«Будзе закручваць гайкі». Навошта Аліеў вырашыў правесці перавыбары ў Азербайджане?

Першапачаткова прэзідэнцкія выбары ў Азербайджане планаваліся на 2025 год, аднак прэзідэнт Ільхам Аліеў прызначыў пазачарговыя выбары на 7 лютага 2024-га. Ён сам таксама зможа ўдзельнічаць у гонцы і ўжо вылучыў сваю кандыдатуру на новы сямігадовы тэрмін.

Фота EPA-EFE

Фота EPA-EFE

Ільхам Аліеў, які змяніў на пасадзе свайго бацьку Гейдара, знаходзіцца ва ўладзе ўжо 20 гадоў. У 2009 годзе ён правёў рэферэндум аб папраўках у Канстытуцыю і ўвёў правіла неабмежаванай колькасці абранняў для аднаго чалавека, а ў 2016 годзе павялічыў тэрмін прэзідэнцкіх паўнамоцтваў з пяці да сямі гадоў.

«Новая газета Еўропа» разбіралася, навошта Аліеву пазачарговыя выбары і ці звязана гэта з карабахскім канфліктам.

Без супраціву

Навіна аб пазачарговых выбарах, мяркуючы па ўсім, заспела апазіцыю Азербайджана знянацку. Ніякіх чутак пра такое рашэнне раней не было, сцвярджае кіраўнік дэпартамента канфлікталогіі Інстытута міру і дэмакратыі Азербайджана Арыф Юнус. Кіраўнік найбуйнейшай апазіцыйнай партыі «Народны фронт Азербайджана» Алі Керымлі пракаментаваў навіну ў фэйсбуку: «Указ Ільхама Аліева аб правядзенні выбараў у пачатку лютага без якіх-небудзь публічных абмеркаванняў з'яўляецца падрыхтоўкай рэжыму да фальсіфікацыі гэтых выбараў».

Вопыт з правядзеннем пазачарговых выбараў у Азербайджана ёсць. У 2018 годзе Аліеў правёў прэзідэнцкія выбары не ў кастрычніку, а ў красавіку (на іх ён набраў 88% галасоў). Праз два гады прайшлі датэрміновыя выбары ў парламент, якія большая частка апазіцыі байкатавала.

Палітолаг і былы генеральны сакратар руху «Дэмакратыя-1918» Самір Султанаў адзначае, што падобны сцэнар байкоту варта чакаць і на будучых выбарах.

— Ёсць усяго толькі два месяцы, і ў такі кароткі тэрмін неабходна сабраць 40 000 подпісаў з розных рэгіёнаў. Для гэтага проста няма рэсурсаў у многіх кандыдатаў, — распавядае Султанаў.

Пры гэтым частка дэпутатаў сцвярджае, што апазіцыя ў цяперашнім выглядзе не здольная стварыць канкурэнцыю Аліеву-малодшаму. Такое меркаванне выказаў і дэпутат Нацыянальнага сходу Азербайджана Расім Мусабекаў:

— Запэўніваю вас, што нават калі б у нашай апазіцыі ў тым выглядзе, як яна існуе цяпер, было б паўгода на падрыхтоўку да выбараў, баюся, што ніякага толку б ад гэтага не атрымалася.


Глядзіце таксама

Спее незадаволенасць

Паводле слоў Мусабекава, Аліеў «знаходзіцца цяпер на піку сваёй папулярнасці ў краіне». Тым не менш з дэпутатам Нацыянальнага сходу згодныя не ўсе. Як сцвярджае Арыф Юнус, калі б у краіне было б усё добра з эканамічнай і сацыяльнай павесткамі, людзі б не з'язджалі на заробкі ў Расію. Толькі паводле афіцыйных звестак за 2017 год, такіх працоўных мігрантаў у РФ было больш за 760 тысяч, і гэтая колькасць толькі расце.

Азербайджанская эканоміка ў апошнія два гады запавольваецца. Калі ў 2021 годзе рост ВУП склаў 5,6%, то ў 2023 годзе тэмпы росту ўпалі да 1,4%.

Таксама мясцовая эканоміка ўсё яшчэ вельмі моцна залежыць ад нестабільных коштаў нафты, аж да паловы бюджэту Азербайджана — даходы ад нафты і газу.

— Ёсць Азербайджан, а ёсць сям'я Аліевых. Гэта не тое самае. Зарабляе грошы не Азербайджан, зарабляе грошы Аліеў і яго асяроддзе. За 20 гадоў Азербайджан зарабіў афіцыйна дзесьці 160 млрд долараў на нафце і газе. Але гэта афіцыйна. Рэальныя лічбы вагаюцца, паводле даных незалежных экспертаў, ад 180-190 да 240-260 млрд даляраў. І львіная доля вось гэтай розніцы пайшла ў кішэню сям'і прэзідэнта, — кажа Юнус.

Журналісты таксама пісалі пра сувязь дачок Аліева з валоданнем доляй у кампаніі, якая займаецца золатаздабычай. Нягледзячы на гэта, паводле даных Дзяржаўнага інстытута апытанняў грамадскай думкі, палітыку Аліева ў канфлікце з Арменіяй падтрымліваюць каля 75% грамадзян.

Любую сацыяльную незадаволенасць у Азербайджане даўно прынята жорстка душыць. Так, у чэрвені на тым самым золатаздабывальным радовішчы, частка якога належыць дочкам Аліева, у горнай мясцовасці ля вёскі Сюдлу пачаліся пратэсты мясцовых жыхароў. Падставай для іх стаў намер золатаздабывальнага кампаніі пабудаваць на пашавых землях новы вадаём для сцёку вады з кіслотным утрыманнем. Людзі выйшлі на мітынг, які быў падаўлены. Паведамлялася, што дзесяць чалавек пацярпелі, частка з іх атруціліся слёзатачывым газам, частка атрымала фізічныя траўмы.

Паводле звестак Freedom House, краіна знаходзіцца на 193-м месцы (усяго 210 пазіцый) у рэйтынгу палітычных і грамадзянскіх свабод, з адзнакай «не вольная». У апошнія месяцы пачасціліся і арышты незалежных журналістаў, асабліва тых, хто спецыялізаваўся на расследавальнай журналістыцы і карупцыі. Колькасць палітычных зняволеных да 1 снежня дасягнула 254 чалавек. За апошнія два месяцы затрымалі пяць вядомых журналістаў.

У штогадовым рэйтынгу свабоды прэсы «Рэпарцёры без межаў» паставілі Азербайджан на 151-е месца са 180 краін.

Пры гэтым, як прагназуе палітолаг Самір Султанаў, цяпер новай хвалі арыштаў чакаць не варта.

— Да лютага будзе стабільна і нічога не зменіцца, не будзе затрыманняў у перадвыбарчы перыяд, а вось, хутчэй за ўсё, пасля пачнецца яшчэ больш цяжкі час для апазіцыі і незалежных журналістаў, — кажа султанаў.


Глядзіце таксама

Ці ёсць жыццё пасля Карабаха?

За дзень да 7 снежня ў Баку прыляцеў памочнік дзяржсакратара ЗША ў справах Еўропы і Еўразіі Джэймс О'Браен. Прадстаўнік Штатаў абмяркоўваў з Аліевым тое, што адбываецца з Карабахам і мірнай дамовай з Арменіяй. Як сцвярджаюць эксперты, менавіта гэтая падзея падштурхнула Ільхама Аліева прызначыць перавыбары ўжо праз два месяцы.

— У Азербайджана засталося мала часу, ён павінен вызначыцца, на чыім ён баку (Захад ці Расія), і падысці больш сур'ёзна да пытання мірнай дамовы з Арменіяй. У адваротным выпадку ў Азербайджана будуць сур'ёзныя праблемы з ЕС і ЗША, — кажа Арыф Юнус.

Канфлікт у Карабаху на працягу ўсёй сучаснай гісторыі Азербайджана быў ключавым у рыторыцы ўладаў.

— На папярэднія выбары Аліеў ішоў для таго, каб развязаць гэтую праблему, — успамінае Мусабекаў.

Пасля вераснёўскага канфлікту пытанне вырашылася, Азербайджан перамог, Арменія страціла ўсялякія правы на спрэчную тэрыторыю, аднак мірная дамова ўсё яшчэ не падпісаная. На гэтым фоне чуткі пра новую вайну за Зангезурскі калідор у Нахічэвань узмацняліся аж да паездкі амерыканскага прадстаўніка ў Баку. 7 снежня Азербайджан і Арменія заявілі аб абмене палоннымі (першыя вызвалілі 32 армянскіх вайскоўцаў у абмен на двух азербайджанскіх) і намеры заключыць мір.

— Прапагандысцкі момант знікае. Гэта мне нагадвае гісторыю з Чэрчылем. Пераможца ў Другой сусветнай вайне прайграў адразу пасля вайны. Ужо вайна скончылася, усе мы думаем пра ўнутранае жыццё. І існуе вось гэтая невядомасць, што будзе да 2025 года, — можа, вырасце напружанне ў грамадстве. Таму лепш цяпер правесці выбары, атрымаць прэзідэнцтва яшчэ на сем гадоў, — разважае кіраўнік дэпартамента канфлікталогіі Інстытута міру і дэмакратыі Азербайджана Арыф Юнус.

Новы курс пад старым кіраўніцтвам

Пасля перамогі над Арменіяй перад Аліевым стаіць новая задача — стварыць новую ідэалогію, не звязаную з нянавісцю да суседзяў, якая ўтрымае яго ў прэзідэнцкім крэсле на яшчэ сем гадоў.

Усе эксперты адзначаюць, што рэінтэграцыя Карабаха ў Азербайджан зойме адну з ключавых пазіцый у праграме Аліева. Улічваючы масавы адток насельніцтва і вялікія разбурэнні, на гэта неабходна будзе вылучыць сродкі з бюджэту. Як кажа дэпутат Расім Мусабекаў, варта чакаць і змены ў сістэме кіравання краінай.

— З-за таго што 20% тэрыторыі было не пад нашым кантролем, на гэтых тэрыторыях, напрыклад, не было муніцыпалітэтаў. Таксама, наколькі мне вядома, плануюцца пэўныя змены з пашырэннем паўнамоцтваў і складу парламента. Усе гэтыя рэчы патрабуюць правядзення рэферэндуму, змены Канстытуцыі. Я не выключаю, што яны рушаць услед ужо пасля прэзідэнцкіх выбараў, — сказаў Мусабекаў.

У будучыя дэмакратычныя перамены вераць, аднак, не ўсе. На думку Юнусава, пераменаў да лепшага чакаць неабдумана.

— Курс будзе, вядома ж, у бок усходу, а не Захаду. Пад Усходам я маю на ўвазе рух у бок узмацнення жорсткасці па тыпу Туркменістана, Таджыкістана і гэтак далей. Мара Аліева, каб у Азербайджане быў лад, як у якой-небудзь арабскай краіне, але пры гэтым каб яго лічылі дэмакратам. Ён не будзе рэфармаваць краіну па шляху дэмакратыі, як абяцае. Таму што дэмакратызацыя краіны азначае свабоду выбару, свабоду слова. Гэта для яго смерць. Ён гэтага не дапусціць. Будзе, наадварот, закручваць гайкі, — заключае Юнус.