Першы тыдзень Трампа 2.0. Дасье ў карыкатурах

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у першы ж тыдзень на пасадзе падпісаў «рэкордную» колькасць указаў і прадэманстраваў фантастычную актыўнасць.

Уласна карыкатурысты яшчэ да афіцыйнага ўступлення Трампа на пасаду прэзідэнта праракалі пачаткі новай эры. Адзін з французскіх графікаў параўнаў выхад Трампа на працэдуру інаўгурацыі з выхадам на сусветную арэну.

photo_2025_01_26_21_26_56.jpg

І аўтар карыкатуры не памыліўся. Трамп сапраўды энергічна ўзяўся за справу. Найперш ён пачаў рэвізію спадчыны дэмакратаў. Цяпер спецыяльным указам прэзідэнта ўрад ЗША прызнае толькі дзве «нязменных» пола: мужчынскі і жаночы. Такая катэгарычная заява аднаму мастаку нагадала запаведзі Майсея.

photo_2025_01_26_21_26_25.jpg

На ўнутраным фронце Трамп пачаў барацьбу з так званай «глыбіннай дзяржавай» — нібыта існуючая скаардынаваная група не абіраных дзяржаўных служачых, якія ўплываюць на дзяржаўную палітыку без аглядкі на дэмакратычна абранае кіраўніцтва. У рамках гэтай кампаніі былі апублікаваны архівы пра забойствы братоў Кенэдзі і Марціна Лютэра Кінга. Фішка ў тым каб кінуць цень на ЦРУ, ФБР — частку «глыбіннай дзяржавы», якія нібыта датычныя да гэтых замахаў. Зрэшты, еўрапейская прэса лічыць, што забойцы таго ж Джона Кенэдзі хутчэй падобныя да Трампа. Малюнак з брытанскай газеты The Guardian.

photo_2025_01_26_21_26_32.jpg

Займалася новая адміністрацыя і нелегаламі. Мігранты — цяпер званыя «чужынцамі» — высылаюцца назад ужо на мяжы, а іміграцыйныя агенты атрымалі свабоду атакаваць бальніцы, школы і цэрквы ў пошуках людзей для дэпартацыі. Праўда, самі дэпартацыі забуксавалі з-за нежадання тых жа краін Лацінскай Амерыкі прымаць самалёты з мігрантамі, якіх высылаюць са Штатаў. Вашынгтону гэта, зразумела, не падабаецца. Мастакі ўжо прадчуваюць хуткую сутычку мексіканскага і амерыканскага арлоў (арлы намаляваныя на гербах і Мексікі, і ЗША).

photo_2025_01_26_21_26_35.jpg

Будзе горача, здаецца, не толькі ў адносінах з Мексікай. Трамп яшчэ раз пацвердзіў намер «аджаць» Панамскі канал у Панамы і Грэнландыю ў Даніі. Тэматычны малюнак які, як думаецца, не патрабуе тлумачэнняў.

photo_2025_01_26_21_26_38.jpg

Дзякуючы новаму гаранту TikTok атрымаў адтэрміноўку ад прымусовага закрыцця ў ЗША як праект звязаны з кітайскай разведкай. Тое, што TikTok не прыкрылі разглядаюць як флірт Трамп з Кітаем або як спробу самаму набыць папулярную сацыяльную сетку. «Я зраблю прапанову ад якой нельга адмовіцца» кажа Трамп на гэтым малюнку ў стылі Хроснага бацькі.

photo_2025_01_26_21_26_40.jpg

Ну і нарэшце з вобласці экстравагантнага. Трамп паспеў нават заняцца тапанімікай. Гара Дэналі на Алясцы зноў будзе называцца гарой Мак-Кінлі ў гонар аднаго з прэзідэнтаў ЗША. Зрэшты, магчыма гэта яшчэ не канчатковая назва. Мастак адной з газет не сумняваецца, што ў выніку тую ж гару Мак-Кінлі перайменуюць у гару імя Трампа.

photo_2025_01_26_21_26_44.jpg

Усё пералічанае —  гэта маленькая частка з таго, што зрабіў ці заявіў Трамп за першы тыдзень сваёй другой кадэнцыі. Калі ён будзе і далей працаваць у такім рытме, то неўзабаве свет мы сапраўды не пазнаем.