Беларуска ў Польшчы: Яны лічаць, што мы выйшлі, памахалі кветачкамі — і гэта быў увесь наш супраціў

Уцячы ад пераследу ў Беларусі, пачаць уладкоўваць жыццё за мяжой і сутыкнуцца з новымі праблемамі праз тое, што твая родная краіна стала агрэсарам. Беларуска, якая з’ехала ў Польшчу, распавяла пра новую рэальнасць, якую прынесла ўцекачам з Беларусі вайна Расіі супраць Украіны.

photo_2022_03_30_14_47_54.jpg


«Ехалі з думкай, што трошкі пабудзем і вернемся»

Гісторыя сям’і Кацярыны, якая цяпер жыве ў Польшчы, падобная на гісторыі дзясяткаў беларускіх сем’яў, чыё жыццё карэнным чынам змянілася пасля падзей 2020 года. А потым — яшчэ раз, пасля нападу Расіі на Украіну ў лютым 2022-га.
Кацярына шчасліва і спакойна жыла з мужам у Беларусі, пяць гадоў таму сышла ў дэкрэт, нарадзіла дачку. Калі прыйшоў час выходзіць на працу, здарылася першая хваля каронавіруса, і жанчына вырашыла не рызыкаваць здароўем, таму на працу так і не выйшла.
Муж Кацярыны працуе ў ІТ-сферы. Калі надышоў жнівень 2020-га года, ён не мог застацца ўбаку ад падзей, якія адбываліся ў краіне. Удзельнічаў у мірных маршах пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў і гвалту, і, як вынік, трапіў пад палітычны пераслед.
— Ён проста мірна выходзіў на вуліцу, не быў ніякім арганізатарам, — распавядае Кацярына. — Калі быў марш у Курапаты (1 лістапада 2020 года. — НЧ), яго затрымалі. Тады на ўсіх, каго бралі, заводзілі крымінальныя справы. Ён некалькі дзён прабыў у ІЧУ Жодзіна, потым яго адпусцілі. Нібыта збіраліся нават справу закрываць, але дома ў нас прайшоў ператрус, і пасля гэтага мужа зноў забралі дні на тры на Акрэсціна. Потым мяне выклікалі на допыт.
Пасля такога ціску сям’я вырашыла, што заставацца далей у Беларусі рызыкоўна і вырашылася на ад’езд. Вось ужо паўгода, як Кацярына з мужам, маленькай дачкой і двума катамі, якіх забралі з дому, жыве ў Польшчы.
— На той момант Польшча давала візы айцішнікам, плюс мова досыць блізкая да беларускай, — тлумачыць Кацярына выбар краіны. — Канешне, мы ехалі з думкай, што трошкі тут пабудзем і вернемся дадому, усё зменіцца.

Прынцыпова не здаюць жыллё беларусам

Суразмоўца зазначае, што ў эміграцыі літаральна на кожным кроку даводзіцца сутыкацца з праблемамі рознага ўзроўню.
— Ты эмігрант, і ў цябе менш правоў, чым у іншых людзей, якія тут жывуць. Калі заканчваюцца візы, трэба далей неяк легалізавацца. Дзяржаўныя органы запытваюць дакументы, задаюць пытанні, і пастаянна прысутнічае адчуванне, што табе скажуць «не». І табе з гэтым давядзецца нешта рабіць — ці вяртацца, ці падавацца на міжнародную абарону. У другім выпадку ты больш за паўгода знаходзішся без пашпарта і не маеш права працаваць — а трэба неяк здымаць кватэру і нечым харчавацца. Яшчэ складана было знайсці кватэру, бо з катамі ніхто не хоча здаваць — мы тры тыдні шукалі варыянты, гэты час жылі на часовых арэндных кватэрах. Хаця мы ехалі з інфармацыяй, што ў Польшчы ўсе любяць хатніх жывёл. Плюс тут высокі кошт арэнды — у Мінску ў нас увогуле гэтае пытанне не стаяла, бо ў нас свая кватэра.
Кацярына распавядае, што аднаго ката яна ўзяла ў валанцёраў, ён глухі, яму каля 10 гадоў. Другога падабрала ў сакавіку мінулага года, ён быў зусім быў малюсенькі і без часткі задняй лапы — па словах ветэрынараў, траўматычная ампутацыя.
— Пашанцавала, што ў катоў былі прышчэпкі, не трэба было чакаць месяц пасля першай прышчэпкі ад шаленства, хутка змаглі чыпіраваць і зрабіць пашпарты. Старэйшы перанёс дарогу добра, нерваваўся толькі ў новых кватэрах, чужыя пахі, усё чужое. Малодшы цяжка пераносіць дарогу, крычыць увесь час, прыйшлося паіць кацінымі антыдэпрэсантамі, з імі супакойваецца хаця б на час. У кватэры, якую арандуем зараз, абжыліся дастаткова хутка, дапамаглі парады мясцовага ветэрынара — купілі спецыяльныя каціныя ферамоны і тыдзень імі карысталіся, — дзеліцца досведам суразмоўца.
Таксама было складана ўладкаваць дачку ў дзіцячы сад, бо няма месцаў — давялося шукаць прыватны садок. Але, гаворыць жанчына, хоць праблем тут шмат, ты іх вырашаеш і адчуваеш, што гэта не праблемы твайго жыцця ці тваёй свабоды, якія ёсць у Беларусі. Таму атрымаць душэўны спакой у Польшчы ўдалося.
Але напад Расіі на Украіну 24 лютага гэты спакой парушыў.
— З’явіліся рызыкі, што ўвядуць новыя санкцыі, і мы проста не зможам тут жыць. Напрыклад, закрыюць банкаўскі рахунак. Плюс магчымыя нейкія няправільныя дзеянні з боку Беларусі, і тады будзе яшчэ большае абвастрэнне, у тым ліку з боку мясцовых (у дачыненні да беларусаў. — НЧ). Да таго ж зараз вельмі шмат бежанцаў, і калі яны апалчацца на нас, будзе некамфортна.
У той жа час, зазначае Кацярына, асабіста яна не сутыкалася з хейтам і дыскрымінацыяй паводле нацыянальнай прыкметы.
— Я пра такое толькі чула. Нас тут вялікія групы беларусаў у розных гарадах. Я ведаю, што цяпер самая вялікая праблема — знайсці жыллё, таму што людзі прынцыпова не здаюць жыллё беларусам. Працадаўцы таксама адмаўляюць беларусам. Часам паказваюць непрыстойныя знакі на адрас кіроўцаў, якія ездзяць на беларускіх нумарах. Мамы расказваюць пра праблемы ў школе: хлопчыкі з Украіны пачынаюць біцца з хлопчыкамі з Беларусі. І калі гэта адбываецца за межамі школы, настаўнікі не могуць гэта кантраляваць.

Палякі і ўкраінцы збольшага не ведаюць пра сітуацыю ў Беларусі

Па словах Кацярыны, гарадскія ўлады імкнуцца суцішыць канфліктныя сітуацыі.
— У нас быў зварот мэра наконт таго, што трэба адрозніваць улады ад народа, і што людзі, якія прыехалі ў Польшчу, выступалі акурат супраць уладаў і супраць вайны. Але ўсё роўна гэта мае мала значэння, бо не ўсе гэты зварот бачылі. Можна звярнуцца ў цэнтр па расізме, але яны кажуць: «Мы нічога не можам зрабіць. Не здаюць вам кватэру — і мы не можам прымусіць да гэтага».
Кацярына дзеліцца яшчэ адным непрыемным адкрыццём: палякі аказаліся зусім не ў курсе беларускай сітуацыі, таго, што ў нас адбывалася, большасці з іх ні пра што не кажа бел-чырвона-белы сцяг. Тое ж самае тычыцца і людзей, якія прыязджаюць з Украіны.
— Яны лічаць, што мы мірна выйшлі, памахалі кветачкамі — і гэта быў увесь наш супраціў. І гэта ў лепшым выпадку. У горшым — яны ўвогуле не разумеюць, што адбывалася. Таму што гэта іншая краіна, і ім усё роўна.
Кацярына стараецца ў асабістых гутарках з палякамі і ўкраінцамі распавядаць ім пра сітуацыю ў Беларусі. Але часта ёй даводзіцца чуць папрокі, маўляў, чаму вы не ўзялі вілы і сякеры і не пайшлі ў агрэсіўную атаку.
— Я не ведаю, што сказаць у адказ на «вы не справіліся з сітуацыяй». Бо, на мой погляд, выйсці з голымі рукамі і сказаць «я зараз усіх парву» — нейкі дзіўны варыянт.
Як можна вырашыць праблему антыбеларускіх настрояў у свеце? Кацярына ў гэтым сэнсе вельмі спадзяецца на дзейнасць Святланы Ціханоўскай.
— Яна павінна размаўляць з кіраўнікамі (міжнародных структур. — НЧ), каб не пайшлі санкцыі супраць беларусаў. Бо пытанні з банкамі, закрыццём рахункаў, нявыдачы ВНЖ для нас крытычныя. А ўсё астатняе, мясцовыя сваркі, вырашацца з часам. Тлумачэнні, артыкулы ў газетах — я бачу, што пакрысе яны з’яўляюцца, і большасць мясцовага насельніцтва рэагуе адэкватна.
Пакуль жа сям’я Кацярыны, як і дзясяткі ці нават сотні іншых беларускіх сем’яў у эміграцыі, знаходзіцца ў «падвешаным стане». Няма ніякай пэўнасці наконт будучыні, невядома, куды аддаваць дзіця, у якой школе ці ў якой краіне яму давядзецца вучыцца ў бліжэйшы час.
— Польшча — прыгранічная краіна, яна таксама пад ударам, і калі што — яна будзе першая (з тых, хто падвергнецца атацы. — НЧ), — гаворыць суразмоўца.
Пакуль што яна не мае спадзеву на тое, што сітуацыя ў Беларусі і свеце хутка нармалізуецца.
Фота з архіва гераіні