Блогер, выдадзены Беларуссю Азербайджану, асуджаны на тры гады турмы

Суд Баку пакараў блогера Аляксандра Лапшына, грамадзяніна Расіі і Ізраіля, трыма гадамі пазбаўлення волі. У Азербайджане ён абвінавачваўся ў наведванні Карабаха без ўзгаднення з азербайджанскімі уладамі.

_96933673_lapshin.jpg

Па рашэнні суда, Лапшын будзе адбываць зняволенне ў турме агульнага рэжыму.

Як паведаміў Бі-бі-сі адвакат Лапшына Эдуард Чэрнін, суд выключыў з абвінавачання артыкул пра заклікі да антыдзяржаўных дзеянняў. «Суд досыць аб'ектыўна падышоў. Тое, што мы прасілі выключыць — хоць бы 50% — ён выключыў. Гэта таксама нямала», — сказаў ён.

За што

Лапшына затрымалі ў Мінску ў 16 снежня 2016 года па запыце Азербайджана, дзе той знаходзіўся ў «чорным спісе». 7 лютага 2017 года, насуперак пярэчанням Масквы, ён быў экстрадаваны ў Баку.

Блогер трапіў у «чорны спіс» Азербайджана з-за таго, што ў 2011 і 2012 гадах ездзіў у Карабах, не атрымаўшы дазвол азербайджанскіх уладаў. Такім чынам, палічылі ў Баку, ён парушыў палажэнні законаў «Аб дзяржаўнай мяжы Азербайджанскай рэспублікі» і «Аб пашпартах».

Нягледзячы на тое, што асобам з «чорнага спісу» забаронены ўезд у Азербайджан, у чэрвені 2015 года блогер заехаў у краіну праз Грузію, скарыстаўшыся украінскім пашпартам. Пасля гэтага ў дачыненні да яго была распачата справа па артыкулах «адкрытыя заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы» і «незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы».

Заклікі, накіраваныя супраць дзяржавы, азербайджанскія ўлады ўгледзелі ў запісах блогера ад 6 красавіка і 29 чэрвеня 2016 года: Лапшын выказаўся за незалежнасць самаабвешчанай Нагорна-Карабахскай рэспублікі

Разгляд справы Лапшына пачаўся 30 чэрвеня. На першым пасяджэнні блогер заявіў, што яго паездкі ў Карабах насілі турыстычны характар і не мелі палітычнага падтэксту. Сваёй віны па вылучаных абвінавачванняў ён не прызнаў.

У мінулую пятніцу пракурор запатрабаваў прысудзіць блогера да 6,5 гадоў пазбаўлення волі.

Беларускі след

Нагадаем, Лапшына затрымалі ў Мінску 15 снежня мінулага года. Жонка Лапшына тут жа звярнулася ў амбасады і МЗСы ўсіх дзяржаў, грамадзянінам якіх ён з'яўляецца. Але амаль месяц консулаў да яго не дапускалі. Толькі 13 студзеня ізраільскія дыпламаты змаглі пабачыцца з Лапшыным. Яны пераканалі яго напісаць ліст з выбачэннямі на імя Ільхама Аліева і перадалі гэты ліст калегам з азербайджанскай амбасады. Яшчэ праз два дні Лапшына наведалі супрацоўнікі амбасады Расіі ў Мінску.

17 студзеня міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў на прэс-канферэнцыі ў Маскве заявіў, што Расія і Ізраіль катэгарычна супраць экстрадыцыі іх грамадзяніна Лапшына. У той жа дзень увечары генеральная пракуратура Беларусі прыняла рашэнне аб экстрадыцыі. Лапшын і яго адвакаты абскардзілі рашэнне ў Мінскім гарадскім судзе. 26 студзеня гарадскі суд пакінуў рашэнне аб экстрадыцыі ў сіле, і заставаўся яшчэ Вярхоўны суд.

Адвакаты Лапшына пасля пасяджэння падалі ў МУС заяву аб прадстаўленні яму дадатковай абароны. У выпадку, калі чалавек не просіць прадставіць яму статус бежанца, але мае асцярогі, што ў краіне выправаджэння яму можа пагражаць небяспека, ён мае права звярнуцца за дадатковай абаронай. Яе прадстаўленне ў кампетэнцыі МУС. І пакуль яго справа разглядаецца, экстрадыцыя адкладаецца. Таму адвакаты і казалі пасля пасяджэння суда, што ў бліжэйшы час іх падабаронны экстрадаваны не будзе.

Аляксандр Лукашэнка ў час прэсавай канферэнцыі спрабаваў адказнасць за лёс блогера перакласці на Ізраіль. Ён казаў, што ні адзін з валасоў з галавы Лапшына не ўпадзе, паколькі ў Азербайджана з Ізраілем зусім выдатныя адносіны. Але рашэнне аб экстрадыцыі прыняў асабіста ён — Лукашэнка гэтага і не хаваў. Наадварот, падкрэсліваў, што «наша рашэнне» ужо прынята, а суду застаецца толькі подпіс паставіць.

7 лютага прайшло закрытае пасяджэнне Вярхоўнага суда Беларусі па справе аб экстрадыцыі Лапшына, і ўласна экстрадыцыя — спецрэйсам, якія прыляцеў з Азербайджана.

«Памятаеце, Лапшын. Слухайце, прычым тут Арменія? Ды Арменія мне пра Лапшына ніколі нічога не казала. Быў абвешчаны ў вышук адной краінай - Азербайджанам. Калі яго тут затрымалі, я думаю, ну навошта яго тут затрымалі? Няхай бы ён ехаў куды заўгодна . Вось на сваю галаву праблемы, калі ўжо шчыра казаць. Але затрымалі. Інтэрпол ведаў. Мы паведамілі як належыць, як законапаслухмяныя», — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў пытанні перадачы блогера Беларусь таксама прытрымліваўся міжнароднага заканадаўства.

«Каму мы павінны былі яго перадаць? Перадаць таму, хто абвясціў яго ў вышук. Больш за тое, гэта я ў першы раз вам скажу і публічна — а яго і не хацеў ніхто забіраць. Гэта потым ужо пачалі разыгрываць гэтую карту. Ён грамадзянін трох краін — ні адна з краін на яго не прэтэндавала», — заявіў Лукашэнка.

 Гісторыя

Канфлікт паміж Азербайджанам і Арменіяй пачаўся ў 1988 годзе, калі населеная пераважна армянамі Нагорна-Карабахская аўтаномная вобласць заявіла аб выхадзе з Азербайджанскай ССР.

У 1994 годзе пры пасярэдніцтве Масквы было падпісана перамір’е, якое паклала канец актыўным баявым дзеянням у рэгіёне, але якое пакінула Карабах і навакольныя яго раёны пад кантролем Арменіі.

«Спіс персон нонграта», якія наведалі Карабах без ўзгаднення з міністэрствам замежных спраў Азербайджана, існуе са жніўня 2013 года. У ім зараз больш за 600 прозвішчаў, у тым ліку вядомыя журналісты, еўрапейскія парламентарыі, дзеячы культуры. У лютым гэтага года Азербайджан праз Інтэрпол запатрабаваў экстрадыцыі еўрапейскіх дэпутатаў, якія пабывалі без дазволу ў Карабаху: Франка Энгеля (Люксембург), Элен Тэахарус (Кіпр) і Яраміра Штэціну (Чэхія).

12 ліпеня чэшскае аддзяленне Інтэрпола аб’явіла аб адмове ў арышце чэшскага парламентарыя.