Асанж хоча стаць сенатарам

Першыя крокі створанай Джуліянам Асанжам партыі WikiLeaks Party сапсавалі яго імідж паслядоўнага дэмакрата і абаронцы прынцыпаў празрыстасці ў палітыкі. Але не пазбавілі яго мары стаць сенатарам.



a4625074de6a613986fbf1096c142bfc.jpg

Джуліян Асанж мае аўстралійскі пашпарт. І хаця з ліпеня 2012 года ён хаваецца ў пасольстве Эквадора ў Лондане ад пераследу шведскіх уладаў (у Швецыі Асанжа абвінавацілі ў замахах на згвалтаванне), паводле аўстралійскіх законаў ён мае права ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны.

Яшчэ ў студзені Асанж заявіў пра намер стаць сенатарам Аўстраліі ад штату Вікторыя. Ён лічыць, што ў парламенце яго радзімы патрэбна прысутнасць «асамблеі палітычных актывістаў, якая будзе ў стане абараняць публічныя інтарэсы». Такую праблему, на яго думку, можа вырашыць новая партыя WikiLeaks.

На момант абвяшчэння ідэі пра стварэнне новай партыі ў Асанжа ўжо было шмат прыхільнікаў сярод аматараў вольнага інтэрнэту, сяброў лявацкіх арганізацый. Шмат простых аўстралійцаў таксама сімпатызуюць суайчынніку. Адпаведна апытанням, якія былі праведзеныя ў красавіку, патэнцыйна каля 23 працэнтаў аўстралійцаў былі гатовыя галасаваць за партыйны спіс Асанжа, калі б ён быў створаны.

Сярод людзей, маладзейшых за 30 гадоў, гэта лічба ўвогуле складае 36 працэнтаў. У Аўстраліі папулярная думка пра тое, што абвінавачанні ў замахах на згвалтаванне шведак — папросту помста спецслужбаў розных краін на адрас Асанжа. Адпаведна, у партыю Асанжа на цяперашні момант запісалася дзве тысячы чалавек. Адначасова нават агучваецца ідэя стварэння падобнай партыі ў іншых краінах.

Аўстралія — не Беларусь, кожнае аб’яднанне грамадзян тут рэгіструюць вельмі хутка. Ідэю стварэння партыі Асанж агучыў у студзені, а ўжо ў сакавіку партыя атрымала рэгістрацыю. Выбары ў аўстралійскі Сенат, які складаецца з 76 сябраў, прызначаныя на 7 верасня. Партыя WikiLeaks выстаўляе сваіх кандыдатаў у трох штатах.

Адзін з галоўных пунктаў праграмы, з якой прыхільнікі Асанжа балатуюцца ў Сенат, можа падацца забаўным: журналіст — аўтар публікацыі, мае права не ўказваць крыніцу інфармацыі свайго матэрыялу. Аднак, магчыма, гэта звязана з асаблівасцямі журналістыкі ў Аўстраліі. Тут 98 працэнтаў СМІ належаць тром карпарацыям, якія, натуральна, звязаныя з палітычным істэблішментам. Асанж прапануе стварыць новы вольны медыя-рэсурс, які падарве пазіцыі манапалістаў на рынку СМІ.

Увогуле, паводле праграмы, партыю WikiLeaks можна смела аднесці да партый левага накірунку. Напрыклад, WikiLeaks асуджае кантакты аўстралійскіх сілавікоў з ЦРУ і ФБР. Больш за ўсё ў праграмных дакументах гаворыцца пра неабходнасць празрыстасці прыняцця палітычных рашэнняў, прычым на самым высокім адміністратыўным узроўні. Шмат увагі надаецца інтэрнэту. Натуральна, у выпадку перамогі сенатары ад партыі WikiLeaks будуць патрабаваць, каб аўстралійскі МЗС вырашыў праблему заснавальніка партыі і гарантаваў яму бяспеку.

Партыя, якая ўпершыню ідзе на выбары, адразу гучна заявіла пра сябе. Аднак цяпер большасць прадстаўнікоў грамадскасці крытыкуе аўтара праекту WikiLeaks.

Справа ў тым, што адзін з філіялаў партыі агучыў ідэю кааліцыі з дзвюма партыямі праварадыкальнага накірунку. Непасрэдна партыя збіраецца блакавацца ў штаце Новы Паўднёвы Уэльс з нацыяналістычным аб’яднаннем «Australia First» («Аўстралія перш за ўсё») і папулістамі з партыі «Shooters and Fishers» («Паляўнічыя і рыбакі»). Зроблена гэта было ў адпаведнасці з мясцовымі законамі пра выбары, паводле якіх кожная партыя павінна вызначыць дзве найбольш ідэйна блізкія да сябе палітычныя структуры. У такім выпадку, калі WikiLeaks Party апярэдзіць па выніках галасавання нацыяналістаў і паляўнічых-рыбакоў, то галасы, пададзеныя за тыя партыі, аўтаматычна прыплюсуюцца да здабытку партыі Асанжа.

Але электарат такую тактыку не зразумеў. «Australia First» выступае за тое, каб скончыць з мультыкультурнай палітыкай і цалкам забараніць іміграцыю. Джым Салем, лідар партыі — былы неанацыст, які паспеў у 1980-х гадах пасядзець за кратамі за напад на аўстралійскі філіял Афрыканскага Нацыянальнага Кангрэсу.

«Shooters and Fishers» бачыць у спробах абмежавання палявання і лоўлі рыбы праяву змовы феміністак. Быццам, забіваць жывёл і вудзіць рыбу — гэта натуральны рэфлекс мужчынаў. Таму частка Аўстраліі павінна быць зарэзерваваная на тое, каб прадстаўнікі моцнага полу маглі заўсёды задавальняць патрэбы ў гэтых занятках. Цяпер аўстралійскі ўрад усё большай колькасці тэрыторый надае статус рознага кшталту запаведнікаў і паркаў.

Самі фанаты заснавальніка WikiLeaks у пошуках апраўдання спасылаюцца на ўстаноўку — новая партыя не павінна ствараць кааліцыі з партыямі мэйнстрыму і павінна шукаць падтрымку ў падобных да сябе малых партыях. «Кандыдаты не павінны быць палітыкамі», — тлумачыў Джуліян падчас адной са шматлікіх скайп-канферэнцый.

Такі выбар WikiLeaks Party шмат каго расчараваў. Галоўнымі сімпатызантамі Джуліяна Асанжа ў Аўстраліі былі левыя. Яны нават віталі стварэнне новай палітычнай структуры ў надзеі на тое, што яна зможа разбурыць двухпартыйную сістэму (Аўстраліяй даўно ўжо кіруюць па чарзе лейбарысты і лібералы).

Напрыклад, вельмі шмат акцый у падтрымку заснавальніка WikiLeaks правёў Скот Лудлам, адзін з лідараў мясцовых Зялёных. У спецыяльнай заяве абураныя Зялёныя нават заклікалі ўсіх левых выбаршчыкаў галасаваць супраць Асанжа.

У прынцыпе, казаць пра тое, што WikiLeaks цалкам сябе дыскрэдытавала сярод сваіх патэнцыйных выбарцаў левых поглядаў рана. Аднак сам факт супярэчнасцей поглядаў актыву партыі на яе задачы вельмі непрыемны.

Усё гэта падобна на працэсы ўнутры рознага кшталту «партый піратаў», якія ствараюць апошнім часам прыхільнікі вольнага інтэрнэту. Іх заявы пра неабходнасць стварэння празрыстых партструктур вельмі падобныя на словы Джуліяна. «Партыя будзе камбінацыяй лакальных лідараў, якія маюць моцныя кантакты ў грамадскім руху і, адпаведна, падтрымку з яго боку. Партыя стане дэцэнтралізаванай структурай без рознага кшталту апаратчыкаў. Партыя павінна быць празрыстай, антыкарупцыйнай і ідэалагічна адзінай», — кажа Асанж.

Аднак, як сведчыць пірацкі вопыт, ідэя празрыстасці — рэч занадта абстрактная. Пад штандарамі «піратаў» можа збірацца хто заўгодна, нават фашысты. Такая ідэалагічная салянка прыводзіць да ўнутранай канфрантацыі, што заканамерна псуе рэйтынг партыі.

Праўда, як дэманструе вопыт тых жа «піратаў» у Германіі, каб разабрацца ў прыродзе новых партый, людзям патрэбны час. Таму першыя выбары WikiLeaks цалкам можа выйграць. Але шмат чаго тут будзе залежыць ад таго, ці дапусцяць на выбары самога Джуліяна Асанжа, паколькі ён не жыў апошнім часам на радзіме столькі, колькі патрабуе мясцовае выбарчае заканадаўства для ўдзелу ў выбарах. Спіс кандыдатаў у сенатары павінен быць агучаны да канца жніўня.