Прыфрантавы дзённік Уладзіслава Ахроменкі: Як пачынаюцца сучасныя войны

Кіеўскія ўлады сарамліва называюць гэты канфлікт «Антытэрарыстычнай аперацыяй», але кожны, хто бываў на Усходзе Украіны, ведае, што там ідуць поўнамаштабныя вайсковыя дзеі.

optimized_2017_03_07_achromienka_01_ata_luhansk_01.jpg

У зоне ўзброенага канфлікту пабываў пісьменнік і карэспандэнт Беларускага “Радыё Рацыя” Уладзіслаў Ахроменка.

Ён спыняўся зусім блізка пазіцый баявікоў, бачыў наступствы вайны і размаўляў з самымі рознымі людзьмі: вайскоўцамі, уцекачамі, высокапасадоўцамі, пацярпелымі ад абстрэлаў і нават жыхарамі з самаагалошанай “ЛНР”.

Сучасныя войны не пачынаюцца з масіраваных артабстрэлаў, уваходаў у гарады танкавых калон і каменданцкай гадзіны. Першапачатковая мэта сучаснага акупанта — пераканаць людзей, прызначаных для акупацыі, што ён, акупант, насамрэч прыйшоў тых людзей не забіваць, а вызваляць. І галоўнае тут падабраць трапныя словы.

Увесну 2014 года расійскае тэлебачанне, характэрызуючы сітуацыю ва Украіне, такія словы знайшло:

—  Эти кровожадные Турчинов, Яценюк, Кличко, они просто хотят стереть Донбасс с лица земли! Вечный позор киевской хунте! Люди будут выходить на все улицы, они будут перекрывать дороги, чтобы не допустить этих киевских карателей, киевских нацистов!» (тэлеканал NewsFront)

Ключавыя словы, “хунта” і “карнікі”, былі абраныя нездарма. Слова “хунта” апелюе да свядомасці таго пакалення савецкіх людзей, якое памятае праграмы “Час” і рэпартажы пра “крывавую хунту Піначэта”. А слова “карнікі” адразу стварае цэлую палітру вобразаў: спаленыя вёскі, шыбеніцы на плошчы, скачанелыя трупы і звераватыя нацысты з зондэркамандаў у форме Вермахта…

Аднак у хуткім часе пісьменна сфабрыкаваныя страшылкі пра “хунту” і “карнікаў” завалодалі шырокімі народнымі масамі на Данбасе. Але ці адпавядалі тыя страшылкі рэальнаму стану рэчаў?

Распавядае жыхар Севераданецка Арыф Багіраў, сведка падзеяў вясны 2014 г.

Уся гэтая істэрыя нагняталася звонку. Ніякія “бандэры” і “майданутыя” нікога не забівалі і не рэзалі. Людзі глядзелі расійскае тэлебачанне, чыталі расійскія інтэрнэт-рэсурсы. А ў нас тут — багата расейцаў, якія разносілі тыя жахі па горадзе. Істэрыя нагняталася штодня…

Але чаму людзі давалі веры відавочным бздурам? Галоўны рэдактар севераданецкага тэлеканала “Ірта” Ірына Козырава — карэнная луганчанка, і ведае сітуацыю ў краі знутры:

— Далася ў знакі найперш савецкая адукацыя, савецкая ментальнасць: свята верыць таму, што паказваюць па тэлевізары. Памятаеце, за часамі СССР быў такі Першы тэлеканал, які потым стаў “ОРТ”, то людзі, якія тое тэлебачанне глядзелі, свята яму верылі. А ў 2014 годзе Луганскую вобласць, якая цяпер фактычна акупаваная, пазбавілі ўкраінскага тэлебачання і ўкраінскага радыё. То і атрымалася, што ўсю інфармацыю людзі атрымлівалі толькі з адной крыніцы — розных там ”LifeNews” “Россия 24” і гэтак далей. У траўні 2014 года, і асабліва ўлетку, тут пачалася страляніна. Людзі былі напружаныя і знерваваныя, і таму давалі веры самым неверагодным чуткам і самай прымітыўнай тэлевізійнай брахні. Калі чулі недзе за колькі кіламетраў стрэлы і выбухі — адразу думалі, што гэта прыйшлі львоўскія бандэраўцы, каб іх забіваць…

У Кіеве, аднак, занадта позна ўцямілі, што супраць Украіны ідзе поўнамаштабная інфармацыйная вайна. Так, прынамсі, мяркуе дырэктар севераданецкай філіі Луганскага тэлеканала “ЛОТ” Андрэй Шапавалаў:

— Поўнамаштабная вайна, інфармацыйная агрэсія. Чалавек па сваёй сутнасці схільны верыць міфам, і толькі зусім малая частка людзей не ўспрымае падобнай прапаганды… Ну як, каб па тэлевізары, ды каб брахалі?! Такога не можа быць! Людзі не разумелі, што імі проста маніпулявалі. І ўсё тут залежыць выключна ад сумлення людзей, якія займаюцца інфармацыйнай палітыкай. А на ўсходзе ад нас — сучасныя гебельсы…

Як бы тое ні было, але інфармацыйная атака дасягнула мэты. Пра далейшыя падзеі на Луганшчыне распавядае намеснік старшыні Луганскай вайскова-цывільнай адміністрацыі Юрый Кліменка:

—  Інфармацыйная атака аказалася трапнай. Распаўсюджвалася такое: маўляў, па хуткім часе тут з’явацца нейкія зверы з Заходняй Украіны, якія ўсіх будуць забіваць за расейскую мову. А таму нам, луганчанам, маўляў, трэба тэрмінова прасіць абароны ў “Старэйшага Брата” з Расеі, каб нас абаранілі ад забойстваў і катаванняў. Вы ж самі выдатна разумееце: ніхто і нікога тут забіваць не збіраўся. Але ж людзі верылі ў адваротнае…

 

 Рубежнае (недалёка ад Севераданецка). 21.04.2014 г. Прарасійскія сепаратысты атакуюць мітынг украінскіх патрыётаў.


Прадчуванне кепскага — доля неўротыкаў. Але ж інфармацыйнае поле Беларусі прасякнутае расейскімі прапагандысцкімі тэлеканаламі, бы тымі метастазамі, у такой жа ступені, як і ўкраінскае ўвесну 2014 года. І прадчуванне гэтага — не толькі ў мяне.

Андрэй Шапавалаў:

— Вельмі хачу засцерагчы беларусаў ад магчымых правакацый. Бо тое, што мы бачым у інфармацыйным полі Беларусі — практычна калька луганскіх падзеяў увесну 2014 года. Увесну 2014 года ва Украіне таксама не верылі, што інфармацыйная вайна можа перайсці ў вайну звычайную…

Юрый Кліменка:

— Упершыню Луганская вобласць была абстраляная з тэрыторыі Расейскай Федэрацыі з гарматаў калібраў больш за 100 мм. І з “Градаў”. Тады было багата ахвяраў… Пасля чаго пачаліся заходы рэгулярных расейскіх войскаў.  

Сярод тых ахвяраў расейскіх “Градаў”, між іншым, былі і тыя, хто свята верыў расейскаму тэлебачанню, бегаў па вуліцах з расейскімі трыколерамі і лямантаваў: “Россия, введи войска!..»

 

Сённяшні Севераданецк. Быў захоплены сепаратыстамі 7 траўня 2014 г., вызвалены 23 ліпеня 2014 г.

Сённяшні Севераданецк. Быў захоплены сепаратыстамі 7 траўня 2014 г., вызвалены 23 ліпеня 2014 г.

www.racyja.com