Апошні Мундыяль у гісторыі?
Чым бліжэй да футбольнага чэмпіянату ў Расіі, тым больш спекуляцый наконт таго, што гэта будзе апошні Мундыяль у гісторыі.
Сярод іншых мерапрыемстваў падчас Кубку свету–2018 будзе абвешчана краіна (або краіны), якая атрымае права прымаць турнір у 2026-м. Між тым, шмат спартовых экспертаў лічаць, што абіраць гаспадара чэмпіянату зарана. Як мінімум трэба пачакаць заканчэння спаборніцтваў у Расіі. На іх думку, у час гэтага чэмпіянату з’явіцца каскад акалічнасцяў, праз якія трэба будзе мяняць фармат спаборніцтваў. Песімісты лічаць, што па выніках Мундыялю ўвогуле будзе ўзнятае пытанне, ці ёсць сэнс далей праводзіць гульні па цяперашняй мадэлі і пад патранажам Федэрацыі футбольных асацыяцый (FIFA).
Якія падставы для падобнага скепсісу? Перш за ўсё, цяперашнія турніры FIFA цалкам супярэчаць прынцыпам тых, хто прыкладна сто гадоў таму прыдумаў Кубак свету. Шакаваныя наступствамі Першай Сусветнай вайны тагачасны кіраўнік FIFA Жуль Рымэ і яго калегі спадзяваліся з дапамогай футболу аб’яднаць нацыі, якія нядаўна бязлітасна ваявалі. Аднак сёння мы маем не свята міжнароднага сяброўства, а нейкі атракцыён карупцыі, пляцоўку для дэманстрацыі геапалітычнай моцы, знявагу інтарэсаў простых грамадзян.
Гісторыя Чэмпіянату свету ў Расіі з’яўляецца ў гэтым плане амаль эталонам. Краіна стала арганізатарам турніру на фоне буйной карупцыйнай аферы з удзелам вышэйшага кіраўніцтва FIFA. Сам факт арганізацыі і правядзення турніру выкарыстоўваецца ў расійскіх СМІ для рэкламы поспехаў рэжыму Пуціна, яго міжнароднага аўтарытэту. Амаль не хаваецца, што чэмпіянат стаў сродкам узбагачэння часткі эліты, якая актыўна пілавала бюджэт пад будаўніцтва спартовых аб’ектаў.
Сітуацыя робіцца яшчэ горшай праз такі невядомы на Захадзе феномен, як кодэкс расійскага чыноўніка. Свежы прыклад — скандал вакол вулічных сабакаў, якіх FIFA патрабавала прыбраць у гарадах, дзе пройдуць матчы турніру. Міністэрства спорту РФ у свой час абвясціла тэндар на спецыяльныя боксы, куды планавалася пасадзіць жывёл на час чэмпіянату. Тэндар правялі, грошы засвоілі, а пра сабакаў узгадалі толькі зараз — напярэдадні адкрыцця Мундыялю. Паколькі лавіць барбосаў часу ўжо няма, у ход ідзе ежа з транквілізатарамі, якую даюць жывёлам. Пасля іх дастаўляюць у боксы, дзе яны часта паміраюць. І гэта яшчэ гуманны варыянт. Калі верыць брытанскай прэсе, там-сям сабак проста адстрэльваюць.
На сабаках скандалы не скончацца. Ужо зараз відавочна, што на час турніру ў Расіі будуць абмежаваныя грамадзянскія правы і свабоды. Не пазбегнуць скандалаў з украінскімі вязнямі ў турмах РФ, пытанне якіх актыўна ўздымае Кіеў.
Сярод заўзятараў, напэўна, будуць прадстаўнікі сексуальных меншасцяў, якія паспрабуюць праявіць на трыбунах салідарнасць з расійскімі геямі.
Наўрад ці абыдзецца без міжнародных дэмаршаў — з улікам цяперашняга статусу Расіі на Захадзе. Тамтэйшая жоўтая прэса ўжо падагравае нацыяналістычны псіхоз, спажыўцы якога, безумоўна, пабачаць у правале сваёй каманды помсту «жудаснага» Пуціна. Падчас турніру непазбежныя бойкі фанатаў, якія, верагодна, будуць самымі вялікімі ў гісторыі. Прынамсі фанаты шэрагу краінаў адпраўляюцца ў Расію як на фронт. У сваю чаргу, расійскія фанаты, вядомыя сваімі расісцкімі поглядамі, гарантуюць скандалы на глебе ксенафобіі.
Але і гэта яшчэ не мяжа. Пасля Расіі Чэмпіянат свету будзе прымаць Катар, дзе дасюль у пэўных формах захавалася рабства. Прычым ужо вядома, што тыя рабы і будавалі аб’екты футбольнай інфраструктуры. А гісторыя хабару, які шэйхі далі FIFA за права прымаць турнір, — амаль даведзены факт.
І на гэтым праблемы ў сусветнага футболу не спыняцца. Усё больш плётак пра тое, што чэмпіянат свету 2026-га чыноўнікі FIFA плануюць аддаць Марока. Прычым, падаецца, мараканская адміністрацыя ўжо ўлічыла памылкі расійскіх чыноўнікаў, і перад тым, як пачаць лабіяваць правядзенне чэмпіянату, банальна забіла ўсіх вулічных сабакаў. Перафразуючы вядомы афарызм, няма сабакаў — няма праблемаў.
«Ці трэба працягваць падобныя эксперыменты з футболам?» — пытаюць некаторыя спартовыя каментатары на Захадзе. На іх думку, самы час заснаваць новы турнір. Аматары перазагрузкі сусветнага футболу лічаць, што для гэтага можа быць дастаткова заявы кіраўніцтва футбольных асацыяцый самых вялікіх зборных свету: Германіі, Бразіліі, Францыі, Аргенціны і Іспаніі.
Праўда, аргументы іх апанентаў гучаць не менш моцна. На іх думку, мае месца рамантызацыя мінулых чэмпіянатаў свету, якія таксама цяжка назваць ідэальнымі. Дастаткова ўзгадаць Мундыялі ў фашысцкай Італіі (1934) або ў Аргенціне ў 1978-м, калі ў краіне панавала вайсковая дыктатура. Турнір у Бразіліі 2012-га дасюль адгукаецца жыхарам бедных кварталаў, чые будынкі былі знішчаныя пад будаўнічыя пляцоўкі гатэляў і стадыёнаў. Гісторыя не ведае турніраў, якія абыходзіліся без скандалаў з судзействам і штучнай палітызацыяй. І заўжды пасля іх заканчэння ў прэсе агітавалі за новую мадэль спаборніцтваў. Аднак пераможцы пра гэта і слухаць не жадалі.
Але нават тыя, хто не верыць у хуткую рэформу Кубка свету, прызнаюць — будучы чэмпіянат у Расіі сапраўды фенаменальны: яшчэ ніколі за ўвесь час правядзення турніру яму не пагражала так шмат адмоўных фактараў. Нейкі з іх здольны справакаваць інцыдэнт такога маштабу, што зробіць дэбаты пра новую формулу Кубка свету папросту непазбежнымі.