійскага эканамічнага саюза, у які ўваходзіць і Расія з Беларуссю, змогуць знаходзіцца ў Казахстане без візы да 90 дзён на межах 180-дзённага перыяду. Для замежнікаў з іншых краін, на якіх таксама распаўсюджваецца бязвізавы ўезд, гэты тэрмін абмяжоўваецца 30 днямі. У выпадку невыканання закона парушальнікам адмовяць ва ўездзе ў краіну.

Новае ў правілах тое, што іншаземец больш не зможа абнавіць тэрмін знаходжання ў Казахстане, выехаўшы з краіны і адразу ж вярнуўшыся назад.


Пасля абвяшчэння ў Расіі мабілізацыі ў Казахстан з'ехала больш за 400 тысяч расіян

МУС Казахстана патлумачыла, што імігранты, якія знаходзяцца ў краіне і хочуць «абнавіць» тэрмін знаходжання шляхам перасячэння мяжы, могуць гэта зрабіць да 27 студзеня. Для працяглага знаходжання ў Казахстане замежніку неабходна аформіць дазвол на часовае пражыванне — і пазначыць мэту прыбыцця.

Пасля абвяшчэння мабілізацыі ў Расіі ў верасні мінулага года вялікая колькасць расіян з'ехала ў Казахстан, каб пазбегнуць адпраўкі на вайну ва Украіну. Паводле даных Камітэта міграцыйнай службы МУС Казахстана, у верасні ў краіну ўехала 406 тысяч грамадзян РФ, прычым вялікая іх частка — з 21 па 30 верасня. Калі да гэтага ў суткі ў сярэднім мяжу перасякала 8-9 тысяч расіян у дзень, то ў канцы верасня сярэднясутачны прыток з РФ дасягаў 30 тысяч чалавек, паведаміла выданне «Tegrinews». У кастрычніку міграцыйны паток з Расіі стабілізаваўся і ў канцы года не перавышаў 6-7 тысяч чалавек у дзень.