Чалавек, каньяк і торт

З нагоды 250-й гадавіны нараджэння Напалеона Банапарта, што святкавалася 15 жніўня, сталі вядомыя новыя аспекты, якія тычацца гэтай выбітнай асобы.

w720h405fill_3.jpg

Цяперашні юбілей Напалеона праходзіць без асаблівых скандалаў, што нельга сказаць пра мінулы. Напярэдадні 200-й гадавіны нараджэння Напалеона ў 1969 годзе ўсе французы былі ўзрушаныя праз кнігу «Англічане, вярніце нам Напалеона». Яе аўтар, Жорж Рэтыф, даводзіў, што сапраўдны Напалеон пахаваны ў Лондане. Што да цела Напалеона, якое ляжыць у парыжскім Доме інвалідаў, то яно нібыта належала аднаму з гвардзейцаў-целаахоўнікаў імператара, якога і падсунулі французам.

Тэорыя аказалася настолькі папулярнай, што з часам да справы давялося падключыцца французскаму ўраду. Міністэрства культуры з дапамогай шэрагу гісторыкаў, якія прааналізавалі дакументы аб ускрыцці труны з Напалеонам у 1840 годзе, давяло, што Жорж Рэтыф памыліўся.

250-я гадавіна нараджэння Напалеона не багатая на такога кшталту сенсацыі. Хутчэй, можна казаць, што гісторыкі разбурылі шэраг папулярных міфаў, якія тычыліся адной з самых уплывовых асобаў у гісторыі Еўропы.

Пачаць можна з нізкага росту, які прыпісваюць імператару. Адсюль, дарэчы, і вядомы выраз пра комплекс Напалеона. Нездарма карыкатурысты любілі выяўляць французскага імператара як карліка, які носіць велізарны капялюш. Магчыма, у дачыненні да кагосьці гэта формула і слушная, аднак не для Банапарта. Апошнія публікацыі даводзяць, што рост Напалеона быў прыкладна 170 сантыметраў, што цалкам нармальна для той эпохі. На ўспрыняцце росту Банапарта ўплывала яго атачэнне — велізарныя гвардзейцы, а таксама асаблівасці складу цела імператара: Напалеон ад нараджэння меў вялікую галаву.

800px_jacques_louis_david___the_emperor_napoleon_in_his_study_at_the_tuileries___google_art_project.jpg

Цяперашнія гісторыкі заклікаюць забыць расповеды пра Напалеона як вялікага каханка. Гэты міф грунтуецца на шматлікіх раманах Банапарта і яго выслоўі: «Я бяру жанчынаў, каб забыць пра іх». Міф канчаткова быў пахаваны ў 2004 годзе адным брытанскім каналам, які знайшоў уладальніка пеніса Напалеона. Артэфакт захаваўся да нашых дзён, паколькі быў адрэзаны падчас ускрыцця нябожчыка на вачах у 17 сведак. Затым орган знаходзіўся ў сям’і нейкага святара, пакуль у 1924 годзе яго не прадалі ў ЗША ў прыватны музей. Як сцвярджаюць даследчыкі, мужчынская годнасць Напалеона была вельмі сціплых памераў — менш за чатыры сантыметры ў нармальным стане.

Наступны міф пра Напалеона — быццам характэрная яму фобія адносна катоў, якіх ён чамусьці вельмі не любіў. Лічылася, што гэта было праявай яго прыроды працаголіка, які бачыў у катах млявых і лянотных істотаў. Таксама жывёлы, быццам, нагадвалі яму ліберальных філосафаў. Цяпер дакладна вядома, што гэта — паклёп. Ніякіх дакументаў наконт кепскага стаўлення Напалеона да катоў не існуе.

Затое высвятляецца, што ледзь не да пачатку Вялікай французскай рэвалюцыі Напалеону былі ўласцівыя сантыменты наконт незалежнасці Корсікі ад Францыі. Дарэчы, у 1769 годзе, калі ён нарадзіўся, Корсіка якраз і стала часткай Францыі. Аднак з часам буйная кар’ера ў войску, прыход да ўлады і імператарскі тытул ператварылі яго ў патрыёта непадзельнай Францыі. Тое, што да 1769-га радзіма Напалеона належала Генуі, стала сапраўдным падарункам для італьянскіх фашыстаў. Яны лічылі Банапарта італьянцам і ахвотна параўноўвалі з Мусаліні.

Але нават не будучы катафобам і мегакаханкам, Напалеон усё роўна застаецца вялікім вайскоўцам. Яму прыпісваюць як найменш 40 вялікіх бітваў, з якіх ён выходзіў пераможцам. Аднак гісторыкі (і сам Напалеон дапускаў гэта) усё ж лічаць сапраўдным прарывам эпохі Напалеона не Аўстэрліц або бітву пад Пірамідамі, а Грамадзянскі кодэкс, прыняты напачатку ХІХ стагоддзя — фундаментальны заканадаўчы акт Францыі, які ўяўляе сабой маштабную кадыфікацыю грамадзянскага права. Кодэкс даў магутны штуршок для падобнага прававога працэсу ў многіх краінах свету.

Яшчэ адна з напалеонаўскіх навацый, пра якую забыліся, — закон пра правабаковы рух на еўрапейскіх дарогах. У тым ліку за кошт гэтага ў Англіі, дзе захаваўся левабаковы рух, замацавалася калектыўная думка пра асобны, нееўрапейскі шлях Альбіёну, што праз 200 гадоў зробіць свой унёсак у з’яўленне руху за выхад краіны з ЕС.

Што тычыцца нашага рэгіёну, то для нас самая галоўная спадчына Напалеона — гэта, напэўна, «банапартызм» — стыхійна адкрытая імператарам формула кіравання аўтарытарнага харызматычнага лідара, заснаваная на лавіяванні паміж класамі і палітычнымі групоўкамі. Ва ўмовах адсутнасці традыцый дэмакратычнай культуры, такая мадэль была рэалізаваная ў шэрагу краінаў былога СССР. І пакуль, падаецца, што дэфіцыту ахвочых выбіцца ў напалеоны ў нас яшчэ доўга не будзе.