«Чабурнэт» падкраўся незаўважна

З-за ўступлення ў Расіі 1 лістапада ў сілу закона аб суверэнным інтэрнэце ў расійскім грамадстве пачалася прыкметная дыскусія.

Фота habr.com

Фота habr.com

Істотна знізіць паток ілжывых паведамленняў, стварыць прававыя ўмовы для прыцягнення інтэрнэт-злачынцаў да адказнасці, сфарміраваць цалкам самастойнае інтэрнэт-асяроддзе, абараніць культуру і ідэнтычнасць… Гэта далёка не поўны спіс намераў, якімі кіравалася Дзяржаўная Дума Расіі, галасуючы за новы закон.

Фармальна, рэформу рунэту запусціў у 2014 годзе ліпецкі сенатар Максім Кавджарадзэ. Сенатар прапанаваў распрацаваць копію расійскага сегмента інтэрнэту, якая пачне працаваць у выпадку, калі Расію паспрабуюць адключыць ад глабальнай сеткі. На той момант такі сцэнар гучаў дастаткова рэальна — праз нядаўняе ўвядзенне супраць Расіі пакету санкцый за «Крымнаш». Новы суверэнны рунэт аўтар ідэі ахрысціў «Чабурашкам», ці «Чабурнэтам».

Дасягнуць усіх пералічаных вышэй мэтаў плануецца за кошт кантролю аператараў сувязі і тых, хто валодае кропкамі абмену трафікам. Прасцей кажучы, закон дазваляе абмежаваць дадзеныя, якія спажывальнік можа атрымліваць з таго ці іншага сайта. Напрыклад, калі на якім-небудзь інтэрнэт-рэсурсе з’явіцца артыкул, што будзе не даспадобы Крамлю, Раскамнагляд можа паставіць адпаведны фільтр.

На думку часткі грамадства, сітуацыя пасля прыняцця закону выглядала значна горш. Запуск «Чабурнэту» дазваляе пры жаданні паступова мінімізаваць выходны трафік з краіны, скараціць колькасць каналаў камунікацыі ў краіну звонку, стварыць дзяржаўны кантроль над камунікацыяй на ўсіх яе этапах. Такім чынам, па-сутнасці, адчыняецца шлях да стварэння расійскага варыянту кітайскага ізаляванага інтэрнэту.

Каб прапісаная ў законе блакіроўка інтэрнэт-крамолы спрацавала, неабходная ўстаноўка на сетках сувязі спецыяльных тэхнічных сродкаў. Маштабнае тэставанне гэтай цуда-тэхнікі стартавала 1 кастрычніка на Урале.

На цяперашні момант вакол эксперыменту шмат чутак — і амаль ніякай канкрэтыкі. Мясцовыя СМІ паведамляюць, што адключэнняў інтэрнэту або перабояў у яго працы ні ў Екацярынбургу, ні ў Цюмені пакуль не назіраецца. Улічваючы факт, што мясцовых супрацоўнікаў Раскамнагляду да эксперыменту не дапускаюць, нават не зразумела, ці праводзіцца ён на самай справе.

У гэтым плане апазіцыйная «Новая газета» дапускае версію, што «мэта эксперыменту — не столькі ў рэальным апрабаванні суверэннага інтэрнэту, колькі ў распіле сродкаў» (на «Чабурнэт» выдаткавана прыкладна 30 мільярдаў рублёў). Будзе ці не будзе гэтае абсталяванне працаваць — для чыноўніка пытанне другаснае.

Такая версія дазваляе спадзявацца, што барацьба за суверэнны рунэт выльецца ў стварэнне ілюзіі падкантрольнасці сеціва. Тым больш, што прэцэдэнты непрацуючых законаў у Расіі існуюць. Акрамя таго, такі захад, як адключэнне замежных інтэрнэт-сэрвісаў, магчымы ў выпадку пагрозы бяспекі Расіі, якая пакуль з’яўляецца тэарэтычнай.

Але цалкам супакоіцца не даюць апошнія навіны. 10 кастрычніка Раскамнагляд паведаміў, што Расія і Кітай падпішуць дамову аб супрацоўніцтве ў сферы кіберпрасторы. Клеркі Раскамнагляду запэўніваюць, што дзякуючы кітайска-расійскай кааперацыі, назіранне за афлайн-рэальнасцю з дапамогай лічбавых тэхналогій выйдзе на новы ўзровень. Перш за ўсё, таму, што «ў кітайскіх калегаў у гэтай сферы багаты і без сумневу ўнікальны вопыт». У гэтым, на жаль, сумнявацца не даводзіцца. Напрыклад, у КНР ёсць практыка прысваення індывідуальных рэйтынгаў сацыяльнай добранадзейнасці грамадзянам, у тым ліку па крытэрах іх паводзінаў у віртуальнай прасторы.

Ужо гучыць ідэя пашырыць кітайскі вопыт праз Расію на яе саюзнікаў па еўразійскай інтэграцыі. Як запэўнівае выданне «Правда.Ру», «па лініі ШОС і АДКБ (міжнародныя арганізацыі, куды ўваходзіць Беларусь) можа ісці гаворка пра стварэнне сваёй, альтэрнатыўнай і суверэннай інтэрнэт-прасторы».

1544811861_2.jpg

Ці пагражае расійскім карыстальнікам ізаляцыя ад сусветнага сеціва, і якая можа быць рэакцыя грамадства на «Чабурнэт»? Сваімі думкамі на гэты конт з «Новым Часам» падзяліўся маскоўскі журналіст Антон Будзянкоў:

— Апакаліпсіс у выглядзе «Чабурнэту» 1 лістапада наўрад ці здарыцца. Гэтаму перашкаджае існуючая слабая тэхнічная база і відавочны непрафесіяналізм дзяржструктур, якія адказваюць за віртуальна-лічбавы фронт. Дастаткова нагадаць беспаспяховыя спробы заблакаваць месенджар «Telegram». Акрамя таго, на такую дарагую цацку, як аўтаномны інтэрнэт, трэба хеўра сродкаў, і нейкія рэальныя крокі ў гэтым накірунку адразу выклікаюць незадаволенасць у масах. Такі гемарой напярэдадні транзіту ўлады той уладзе дакладна не патрэбны. Таму праект суверэннага рунэту пакуль, хутчэй, застанецца на паперы. Хіба што інтэрнэт-правайдэраў цяпер дакладна будуць больш «кашмарыць» — для імітацыі кіпучай дзейнасці.