«Бурштынавая народная рэспубліка»
У суседніх з Беларуссю раёнах Украіны — новая серыя канфліктаў паміж нелегальнымі здабытчыкамі бурштыну і праваахоўнікамі. Украінскі журналіст Андрэй Манчук распавядае пра падрабязнасці канфлікту, карані праблемы і магчымыя шляхі яе вырашэння.
— Украінскія медыя паведамляюць
пра моцную сутычку ў Клесава. Што там здарылася?
— У Клесава 3 сакавіка прыбыў спецназ, каб разагнаць капальнікаў, якія сваім помпамі размылі чыгуначны насып. Спецназаўцаў сустрэў узброены натоўп у 400 чалавек. У выніку паліцыя вымушаная была адступіць і, напэўна, слушна зрабіла. У верасні мінулага года каля таго ж Клесава натоўп невядомых наўпрост атакаваў сілавікоў. У якасці помсты Кіеў арыштаваў шэраг мясцовых чыноўнікаў, якія, па словах кіраўніка МУС, відавочна звязаныя са здабытчыкамі бурштыну. Цяпер чакаюць, што будзе далей.
— На поўначы Украіны радовішчы бурштыну былі заўжды, аднак чаму праблема ў такіх памерах паўстала толькі зараз?
— Сапраўды, пра бурштын ведалі даўно, аднак здабываць яго было небяспечна з пункту гледжання закона. Да часоў Майдану ўлада неяк кантралявала лясныя ўгоддзі. Пасля Майдану сілавая вертыкаль і рэшткі прававой сістэмы амаль зніклі. Акрамя таго, у здабытчыкаў з’явілася зброя з зоны АТА. Капальні ахоўваюць мілітарныя фармаванні, у якія спачатку запісваліся тыя, хто хаваўся ў лесе ад вайсковага прызыву ўлетку 2014-га. Ну і, нарэшце, апошні фактар — нечаканы выбух попыту на бурштын на велізарным кітайскім рынку. Гэта стала прычынай станаўлення сапраўднай галіны вытворчасці. Лічыцца, што яе ўладальнікі штогод нелегальна прадаюць за мяжу бурштыну на 300 мільёнаў долараў.
— Як геаграфічна выглядае «Бурштынавая народная рэспубліка», як жартоўна называюць гэтую зону ў прэсе?
— Бурштын залягае практычна па ўсёй паўночнай Украіне. Прычым адно з самых вялікіх радовішчаў знаходзіцца ў Міжгор’і, дзе была рэзідэнцыя Януковіча. Там нават знайшлі самы вялікі ва Украіне экзэмпляр бурштыну вагой у кілаграм. Аднак камень капаюць не паўсюль. Асноўныя арэалы здабычы — поўнач Жытоміршчыны і Валыні. З іншага боку, гэтая зона імкліва пашыраецца. Ужо дакладна вядома, што камень капаюць пад Чарнобылем. Праз кепскі стан эканомікі можна прагназаваць, што хутка да бурштынавай зоны дадасца і дэпрэсіўная Чарнігаўшчына. Дарэчы, здабытчыкі таксама глядзяць і на беларускае Палессе, багатае на гэты мінерал. Летась я ехаў аўтобусам з Украіны ў Мозыр і выпадкова чуў, як украінскія пасажыры ацэньваюць бурштынавая багацці Беларусі.
— Што за прававы рэжым усталяваўся на тэрыторыі, якую, па сутнасці, кантралюе бурштынавы крымінал?
— Гэта сапраўды асаблівы свет, які пачынаецца прыкладна ў 150 кіламетрах ад Кіева, дзе можна наткнуцца на блок-посты здабытчыкаў. Тут існуе спайка паміж крыміналам і карумпаванай уладай, якая «крышуе» бізнес і заплюшчвае вочы на беззаконне. Я на ўласныя вочы бачыў у кабінеце дырэктара СБУ па Валынскай вобласці партрэт Парашэнкі з бурштыну, што наўпрост супярэчыць украінскаму закону аб захаванні каштоўных мінералаў. Законы Украіны дзейнічаюць, аднак сітуацыйна, паколькі ў выніку ўсё залежыць ад бурштынавых баронаў. Часам іх выхадкі трапляюць на старонкі прэсы. Напрыклад, у Корасцені дачка мясцовага аўтарытэта са сваімі ахоўнікамі праз рэўнасць ледзь не забіла дзяўчыну-канкурэнтку. Падобныя «перагібы», натуральна, не падабаюцца людзям, аднак у прыярытэце — працоўныя месцы, якія забяспечвае здабыча бурштыну.
— Усе кажуць, нібы хутка ва Украіне здымуць мараторый на продаж зямлі, што будзе азначаць прыход у краіну буйных зямельных кампаній. Ці могуць яны выкупіць «бурштынавыя плантацыі» і неяк нармалізаваць сітуацыю?
— Бурштын спрабавалі здабываць прамысловым метадам яшчэ ў часы СССР. У тым жа Клесаве адкрылі цэх, аднак хутка закрылі. Капаць бурштын на Палессі з дапамогай машын абсалютна не выгадна, бо ён не залягае кампактна ў вялікіх памерах — як, напрыклад, у краінах Балтыі і Калінінградскай вобласці. Акрамя таго, здабыча палескага і валынскага бурштыну вядзе да адмоўных экалагічныя наступствы.
— Палешукі, якія ў асноўным здабываюць бурштын, — субэтнас беларускага і ўкраінскага народаў. Ці можа фактычная аўтаномія рэгіёну набыць палітычную афарбоўку?
— У прынцыпе, азначэнне «сепаратызм драўлян» (старажытнае славянскае племя, што жыло на Палессі) існуе, аднак як пагрозу яго не ўспрымаюць. Сваю лакальную ідэнтычнасць мясцовыя праяўляюць у разборках з львоўскімі і кіеўскімі бандамі, якія час ад часу жадаюць захапіць частку бурштынавага бізнесу. Палешукі лічаць, што бурштын павінен належаць выключна мясцовым. Магчыма, калі б паўстала тэма легалізацыі здабычы бурштыну, пытанне падаткаў у Кіеў стала б імпульсам руху за аўтаномію. Аднак у самім Кіеве ніхто не ведае, як можна заціснуць капальнікаў-нефармалаў у прававыя межы. Нейкія законапраекты ёсць, аднак у выпадку прыняцця яны наўрад ці будуць працаваць.
Чытайце таксама:
Нелегальная здабыча бурштыну: Сотні гектараў Палесся ператвораныя ў марсіянскую паверхню (фота + відэа)
— Шмат кажуць, што Украіне не пазбегнуць сцэнару, калі суседнія дзяржавы возьмуць «шэфства» над рознымі часткамі краны, каб у тым ліку дапамагчы навесці там парадак…
— Сапраўды, нешта трэба рабіць. У сучаснай Еўропе, за выключэннем хіба што Косава ў 1990-я гады, не было такіх тэрыторый, якія б жылі па законах Дзікага Захаду. Акрамя таго, частка мясцовых жыхароў будзе толькі «за». Хапае людзей, якія з жахам глядзяць на тэмпы крыміналізацыі і сацыяльнай дэградацыі краю. Дастаткова ўзгадаць з’яву, калі падлеткі замест школ масава сыходзяць у капальнікі. Іншага варыянту, акрамя маштабнай вайсковай аперацыі, шмат хто не бачыць. Аднак які будзе эфект? Увядуць войскі, але што гэта вырашыць? Іншай працы няма, а рэсурсы бурштыну пакуль яшчэ далёка не вычарпаныя. Таму, баюся, усё абмяжуецца фарматам паліцэйскіх карных акцый.