Еўрадэпутат: Сянцоў лепш за ўсіх адпавядае крытэрам прэміі Сахарава

Заўтра, 25 кастрычніка, у Еўрапарламенце выберуць лаўрэата прэміі Сахарава. Сярод трох намінантаў — украінскі кінарэжысёр Алег Сянцоў.

tsn.ua

tsn.ua

Еўрадэпутат Эдуард Кукан патлумачыў DW, чаму прэмію трэба даць Сянцову.
Канферэнцыя старшыняў Еўрапарламента ў чацвер, 25 кастрычніка, назаве імя лаўрэата прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі», якая ўручаецца штогод. Траіх кандыдатаў — украінскага кінарэжысёра Алега Сянцова, мараканскага палітычнага актывіста Насер Зефзафі і няўрадавыя арганізацыі, якія ратуюць мігрантаў у Міжземным моры, — выбралі ў кастрычніку камітэты Еўрапарламента па замежных справах і па развіцці. Галасаванне было таемным, так што ступень падтрымкі кожнага з кандыдатаў грамадскасці невядомая.
Алега Сянцова на прэмію Сахарава намінавала найбуйнейшая фракцыя Еўрапарламента — Еўрапейская народная партыя (ЕНП). Сянцоў зараз адбывае тэрмін у расійскай калоніі ў горадзе Лабытнангі за арганізацыю тэракту. Ён вытрымаў 145-дзённую галадоўку ў знак пратэсту супраць гэтага прысуду. Еўрапарламент называе рэжысёра палітвязнем, разам з каля 70 іншымі ўкраінцамі ў Расіі і ў Крыме. Еўрадэпутат ад Славакіі Эдуард Кукан, які прадстаўляў сваім калегам кандыдатуру Сянцова, патлумачыў DW, чаму прэмію Сахарава варта даць менавіта ўкраінскаму кінарэжысёру.
DW: Растлумачце, чаму фракцыя ЕНП абрала Алега Сянцова сваім кандыдатам на прэмію Сахарава.
Эдуард Кукан: У фракцыі спантанна паўстаў настрой, што Сянцоў — лепшы кандыдат. Наогул, было нават два незалежных вылучэнні яго кандыдатуры — мной і калегам Міхаэлем Галерам. Наша рашэнне грунтуецца на думцы, што Сянцоў лепш за ўсіх адпавядае крытэрам прэміі — за свабоду думкі.
Ён прадэманстраваў мужнасць падчас вельмі цяжкай сітуацыі, калі Крым анэксавалі ў парушэнне міжнароднага права. Ён адкрыта выказваў сваё меркаванне, што гэта для яго непрымальна. І тое, за што яго асудзілі, выклікае вялікія сумневы.

З падтрымкай яго кандыдатуры атрымалася пагадзіцца ўсім членам ЕНП за выключэннем, калі я не памыляюся, шведскіх калегаў. Мы вельмі рады, што калі галасаванне праходзіла ў двух камітэтах Еўрапарламента — па замежных справах і па развіцці, то Алег Сянцоў атрымаў больш за ўсё галасоў, прычым з адрывам. І зараз канферэнцыя старшыняў будзе вырашаць. Я думаю, аб'ектыўна ім варта прыняць да ўвагі колькасць галасоў, атрыманых кожным кандыдатам. Зрэшты, той, хто атрымаў больш за ўсё галасоў у камітэтах, не абавязкова атрымлівае прэмію. Але мы цвёрда верым, што Сянцову прысудзяць прэмію.
— Сянцоў праводзіў галадоўку з траўня па кастрычнік — усяго 145 дзён. Скажыце, ці лічыце вы, што дзякуючы свайму мірнаму супраціву Сянцоўужо не проста палітвязень, а сімвал барацьбы супраць несправядлівых прысудаў?
— Несумненна! Сваімі дзеяннямі ён прадэманстраваў, што сапраўды з'яўляецца сімвалам таго, што нельга мірыцца з уладай, якая стараецца зламаць волю і палітычныя перакананні. За яго барацьбой сочаць многія па ўсім свеце. Я ведаю, што ў маёй краіне, Славакіі, ёсць шмат людзей, асабліва моладзі і студэнтаў, якія будуць сачыць за ім, якія выказваюць яму сімпатыю і палітычную падтрымку.
— Які сігнал падало б прысуджэнне Сянцову прэміі Сахарава?
— Калі ён стане лаўрэатам, гэта будзе азначаць магутны сігнал усяму свету, што людзі турбуюцца пра яго. І ўсе іншыя, хто думае свабодна, будуць натхняцца яго прыкладам і тым фактам, што яму прысудзілі прэмію. Вельмі важна, што ён пратэстуе мірным шляхам. А таксама тое, што абвясціў галадоўку пратэсту, дамагаючыся не свайго вызвалення, а іншых асоб.
З таго часу, як я разумею, кагосьці выпусцілі з турмы (так, у жніўні быў вызвалены ў Расіі і вярнуўся ва Украіну актывіст Аляксандр Кастэнка. — Рэд.). Тое, што такім чынам можна выступаць супраць брутальнага прыгнёту, — гэта толькі ўзмацняе сігнал, які падаецца людзям. І гэта робіць тое, што адбываецца з Сянцовым, чымсьці вялікім і больш важным, чым проста адзінкавы выпадак.
— І само вылучэньне кандыдатуры Сянцова, і магчымае атрыманне ім прэміі — ці паспрыяе гэта яго вызваленню?
— Мне б вельмі хацелася спадзявацца на гэта. Расія проста не можа ігнараваць тое, што адбываецца вакол Алега Сянцова. Калі яму прысудзяць прэмію Сахарава, калі выступы людзей у многіх краінах у яго падтрымку працягнуцца, то, я думаю, гэта можа стварыць больш спрыяльную сітуацыю для яго вызвалення.
— Было ўжо вельмі шмат заклікаў вызваліць Сянцова. Але мы ўсе ведаем характар ​​прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Можа, было б больш эфектыўна ў дадзеным выпадку спрабаваць вызваліць украінскага рэжысёра з дапамогай «ціхай дыпламатыі»?
— Вельмі добрае пытанне. Я думаю, эфектыўным будзе спалучэнне абодвух (шляхоў. — Рэд.). Вядома, з такімі рэжымамі і людзьмі, як Уладзімір Пуцін, часам лепш прытрымлівацца шляху «ціхай дыпламатыі». Але я думаю, што міжнародныя заклікі да вызвалення Сянцова сталі настолькі маштабнымі, што такі ціск будзе вельмі цяжка спыніць або знізіць. Але калі той ці іншы палітык пры сустрэчы з Пуціным — у дадатак да такога ціску — згадае альбо будзе настойваць на гэтым (вызваленні Сянцова. — Рэд.), то гэта зробіць магчымасць яго вызвалення больш рэалістычнай.
DW