Бразілія пабудуе новую антарктычную станцыю

Праз чатыры гады пасля таго, як у пажары была знішчана даследчая станцыя Камандантэ Ферас, Бразілія прыступае да будаўніцтва новай антарктычнай станцыі.



stancyja.jpg

Канцэпт-арт новай станцыі / polit.ru

Яна будзе збудаваная на месцы сваёй папярэдніцы на востраве Караля Георга (Ватэрлоо) у архіпелагу Паўднёвыя Шэтландскія выспы. Цырымонію закладкі станцыі нядаўна правёў міністр абароны Бразіліі Альда Рэбел. Паколькі надвор'е не дазволіла самалёту дасягнуць выспы Караля Георга, цырымонію правялі ў горадзе Пунта-Арэнас на поўдні Чылі.

Новая станцыя атрымае ў спадчыну імя ранейшай, названай у гонар марскога афіцэра, гідрографа і акіянолага Антоніа Луіса дзі Карвальё Ферас. Яна будзе ўключаць у сябе сямнаццаць лабараторый і жылы комплекс на 65 чалавек. Плошча працоўных памяшканняў павялічыцца ўдвая і складзе 4500 квадратных метраў. Навукоўцы высока ацэньваюць праект, аднак пакуль засцерагаюцца, што фінансаванне будаўніцтва будзе скарочана і рэалізаваць яго цалкам не ўдасца. Завяршэнне работ чакаецца ў 2018 годзе. З-за спаду бразільскай эканомікі ў 2015 годзе фінансаванне многіх навуковых праграм было згорнута, таму перасцярогі навукоўцаў небеспадстаўныя. Але Джэферсан Сімойнш, вядучы гляцыёлаг Федэральнага універсітэта Рыа-Грандэ-ду-Сул спадзяецца, што новая станцыя не стане «пустым домам».

Ранейшая станцыя Камандантэ Ферас, якая дзейнічала тры дзесяцігоддзі, была знішчана агнём з-за пакінутага без нагляду паліўнага бака падчас запраўкі. Пры тушэнні загінула двое афіцэраў ВМФ Бразіліі. Усе 30 навукоўцаў, якія працавалі на станцыі, былі выратаваны. Пасля пажару бразільцы, каб працягнуць выкананне навуковых праектаў у Антарктыдзе, усталявалі 45 экстраных аператыўных модуляў і завезлі новае абсталяванне. Дапамогу ў рабоце аказалі два навукова-даследчыя караблі бразільскага флоту, а таксама вучоныя іншых краін. Цяпер чвэрць бразільскай навуковай праграмы ў Антарктыдзе залежыць ад наземнай станцыі, а астатнія даследаванні праводзяцца на борце караблёў або ў часовых летніх лагерах.

На востраве Караля Георга знаходзяцца таксама антарктычныя даследніцкія станцыі Аргентыны (Джубані), Кітая (Чанчэн — Вялікая сцяна), Польшчы (Генрык Арктоўскі), Уругвая (Генерал Арцігас), Перу (Мачу-Пікчу), Чылі (Прэзідэнт Эдуарда Фрэй) і Паўднёвай Карэі (Кароль Сэджон). Расійская станцыя Белінсгаўзэн працуе на востраве з 1968 года.

Паводле polit.ru