Бітва нейрасетак. Дасье ў карыкатурах
У свеце штучнага інтэлекту нарадзілася чарговая сенсацыя — DeepSeek. Гэта назва і нейрасеткавай мадэлі, і кампаніі, якая яе выпускае. У снежні і студзені DeepSeek прадставіла дзве новыя мадэлі і заторкнула аналагічную нейрасетку ад OpenAI. Пры гэтым, у дадатак, ChatGPT — мадэль платная, а DeepSeek дае шмат бясплатных спроб.
Ніхто такога ад кітайцаў не чакаў. Сюрпрыз ад Кітая пракаментаваў вядомы мастак Дэвід Гранунд.
Папулярнасць DeepSeek адразу стала прычынай «чорнага панядзелка» для акцый шэрагу амерыканскіх ІТ-кампаній — больш за ўсіх пацярпела Nvidia і праект OpenAI. Пры гэтым на навучанне DeepSeek кітайскія спецыялісты патрацілі непараўнальна менш грошай, дый яшчэ і праводзілі яго ва ўмовах амерыканскіх тэхналагічных санкцый. Пагроза, якую нясе кітайская нейрасетка, сімвалам якой з'яўляецца сіні кіт, для адной з амерыканскіх IT кампаній, тэма малюнка.
У ЗША ўжо абмяркоўваюць: ці не прайгралі яны бітву нейрасетак? Некаторыя карыкатурысты малююць гэтае супрацьстаянне ў выглядзе аўтамабільных гонак: у той час як Сі Цзіньпін ездзіць на гоначным аўтамабілі, Дзядзька Сэм перасоўваецца на нейкай старой калымажцы.
Фурор DeepSeek стаў асабістым ударам па іміджы Дональда Трампа. У студзені Трамп абвясціў пра запуск ініцыятывы Stargate: OpenAI, Oracle і SoftBank дамовіліся інвеставаць 500 млрд долараў у інфраструктуру для развіцця штучнага інтэлекту. І тут жа ЗША «прамаргалі» прарыў Кітая. Адзін з мастакоў наступным чынам адлюстраваў канфуз Дональда.
Многія ўжо параўноўваюць эфект DeepSeek з эфектам запуску «Спутніка-1» ў СССР у 1957-м годзе. Для амерыканцаў, якія верылі ў абсалютную перавагу сваёй сістэмы ва ўсіх абласцях, гэта стала шокам. На адной з карыкатур тых часоў Хрушчоў намаляваны ў выглядзе пераможцы на фоне спадарожніка ў небе.
Выглядае на тое, што гісторыя паўтараецца. Адна з нейрасетак ужо графічна адлюстравала супрацьстаянне ЗША і КНР у барацьбе за лідарства ў сферы штучнага інтэлекту.