Вяртанне лейбарыстаў. Дасье ў карыкатурах
Пасля выбараў 4 ліпеня брытанскія лейбарысты зноў будуць фармаваць урад Вялікабрытаніі — Кабінет міністраў. Папярэднія іх кадэнцыі адзначаліся шматлікімі рэформамі — не заўсёды ўдалымі, але як правіла прагрэсіўнымі. Паглядзім, як гэта было ў другой палове мінулага стагоддзя.
Як вядома, адразу, як толькі ў 1945-м скончылася Другая сусветная вайна, лейбарысты прыйшлі да ўлады, што да гэтага часу лічыцца нейкім нонсэнсам. Людзі абралі не жывы сімвал перамогі — Уінстана Чэрчыля, — а сціплага лейбарыста Клемента Этлі. Нечаканая перамога Этлі на Чэрчылем стала ў тым ліку сюжэтам карыкатуры часопіса Punch.
![1_1016.jpg 1_1016.jpg](/img/v1/images/1_1016.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720348718&w=528)
Урад Этлі аказаўся адным з самых радыкальных брытанскіх урадаў ХХ стагоддзя, запусціўшы нацыяналізацыю асноўных галін прамысловасці і камунальных паслуг, уключаючы Банк Англіі. Кульмінацыяй гэтага курсу стала стварэнне ў 1948 годзе бясплатнай Брытанскай нацыянальнай службы аховы здароўя (NHS). Урад Этлі таксама пачаў працэс дэмантажу Брытанскай імперыі, прадаставіўшы незалежнасць Індыі, Пакістану і іншым калоніям. Калі ў 1950-ым торы вярнуліся да ўлады, яны вымушаны былі захаваць большасць пасляваенных пераўтварэнняў лейбарыстаў.
Наступным разам лейбарысты вярнуліся ва ўладу ў 1960-м пад кіраўніцтвам Гаральда Вільсана. Ягоны ўрад быў адказным за шэраг радыкальных сацыяльных і адукацыйных рэформаў, такіх як адмена смяротнага пакарання, легалізацыя абортаў і гомасэксуалізму і адмены цэнзуры. Сімвалам поспехаў Англіі ў тыя гады стала перамога зборнай на чэмпіянаце свету ў 1966-м. Не дзіўна, што Вільсана любілі маляваць як футбаліста. На гэтым малюнку члены яго ўрада — футбалісты, а кансерватары — заўзятары, якія абражаюць гульцоў на полі.
![2_918.jpg 2_918.jpg](/img/v1/images/2_918.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720348764&w=528)
І вядома ж папулярнасці Вільсана дапамагаў сусветны феномен The Beatles. А прэм'ер ахвотна кантактаваў з «Бітламі», як адлюстравана ў гэтым малюнку.
![3_800.jpg 3_800.jpg](/img/v1/images/3_800.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720348797&w=528)
У 1970-м лейбарысты прайгралі выбары, і змаглі рэабілітавацца праз пяць гадоў. Зноў кіраўніком кабінета стаў папулярны Вільсан, якога ў 1976-м змяніў Джэймс Калаган. Урады Вільсана і Калагана ў 1970-х гадах спрабавалі замарозіць інфляцыю (якая часам дасягала 23 адсоткі на год) з дапамогай палітыкі абмежавання заработнай платы. Гэта прывяло да абвастрэння адносін паміж урадам і прафсаюзамі. Пачаліся маштабныя забастоўкі, што паралізавалі краіну. На гэтай карыкатуры Джэймс Калаган спрабуе дарэмна спыніць страйкоўцаў нейкімі абяцанкамі.
![4_709.jpg 4_709.jpg](/img/v1/images/4_709.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720348830&w=528)
Не дзіўна, што лейбарысты прайгралі выбары ў 1979-ым, — і на арэну выйшла Маргарэт Тэтчар. Пасля гэтага ў партыі пачаліся канфлікты, якія скончыліся толькі напачатку 1990-ых. Да таго часу грамадства ўжо стамілася ад кансерватараў, і перамога лейбарыстаў на выбарах 1994-га пад кіраўніцтвам энергічнага і харызматычнага Тоні Блэра была прадказальнай. Адзін з графікаў адлюстраваў Блэра як шарлатана, які прадае дзіўны прадукт пад назвай «новы лейбарысты» (так называлі сябе аматары Блэра).
![5_654.jpg 5_654.jpg](/img/v1/images/5_654.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720348881&w=528)
«Новыя лейбарысты» правялі шэраг прагрэсіўных рэформаў (устанаўленне нацыянальнай мінімальнай заработнай платы, пашырэнне аўтаноміі для Шатландыі, Уэльса і Паўночнай Ірландыі, рэгуляванне банкаўскай сістэмы, вяртанне лонданскай мэрыі і гэтак далей). Аднак падтрымка кампаніі Буша-малодшага ў Іраку падарвала іх рэйтынг. У 2010-м партыя пайшла ў апазіцыю, і толькі сёння зноў вяртаецца да стырна ўлады. На малюнку апошняга выпуску часопіса The Economist іх лідар Кейр Стармер фарбуе дзверы на Даўнінгт Стрыт 10 у чырвоны, рэвалюцыйны колер.
![6_487.jpg 6_487.jpg](/img/v1/images/6_487.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1720349000&w=528)
Зрэшты, пакуль сумнеўна, што лейбарысты змогуць прапанаваць нейкую сапраўдную рэвалюцыйную альтэрнатыву.