Чаму без Крыму Украіне будзе лепш
Шматлікія ўкраінскія палітолагі лічаць, што страта Крыму — вялікі пазітыў для Украіны. Пачаць можна з экскурсу ў тэорыю ўкраінскага нацыяналізму. Атрымліваецца, што сапраўдны нацыяналіст ніколі за Крым ваяваць не будзе.
Нават вядомы Сцяпан Бандэра, калі б жыў сёння, адразу проста аддаў бы яго Маскве.
Каб пераканацца ў гэтым, трэба праштудзіраваць праграмную працу бандэраўскага руху «Хто такія бандэраўцы і за што яны змагаюцца» (1948 год). На яе старонках можна наткнуцца на асобны блок, прысвечаны прынцыпу размежавання паміж Расіяй, Польшчай і Украінай: «Мы, украінскія нацыяналісты, — таксама не імперыялісты. Незалежную ўкраінскую дзяржаву мы хочам пабудаваць толькі на ўкраінскіх этнаграфічных землях, гэта значыць, на землях, на якіх у большасці жыве ўкраінскі народ. Мы не замахваемся ні на найменшы кавалак чужой тэрыторыі».
Калі паглядзець на дадзеныя апошняга перапісу насельніцтва ва Украіне, то відавочна, што Крым да ўкраінскай тэрыторыі, паводле бандэраўскага крытэру, ніякім чынам не адносіцца. Большая частка насельніцтва — рускія (каля 60 працэнтаў). Толькі чвэрць крымчан — украінцы. Гэта, дарэчы, адзіны казус сярод усіх рэгіёнаў Украіны. Нават у суперрусіфікаваных Данецкай і Луганскай абласцях большасць тубыльцаў — этнічныя ўкраінцы (56 і 57 працэнтаў адпаведна).
Можна, натуральна, сказаць, што праца «Хто такія бандэраўцы і за што яны змагаюцца» маральна і кан’юнктурна састарэла з часу напісання. Аднак, аказваецца, што з пачатку 1990-х сярод украінскіх інтэлектуалаў існуе накірунак, адэпты якога заклікаюць Кіеў адмовіцца ад правоў на Крым.
Прычым гэта не графаманы-маргіналы, а аўтарытэты, накшталт Васіля Шкляра, вядомага пісьменніка-нацыяналіста. «Так, давайце пагодзімся з тым, што Крым ніколі гістарычна не быў украінскай тэрыторыяй. І калі нацыя хворая і не можа пераварыць, асвоіць гэтую тэрыторыю, то ад яе лепш пазбавіцца. Гэта ўсё роўна тое ж самае, калі ў чалавека — гангрэна нагі, і каб усё цела не захварэла, — яе проста адразаюць», — пісаў яшчэ ў 1990-я гады Васіль Шкляр
Калі пазбавіцца Крыму і ў дадатак Данбасу, дык, на думку Шкляра, было б вырашана самае галоўнае пытанне — культурна-цывілізацыйны падзел. Ён піша: «Украіна была б меншай тэрытарыяльна, але гэта была б паўнавартасная дзяржава. Тут нават размовы б не вяліся пра тое, колькі засталося жыць украінскім мове».
Прыкладна 4–5 год таму тэзісы Шкляра падхапіў іншы вядомы пісьменнік Юрый Андруховіч. Ён шакіраваў украінскую грамадскасць заявамі: «Данбас і Крым — гэта палітычна частка расійскай нацыі. Там канцэнтрацыя ментальнай адмовы на адрас усяго, што звязана з украінскай незалежнасцю. Нават надпісы ў маршрутках: «Няма грошай — плаці грыўняй».
Цяпер тыя канцэпты перажываюць новае нараджэнне. Часткова гэта маральная кампенсацыя, выкліканая канстатацыяй таго, што Украіна не здольная весці вайсковыя дзеянні ў Крыме. Натуральна, не ўсе сталі капітулянтамі. Той жа экс-міністр абароны Грыцэнка заклікае да штурму Перакопу. Некаторыя вераць у тое, што Крым у склад Украіны хутка верне татальная энергетычная, вадзяная, транзітная блакады. Ёсць надзеі на імклівы правал менеджэменту новай крымскай адміністрацыі, дзе хапае людзей з крымінальнымі біяграфіямі. Аднак такіх аптымістаў няшмат. Крым на некаторы час страчаны для Украіны, і ў гэтым таксама трэба шукаць у гэтым нейкія бонусы.
Як не дзіўна, такіх бонусаў хапае. Крым — стратны рэгіён, які трымаўся на датацыях з цэнтру. Аднак значна важней роля Крыму ў легітымізацыі новага рэжыму ў Кіеве. З’яўленне «зялёных чалавечкаў» у Таўрыі справакавала моду на патрыятызм і, адпаведна, кансалідацыю грамадства вакол улады. Наколькі працягнецца патрыятычная эйфарыя, цяжка сказаць, аднак гэтага будзе дастаткова, каб працягнуць у Вярхоўнай Радзе непапулярныя эканамічныя законы.
Шэраг СМІ лічаць, што страта Крыму — гэта як неабходная ахвяра ў шахматнай партыі з мэтай фінальнай перамогі. Так, Расія атрымала Крым, аднак адначасова яна страціла ўсю Украіну, паколькі стаўленне ўкраінцаў да ўсходняга суседа (як мінімум зараз) больш адмоўнае. Фактычна, гаворка пра тое, што ўдзел Украіны ў еўраазіяцкіх інтэграцыйных праектах пакуль адкладаецца.
Другі важны момант тычыцца ўжо згаданай вышэй праблемы стварэння палітычна гамагеннай украінскай нацыі. Пасля сецэсіі Крыму ў рэгістры ўкраінскіх выбаршчыкаў стала на мільён чалавек менш. Прычым выбаршчыкаў практычна дзвюх партый — Партыі рэгіёнаў і камуністаў. Гэта значыць, што прысутнасць празаходняга палітыкуму ў парламенце будзе большай, а празаходні вектар, адпаведна, мацнейшы.
Ёсць і іміджавыя бонусы. Цяпер Украіна выглядае як «краіна-ахвяра», і паводле некаторых палітолагаў, можа заўсёды разлічваць на дадатковую дапамогу з боку Захаду.
Нарэшце, патрэбна як мага хутчэй забыць пра Крым, з улікам росту напружання і прарасійскіх настрояў у Данбасе і ў Харкаве.
Вось такія аргументы, каб лічыць страту Крыма пазітывам для Украіны. Што тычыцца вяртання «акупаваных» земляў, то большасць пагаджаюцца з тым, што базавай умоваў для вяртання Кіева ў Крым (ці Крыма ў Кіеў) павінна быць ператварэнне мацерыковай Украіны ў квітнеючую тэрыторыю.
Гэта праца не на адзін год. Аднак альтэрнатывы ёй няма. Як слушна піша «Обозреватель», «Крым да расійскага ўварвання і Крым пасля яго — гэта два розных Крыма. Першы — не любіў украінскую ўладу, але прызнаваў яе. Другі — ужо дэ-факта прызнаў уладу Расіі. Вернуты Украіне Крым стане на парадак больш чужым. Лаяльнасць такога Крыма прыйдзецца купляць, і купляць дорага».