Алег Сянцоў уганараваны прэміяй Сахарава «За свабоду думкі»
Украінскі рэжысёр Алег Сянцоў, асуджаны ў Расіі на 20 гадоў па абвінавачванні ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Крыме, стаў лаўрэатам прэміі Сахарава "За свабоду думкі". Пра гэта паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода ў Брусэлі.
Сянцоў быў намінаваны на прэмію Сахарава самай буйной палітычнай фракцыяй Еўрапарламента — Еўрапейскай народнай партыяй. Яе прадстаўнікі адзначылі, што "дэ-факта Сянцоў асуджаны за свой пратэст супраць расійскага праўлення ў Крыме", а таксама за тое, што "ён стаў сімвалам прыкладна 70 украінскіх грамадзян, незаконна арыштаваных і асуджаных расійскімі ўладамі на Крымскім паўвостраве да працяглых тэрмінаў пазбаўлення волі".
Адвакат Сянцоў Дзмітрый Дынзе заявіў, што яго падабаронны зможа даведацца пра тое, што стаў лаўрэатам прэміі, толькі з ліста кагосьці з родных ці знаёмых, які можа ісці два тыдні. У гутарцы з каналам "Настоящее время" Дынзе выказаў надзею на тое, што прэмія Сахарава дазволіць "расхістаць і разбурыць" сцяну, у якую "ўпёрся" працэс абмену Сянцова.
Стрыечная сястра ўкраінскага рэжысёра Наталля Каплан у гутарцы з Радыё Свабода выказала надзею на тое, што сённяшняе рашэнне Еўрапарламента "дапаможа самому Алегу трымацца і ведаць, што пра яго не забыліся".
Цырымонія ўручэння прэміі адбудзецца ў Страсбургу 12 снежня — на пленарнай сесіі парламента. Яе грашовы памер складае 50 тысяч еўра.
У розныя гады прэмію Сахарава атрымлівалі: Нэльсан Мандэла, «Рэпарцёры без межаў», а таксама расійскія праваабаронцы, у тым ліку «Мемарыял» і Людміла Аляксеева. У 2004 годзе прэмію атрымала Беларуская асацыяцыя журналістаў, а ў 2006 — былы кандыдат у прэзідэнты Беларусі Аляксандар Мілінкевіч.
У 2018 годзе лаўрэаты прэміі Сахарава Дэніс Муквеге і Надзя Мурад атрымалі і Нобелеўскую прэмію міру, піша Meduza.
Алег Сянцоў адбывае пакаранне ў расійскай калоніі ў горадзе Лабытнангі ў Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе. 14 траўня ён абвясціў галадоўку з патрабаваннем вызваліць усіх украінскіх палітвязняў з расійскіх турмаў. Аднак вымушаны быў спыніць яе праз 145 дзён у сувязі з пагрозай прымусовага кармлення.