Біблейскія філістымляне аказаліся сваякамі старажытных еўрапейцаў

Генетычнае даследаванне, праведзенае групай навукоўцаў з Германіі, ЗША і Паўднёвай Карэі, пацвердзіла сваяцкія сувязі філістымлян, якія засялялі Блізкі Усход ў II-I тысячагоддзях да нашай эры, са старажытнымі насельнікамі Грэцыі і іншых краін поўдня Еўропы.

philist.jpg

Паходжанне філістымлян, якія з’явіліся на Блізкім Усходзе ў канцы XIII — пачатку XII стагоддзя да н. э., застаецца незразумелым. Найбольш надзейнай лічыцца гіпотэза, што звязвала іх з пеласгамі — дагрэчаскім насельніцтвам Грэцыі, а прыход іх у Палестыну ў дадзеным выпадку прызнаецца часткай шырокага ланцуга міграцый бронзавага веку, адлюстраванага ў старажытнаегіпецкіх крыніцах як прыход «народаў мора». З пеласгамі філістымлян аб’ядноўвае падабенства некаторых прадметаў матэрыяльнай культуры, навукоўцы таксама адзначаюць магчымае сваяцтва грэцкага этноніма Πελασγοί і старажытнаяўрэйскай назвы філістымлян. Зараз гэтая гіпотэза атрымала пацверджанне дзякуючы палеагенетыкам.
У 2016 годзе падчас раскопак горада Ашкелон, дзе філістымляне жылі да захопу горада Вавілонскім царом Навухаданосарам II у 604 годзе да н. э., былі выяўленыя могілкі з парэшткамі прыкладна 150 чалавек, косткі якіх падыходзілі для здабывання ДНК. Былі абраныя дзесяць шкілетаў, ДНК якіх было атрымана з костак унутранага вуха і зубоў. Секвенаванне генома было прааналізаванае па 1,24 млн. аднонуклеатыдных палімарфізмаў ядзернай ДНК.
Самыя старажытныя рэшткі — тры шкілеты людзей, якія жылі 3500–3700 гадоў таму, не адрозніваліся генетычна ад мясцовых насельнікаў. Але чатыры іншых, датаваных пяццю стагоддзямі пазней, атрымалі ў спадчыну ад 25% да 70% сваёй ДНК ад старажытных насельнікаў паўднёвай Еўропы, паказаўшы найбольш блізкае сваяцтва з жыхарамі Грэцыі, Сардзініі і Пірэнэйскага паўвострава. Астатняя частка іх геному была мясцовай, што азначае змешванне перасяленцаў з карэннымі жыхарамі. Тры пакінутых шкілеты, чый узрост яшчэ на дзвесце гадоў меншы, зноў генетычна адпавядалі карэнным насельнікамі Блізкага Усходу. Па словах палеагенетыка Яганэс Краўзэ (Johannes Krause), да таго часу колькасць змяшаных шлюбаў стала занадта вялікай, і гэта размыла генетычную спадчыну еўрапейскіх народаў. У далейшым даследчыкі плануюць сабраць больш генетычнага матэрыялу старажытных жыхароў Еўропы, што дазволіць ім дакладней вызначыць  шляхі міграцый.
Паводле Pro Science