Еўропа асудзіла чарговыя смяротныя прысуды ў Беларусі
Галоўны сакратар Савета Еўропы Турбьёрн Ягланд выказаў заклапочанасць двума смяротнымі прысудамі, вынесенымі 21 ліпеня Магілёўскім абласным судом.
Пра гэта паведамляе прэс-служба генеральнага сакратара.
«Я зноў выказваю нашае расчараванне і смутак з нагоды таго, што Беларусь працягвае ўжываць гэту нялюдскую і несправядлівую меру, што цалкам супярэчыць еўрапейскім каштоўнасцям», – заявіў Ягланд.
Паводле яго слоў, смяротнае пакаранне смерцю застаецца асноўнай перашкодай для далучэння Беларусі да Савету Еўропы.
Генсек заклікаў улады Беларусі «тэрмінова ўсталяваць мараторый на ўжыванне вышэйшай меры пакарання ў якасці першага кроку да яе поўнай забароны і змякчыць ужо вынесеныя прысуды».
Ужыванне смяротнага пакарання супярэчыць заяўленай гатовасці Беларусі супрацоўнічаць з міжнароднай супольнасцю, заявіла прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка Еўразвяза па вонкавай палітыцы Федэрыкі Магерыні Мая Касьянчыч.
Паводле заявы, «пакаранне смерцю парушае права на жыццё і зʼяўляецца самым жорсткім, нялюдскім і зневажаючым годнасць пакараннем». Еўразвяз працягвае падымаць гэтыя пытанні з беларускімі ўладамі на ўсіх узроўнях, у тым ліку падчас дыялогу па правах чалавека, які адбыўся напярэдадні ў Бруселі.
21 ліпеня суд Магілёўскай вобласці вынес прысуд «чорным рыэлтарам», якія, паводле версіі следства, забілі шэсць чалавек, каб займець і перапрадаць іхнія кватэры. Двое з чатырох, Ігар Гершанкоў і Сямён Беражны, прысуджаны да растрэлу.
Гэта ўжо чацверты смяротны вырак за гэты год: раней да пакарання смерцю былі прысуджаныя Кірыл Казачок з Мазыра за забойства двух сваіх дзяцей, Аляксей Міхаленя за забойства пенсіянераў. У траўні прысуд быў выкананы ў дачыненні да гамельчука Сяргея Вострыкава, якога прызналі вінаватым у згвалтаванні і забойстве дзвюх жанчын.
Паводле belsat.eu