Бітва за Саламонавы Выспы. Дасье ў карыкатурах

У свеце завязваецца новы вузел геапалітычных супярэчнасцей. Іх цэнтрам становіцца экзатычная дзяржава Саламонавы выспы, размешчаная ў далёкай-далёкай Акіяніі.

1_558.jpg


Краіна Саламонавы Выспы ўяўляе сабой ланцуг з сотняў выспаў, якія ляжаць на ўсход ад Папуа-Новай Гвінеі ў Ціхім акіяне, яе насельніцтва — каля 700 000 чалавек. Многія людзі ў свеце да гэтага часу з цяжкасцю прадстаўляюць яе геаграфічнае размяшчэнне. Інакш сёння ў многіх выданнях не публікаваліся такога кшталту карты (гл. малюнак вышэй).
Наогул Саламоны Выспы рэдка трапляюць у топ сусветных навін. Апошні раз такое здарылася, напэўна, напачатку 2000-х, калі краіна сутыкнулася з этнічнымі беспарадкамі. Рэагуючы на ​​пагрозы, тагачасны прэм'ер-міністр Манасе Сагавары звярнуўся да Аўстраліі па дапамогу. На Саламонавы Выспы прыбылі ваенныя і паліцэйскія сілы Аўстраліі, Новай Зеландыі і некалькіх краін Акіяніі. Яны аднавілі парадак і раззброілі баевікоў плямёнаў.
Прайшло амаль два дзесяцігоддзі. Сагавары да гэтага часу кіруе краінай. Аднак два гады таму ягоныя геапалітычныя прыярытэты рэзка змяніліся. Ён вырашыў разарваць даўнія дыпламатычныя адносіны з Тайванем і аслабіць кантакты з Аўстраліяй на карысць Пекіна. Адзін з мастакоў — прыхільнік такога кроку, паспрабаваў растлумачыць гэта з дапамогай графікі. На яго малюнку аўстраліец адмаўляецца дапамагаць абарыгенам, бо яны мусілі падумаць пра свае праблемы самі.

2_520.jpg

Сапраўдная інфармацыйная бомба ўзарвалася 19 красавіка 2022 года, калі на прэс-канферэнцыі ў Пекіне прадстаўнік МЗС КНР паведаміў, што Кітай падпісаў пагадненне аб бяспецы з Саламонавымі Выспамі. У адпаведнасці з пагадненнем, Кітай можа ў тым ліку накіроўваць паліцыю і свае войскі ў гэтую краіну. Акрамя таго, кітайскія ваенныя караблі могуць спыняцца ў мясцовых гаванях. Гэта абазначае каласальны ўздым ролі КНР у паўднёвай частцы Ціхаакіянскага рэгіёна. У інтэрнэце шмат карыкатур на тэму пашырэння ўплыву Кітая ў свеце. Адзін з мастакоў параўнаў кітайскі імперыялізм з васьміногам.

3_463.jpg

Безумоўна, першай дамовай паміж КНР і Саламонавымі Выспамі абурылася Аўстралія, якая даўно асцерагаецца дамінавання Кітая ў сябе па суседстве. Канбера ўжо зрабіла некалькі заяваў наконт пагрозы кітайскага вайсковага фарпоста ў Ціхім акіяне. Наогул тэма кітайскай пагрозы ў Аўстраліі не новая. Часцяком гэта выліваецца ў адкрытыя ксенафобскія кампаніі. Напрыклад, аўстралійскія медыя сцвярджалі, што вірус COVID-19 быў распрацаваны ў лабараторыях КНР для знішчэння аўстралійцаў перад кітайскім уварваннем. Тэматычная карыкатура часоў нядаўняй пандэміі.

4_430.jpg


Кітай у сваю чаргу разглядае з'яўленне базы на Саламонавых Выспах як лагічны адказ на нядаўняе стварэнне ваеннага антыкітайскага блока AUKUS з удзелам Штатаў, Англіі і Аўстраліі. Менавіта назва гэтага блока значыцца на дакуменце, які на адной з кітайскіх карыкатураў трымае кенгуру (сімвал Аўстраліі). Пры гэтым кенгуру абураецца дамовай паміж КНР і Саламонавымі Выспамі.

5_397.jpeg


Згаданы вышэй пакт ад 19 красавіка занепакоіў не толькі суседнюю Аўстралію, але і Злучаныя Штаты. Пасля таго, як Аўстраліі не ўдалося пераканаць Саламонавы Выспы сарваць пагадненне аб бяспецы з Кітаем, высокапастаўленыя афіцыйныя асобы ЗША нават намякнулі, што прэвентыўна могуць акупаваць вотчыну Манасе Сагавары. Зрэшты, эксперты лічаць, што амерыканцы хутчэй за ўсё будуць дзейнічаць рукамі аўстралійцаў. Субардынацыя ў стасунках Вашынгтона і Канберы аднаму з мастакоў нагадала адносіны паміж Дон Кіхотам і Санча-Панса.

6_283.jpg


Зрэшты, да адкрытага канфлікту наўрад ці так хутка дойдзе. У сучасным свеце войны, як правіла, спачатку вядуцца з дапамогай прапаганды. Будуць прыцягнуты да яе і карыкатурысты. Прыкладам таму — свежая брытанская карыкатура аб кітайскай ваеннай прысутнасці на Саламонавых Выспах. Адзін з яе персанажаў канстатуе, што «кітайцы прыйшлі, каб абараніць нас ад нас саміх жа».

7_199.jpg