Зміцер Паліенка на волі!

Палітвязня вызвалілі з бабруйскай калоніі сёння раніцай і вывезлі на машыне хуткай дапамогі.

Зміцер Паліенка пасля вызвалення ў Мінску. Фота Радыё Свабода

Зміцер Паліенка пасля вызвалення ў Мінску. Фота Радыё Свабода

Ля калоніі Змітра збіраліся сустрэць родныя, сябры, паплечнікі, але гэтым планам перашкодзіла адміністрацыя ўстановы.
«Выпусцілі ў чатыры гадзіны раніцы. Вывезлі машынай хуткай дапамогі, а потым на перакладных везлі да Асіповічаў. Там пасадзілі на электрычку, і цяпер ён вярнуўся ў Мінск», — распавяла сяброўка Змітра Паліенкі Марына Насенка.

img_8971.jpg

Сустрэча палітвязня ў Мінску. Фота з фэйсбука Сяргея Спарыша 
Зміцер Паліенка — сацыяльны актывіст з Мінска. Нагодай для крымінальнага пераследу стаў яго ўдзел у мірным сходзе “Крытычная маса”, які адбываўся 29 красавіка 2016 года ў Мінску і быў гвалтоўна спынены міліцыяй.
12 кастрычніка 2016 года судом Цэнтральнага раёна Мінска прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 364 Крымінальнага кодэкса (гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў) і часткай 2 артыкула 343 КК (выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару). Паводле прысуда, Паліенка быў прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады.
7 красавіка 2017 года судом Заводскага раёна Мінска адменена адтэрміноўка выканання пакарання, і актывіст быў накіраваны ў папраўчую калонію для адбыцця пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1,5 гады (з улікам часу ўтрымання пад вартай да суду ў 2016 годзе).
Праваабаронцамі Зміцер Паліенка прызнаны палітвязнем.