Брытанцы дачакаліся «перамен»?
Лейбарысцкая партыя атрымала большасць галасоў у брытанскай Палаце абшчын па выніках датэрміновых парламенцкіх выбараў 4 ліпеня. Што зменіцца ў Вялікабрытаніі і ў свеце?
Тое, што брытанцы змятуць дзейны ўрад на выбарах 4 ліпеня, ніхто не сумняваўся. Кіруючая партыя кансерватараў у апытаннях саступала апазіцыі ўжо пару гадоў. Пры гэтым падчас набліжэння дня галасавання, грамадства ахапіў сапраўдны псіхоз. Практычна ўсе СМІ пачалі агітаваць за партыю Кіра Стармера (лідар лейбарыстаў). Да медыйных пахаванняў брытанскіх кансерватараў далучылася нават The Times, якая негалосна лічыцца органам торы.
Пытанне заставалася толькі ў тым, наколькі зруйнавальным будзе паражэнне кансерватараў. І галоўнае — ці ўдасца ім захаваць твар і застацца на другім месцы.
Пакуль падлікі на некаторых участках яшчэ працягваюцца, аднак агульная карцінка ўжо ў наяўнасці. Паводле сайта ВВС, лейбарысты атрымаюць абсалютную большасць у 650-мясцовым парламенце — 410 месцаў. Тады як фракцыя торы скароціцца з 345 да 131 дэпутата, што, аднак, дазволіць ёй заставацца другой партыяй у парламенце. Але ўжо зараз можна сказаць, што ў Кансерватыўнай партыі пачнецца барацьба за ўладу, і гэта пакідае актуальным пытанне аб яе будучыні.
Зрэшты, гарызонты кабінета лейбарыстаў таксама пакуль незразумелыя. За лейбарыстаў галасуюць не таму, што яны маюць перспектыўную праграму, а ў сувязі з тым, што Кансерватыўная партыя знаходзіцца занадта глыбока ў крызісе, і таму выклікае ў выбаршчыкаў абурэнне.
І такое стаўленне нядзіўна. За 14 гадоў торы ў Брытаніі было зарэгістравана першае з 1950-х гадоў зніжэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. Паўплывала на сітуацыю і жорсткая эканомія дзяржвыдаткаў пасля фінансавага крызісу 2008-09 гадоў, плюс пандэмія ковіда. І натуральна нельга забывацца на брэксіт, які рэзка скараціў гандаль і інвестыцыі.
Крызіс пагоршыўся каскадам скандалаў з удзелам лідараў кансерватараў. Прэм'ер Борыс Джонсан «бухаў» з аднапартыйцамі ў рэзідэнцыі прэм'ера на фоне ўсеагульнага каранціна. Цяперашні кіраўнік кабміна Рышы Сунак зарэкамендаваў сябе як чалавек жудасна далёкі ад простых людзей. Аж да таго, што не ведае як заправіць машыну бензінам.
У такой сітуацыі апазіцыі аказалася дастаткова паабяцаць насельніцтву адно — перамены. Як вынік усю кампанію лейбарысты правялі пад лозунгам з аднаго слова: «Перамен!», хоць многія скептычна ставяцца да такіх абяцанак. Як прыклад: лідар лейбарыстаў Кір Стармер мае рэйтынг вышэйшы, чым у Сунака, але значная частка грамадзян і яго ацэньвае адмоўна (34% добразычліва ставяцца да Стармера, а 41% — не).
Аднак некаторыя перамены ўсё ж будуць. Лейбарысты, напэўна, паспрабуюць знайсці вырашэнне праблемы фінансавання Нацыянальнай службы аховы здароўя. Таксама ім трэба знайсці свой варыянт барацьбы з іміграцыяй. Сунак зрабіў стаўку на спрэчны план па дэпартацыі просьбітаў прытулку ў Руанда, што не падабаецца грамадскасці.
У знешняй палітыцы карэктывы таксама адбудуцца. Відавочна, што лейбарысты паспрабуюць наладзіць больш цесныя адносіны з Еўразвязам.
Затое наўрад трэба чакаць перамен на ўкраінскім напрамку. Лейбарысты ўжо заявілі вуснамі свайго ценявога міністра замежных спраў, што будуць падтрымліваць Украіну да перамогі. Гэта не проста рыторыка. Яшчэ ў пачатку вайны былы левы лідар лейбарыстаў Джэрэмі Корбін зрабіў заклік «Спыніць вайну» (Stop The War). Дакумент падпісалі 11 дэпутатаў-лейбарыстаў. У адказ Стармер запатрабаваў адклікання подпісаў пад пагрозай выключэння з фракцыі.
З іншага боку, асаблівага куража ад лейбарыстаў ва Украіне таксама чакаць не варта. Усе памятаюць, як дорага каштавала лейбарыстам і іх лідару Тоні Блэру асабіста катэгарычная падтрымка авантуры ЗША ў Іраку.
У любым выпадку, больш канкрэтыкі, у тым ліку і па пытаннях міжнароднага курса, з'явіцца 17 ліпеня. У гэты дзень на афіцыйным адкрыцці новай сесіі кароль выступіць з прамовай аб прыярытэтах новага ўрада, напісанай для яго спічрайтэрамі новага ўрада.