Балканская кропка напружання. 15 гадоў незалежнасці Косава

17 лютага 2008 года Асамблея Косава абсалютнай большасцю галасоў (109 з 120) прагаласавала за абвяшчэнне незалежнасці сваёй краіны. Нельга казаць, што гэтая падзея пачала ці завяршыла працэс аддзялення Косава ад Сербіі. Але яна зрабілася істотным момантам у сучаснай міжнароднай палітыцы.

Ermal Meta / AFP

Ermal Meta / AFP


Для касавараў яна дала спадзяванне на самастойнае развіццё, для сербаў — замах на тэрытарыяльную цэласнасць краіны, для Балканаў — кропку напружання з патэнцыялам узнікнення «гарачага» канфлікту, якая з’яўляецца галаўным болем еўрапейскай (ды й паўночнаамерыканскай) палітыкі. А для прыхільнікаў Расіі і ейных спробаў аднавіць сваю імперыю, гэтая падзея дала аргумент у справе «адціскання» ў суседніх краін кавалкаў тэрыторый з наступным абвяшчэннем іхняй незалежнасці. І па якім сцэнары пойдзе далейшае развіццё падзей, залежыць ад шэрагу фактараў, геаграфія якіх выходзіць далёка за межы былой Югаславіі.

Краіна

Косава месціцца ў цэнтры Балканскай паўвыспы, не маючы пры гэтым выхаду да мора. Тэрыторыя краіны зусім невялічкая — крыху больш за 10 000 квадратных кіламетраў, што прыкладна ў чатыры разы меней за тэрыторыю Віцебскай вобласці. Па колькасці насельніцтва Косава зусім крыху не дацягвае да Мінску — 1,8 млн чалавек.
Краіна мае даволі складаную этнічную гісторыю (роўна як і палітычную), што абумоўлівае, у тым ліку, і цяперашнія праблемы. У старажытнасці асноўным насельніцтвам былі дарданы — адно з ілірыйскіх плямёнаў. Антычныя аўтары праводзілі паралелі паміж балканскімі дарданамі і тымі дарданамі, якія жылі на тэрыторыі Анатоліі і былі саюзнікамі траянцаў у іхняй вайне з грэкамі. Сучасныя даследчыкі на падмурку параўнання аб’ектаў матэрыяльнай культуры пагаджаюцца з гэтай высновай. Дарэчы, дарданы прыгадваюцца ў егіпецкіх крыніцах канца ІІ тысячагоддзя да нашай эры як саюзнікі ворагаў егіпцянаў хетаў. Магчыма, частка дарданаў у той час пакінула Балканы і прыняла ўдзел у масавым перасяленні народаў ва ўсходнім Міжземнамор’і ў якасці аднаго з гэтак званых «народаў мора».

Рымскі магільны камень з выявай дардана. Аўтар: Carole Raddato from FRANKFURT, Germany, commons.wikimedia.org

Рымскі магільны камень з выявай дардана. Аўтар: Carole Raddato from FRANKFURT, Germany, commons.wikimedia.org

У антычнасці дарданы вялі войны (паспяховыя і не надта) з македонцамі, грэкамі, рымлянамі. Былі часткай Рымскай Імперыі. У VI стагоддзі тут з’явіліся славяне. Яны адціснулі частку ілірыйскага насельніцтва ў прыморскія гарады, хоць у заходняй частцы краіны албанцы (нашчадкі старажытных ілірыйцаў) так і засталіся этнічнай большасцю.

У складзе Асманскай дзяржавы

Зрабіўшыся ў другой палове XIV стагоддзя цэнтрам Сербскай Імперыі, краіна трапіла ў поле позірку асманаў. На тэрыторыі Косава знаходзіцца плоскасць Косава Поле, дзе ў 1389 годзе адбылася знакамітая бітва паміж войскамі Асманскай дзяржавы і аб’яднанымі сіламі сербаў. Яна каштавала цяжкіх стратаў з абодвух бакоў (у тым ліку, і жыццяў абодвух правадыроў — асманскага султана Мурада І і князя Сербіі Лазара Хрэбелянавіча). У выніку сербы не мелі больш магчымасцяў абараняць свае землі, але і ў асманаў не засталося на гэтым кірунку сілаў, дастатковых, каб працягнуць заваёвы. І як часцяком здаралася (і здараецца цяпер), палітычная сітуацыя ў рэгіёне «падвісла» на працяглы час.


Косава поле. Adam Stefanovićя, commons.wikimedia.org

Косава поле. Adam Stefanovićя, commons.wikimedia.org

Толькі ў сярэдзіне XV стагоддзя Косава ўвайшло ў склад Асманскай Імперыі, застаўшыся там да 1912-га. За гэты час у краіне йшлі этнічныя працэсы, якія працягваюць заставацца аб’ектам даследаванняў без канчатковых высноваў. Напрыклад, знакамітае «Перасяленне сербаў на поўнач» у 1690-м, насуперак папярэднім сцвярджэнням, не закранула Косава. Як і не адзначаецца значнай міграцыі албанцаў на гэтыя землі, каб заняць апусцелыя мясціны. Албанцаў, як сведчаць асманскія дакументы, у Косава заўжды было шмат. На канец 1912-га яны складалі больш за палову насельніцтва Косаўскага вілаету (правінцыі) Асманскай Імперыі. Пры гэтым сербы займалі толькі трэцяе месца па колькасці насельніцтва — пасля балгараў. Амаль усе албанцы да гэтага часу ўжо зрабіліся мусульманамі.
З канца ХІХ стагоддзя Косава зрабілася цэнтрам албанскага нацыяналізму. Абуджэнне нацыянальнай ідэнтычнасці прывяло да сутыкненняў з сербамі, якія ў той час перажывалі той жа этап нацыянальнага адраджэння. Першай буйной праявай гэтага процістаяння было гвалтоўнае выгнанне албанцаў з тэрыторый княстваў Сербія і Чарнагорыя ў 1877-1878 гадах, пасля таго, як Расія змусіла Сербію ўступіць у руска-турэцкую вайну. У выніку каля 30 000 албанцаў былі вымушаны пакінуць свае дамы і перасяліцца ў Косава. Цяпер іхнія нашчадкі ўтвараюць значную і ўплывовую ў фінансавым і палітычным плане частку насельніцтва Рэспублікі Косава. У Сербіі жа гэтыя падзеі імкнуцца не прыгадваць.

Албанцы, у сваю чаргу, здзейснілі шэраг нападаў на сербскае насельніцтва ў 1901-м. Расія, якая ўзяла на сябе ролю апякункі сербаў, запатрабавала ад асманаў прыняцця адпаведных мер. У выніку шэраг албанцаў былі арыштаваны, а албанская мова аказалася пад забаронай. Албанцы адказалі тым, што пад час хваляванняў у Косаўскай Мітравіцы ў 1903-м забілі расійскага консула Грыгорыя Шчарбіну (этнічнага ўкраінца) — абаронцу сербаў і вялікага патрыёта Расіі.

Югаслаўскі перыяд

Пасля І Сусветнай Косава апынулася ў складзе Каралеўства Югаславія, дзе дамінавалі сербы. Каб знізіць ролю албанскага нацыяналізму, кіраўніцтва каралеўства падзяліла тэрыторыю краю паміж рознымі адміністрацыйнымі адзінкамі. Таксама сюды адбылася масавая міграцыя сербаў з поўначы. Затое ў гады ІІ Сусветнай ужо албанцы масава перасяляліся з Албаніі на тэрыторыю Косава. Барацьба паміж антыфашысцкімі фармаваннямі сербаў і чарнагорцаў і албанцамі, якія былі настроены на калабарацыю з Італіяй і Трэцім Рэйхам, пакінула істотны ўплыў на далейшыя адносіны ў рэгіёне.
У тых межах, у якіх яно існуе цяпер, Косава з’явілася ў 1945-м у якасці Сацыялістычнай Аўтаномнай Правінцыі Косава (і Метохіі) у складзе Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія. Пры гэтым значныя часткі былога Косаўскага вілаету апынуліся ў складзе Албаніі, Македоніі, Чарнагорыі і Сербіі. У выніку палітыкі дэцэнтралізацыі, якая праводзілася ў СФРЮ ў 60-х, мясцовая наменклатура, а таксама паліцыя з пераважна сербскіх ператварыліся ў пераважна албанскія (мусульманскія). Па югаслаўскай Канстытуцыі 1974-га Косава мела сваю Асамблею (парламент), адміністрацыю і судовыя органы.
Гэта прывяло да новага росту албанскага нацыяналізму. У сакавіку 1981-га ў Косава выбухнулі пратэсты з патрабаваннямі больш шырокай аўтаноміі, пераўтварэння Югаславіі ў канфедэрацыю і змены статусу Косава з аўтаноміі на паўнавартасную рэспубліку. Таксама былі заклікі пачаць будаваць сваю ўласную мадэль сацыялізму, адрозную ад югаслаўскай. Сербы, у сваю чаргу, абвінавачвалі касавараў у тым, што яны жадаюць адзяліцца ад Югаславіі і далучыцца да Албаніі. Для задушэння пратэстаў югаслаўскаму кіраўніцтву давялося ўводзіць у Косава надзвычайны стан і выкарыстоўваць войскі.

albanianews.al

albanianews.al

У далейшым ціск з боку этнічных албанцаў прымусіў сербаў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў з'язджаць з тэрыторыі аўтаноміі. У 1989-м тагачасны прэзідэнт Сербіі Слабадан Мілошавіч скасаваў аўтаномны статус Косава. Касавары адказалі маштабным негвалтоўным супрацівам і патрабаваннем поўнай незалежнасці.

Заўтра была вайна

У ліпені 1990-га касавары, на фоне агульнага крызісу ў Югаславіі, абвясцілі Косава незалежнай Рэспублікай. Праз два гады — у верасні 1992-га — Косава было абвешчана суверэннай і незалежнай дзяржавай. У гэты час ужо актыўна ішоў працэс распаду Югаславіі, у ходзе якога былыя рэспублікі імкнуліся атрымаць незалежнасць, а сербы — пабудаваць Вялікую Сербію, у якую мусілі ўвайсці і часткі іншых рэспублік. Сутыкненне гэтых процілеглых інтарэсаў прывяло да шэрагу Югаслаўскіх войнаў (Баснійскай, вайны за незалежнасць Харватыі ды іншых). У гэтых канфліктах (у якіх удзельнічалі, у тым ліку, і некаторыя нашы суайчыннікі) была здзейснена вялікая колькасць ваенных злачынстваў, такіх як масавыя забойствы мірных жыхароў, акты генацыду, згвалтаванні, рабаўніцтвы і гэтак далей.


Сімпатыі міжнароднай супольнасці (за выняткам Расіі) былі пераважна на баку былых югаслаўскіх рэспублік. Таму іх чакала і хуткае міжнароднае прызнанне, і чальство ў ААН. Дэйтанскія пагадненні, якія завяршылі Баснійскую вайну, фактычна, зацвердзілі незалежны статус Босніі і Герцагавіны.
Косава, якое не мела статусу рэспублікі, не магло разлічваць на такое ж стаўленне да сябе. Тагачасны прэзідэнт Косава Ібрагім Ругова працягваў мірны супраціў з мэтай набыцця незалежнасці. Але пад уплывам навін з іншых рэгіёнаў былой Югаславіі некаторыя прыхільнікі незалежнасці Косава пачалі рух да радыкалізацыі метадаў. Ды і незадаволенасць тым, што косаўскае кіраўніцтва не здолела ў Дэйтане набыць для краіны анічога карыснага, таксама спрыяла расчараванню ў мірных метадах.

Ругова ў Прышціне ў красавіку 1998 г. Фота: EPA/Srdjan Shuki.

Ругова ў Прышціне ў красавіку 1998 г. Фота: EPA/Srdjan Shuki.

У 1996-м, нягледзячы на пратэсты з боку Руговы, Армія вызвалення Косава (АВК) распачала партызанскую вайну супраць сербскіх сіл. Дзеянні заключаліся, у асноўным, у атаках на паліцэйскія ўчасткі. Як тое не дзіўна, але факт пераходу да ўзброенага супраціву не прывёў да неадкладнага набыцця незалежнасці. Ні ў той год, ні ў наступны. Затое ў 1998-м Дзярждэп ЗША ўнёс АВК у спіс тэрарыстычных арганізацый. Ды й дзеля таго, каб фінансаваць сваю дзейнасць (а ўзброены супраціў каштуе нямала грошай), АВК не грэбавала гандлем наркотыкамі ў краінах Заходняй Еўропы.
Ніхто не ведае, чым бы скончылася гісторыя з узброенай барацьбой, каб у лютым таго ж 1998-га сербскія ўлады не вырашылі навесці парадак. Першапачаткова гэта прыводзіла, пераважна, да гібелі байцоў АВК. Але ў хуткім часе ад рук сербаў пачалі масава гінуць мірныя жыхары, у тым ліку — жанчыны і дзеці. Як прыгадваў пазней адзін камандзір сербскага танку: «За ўвесь час майго знаходжання ў Косава я не бачыў аніводнага косаўскага байца, а мой аддзел ніколі не ўступаў у бой з варожымі сіламі. Танкі… выкарыстоўваліся, каб душыць албанскіх дзяцей… Які сорам!»

Дзясяткі тысяч косаўскіх албанцаў пратэстуюць супраць сербскага панавання ў Прышціне ў сакавіку 1998 года на мітынгу, арганізаваным па закліку Руговы. Фота: EPA/Anna Niedringhaus.

Дзясяткі тысяч косаўскіх албанцаў пратэстуюць супраць сербскага панавання ў Прышціне ў сакавіку 1998 года на мітынгу, арганізаваным па закліку Руговы. Фота: EPA/Anna Niedringhaus.

Нягледзячы на тое, што на адмысловым рэферэндуме сербы адверглі вонкавае ўмяшальніцтва ў праблему Косава, міжнародныя сілы (у тым ліку, і тагачасны прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын) аказвалі ціск на сербскае і югаслаўскае кіраўніцтва, каб вымусіць іх пайсці на мірныя перамовы з касаварамі. Але эфект ад гэтага ціску быў слабы. Як і ад перамоваў у пачатку 1999-га. Сербы і АВК працягвалі весці баявыя дзеянні, вынікам якіх пераважна была гібель і масавыя ўцёкі мірных жыхароў.

Ermal Meta / AFP

Ermal Meta / AFP

Каб такі ўсталяваць мір і выратаваць касавараў, 24 сакавіка 1999-га авіяцыя NATO пачала наносіць удары па стратэгічных цэлях у Югаславіі. Тым самым Захад імкнуўся: прымусіць сербскія войскі пакінуць Косава; увесці туды міжнародны міратворчы кантынгент; і даць магчымасць косаўскім бежанцам вярнуцца ў свае дамы. 3 чэрвеня таго ж года Мілошавіч прыняў міжнародны мірны план, і 11 чэрвеня авіяналёты спыніліся. Гэты дзень лічыцца і завяршэннем Косаўскай вайны, якая каштавала больш за 13 000 жыццяў (у тым ліку, і тых, хто загінуў у выніку натаўскіх удараў).

Пасля вайны. Ці перад?

За дзень да завяршэння вайны, 10 чэрвеня, ААН прыняла рэзалюцыю 1244, якая ўводзіла ў Косава міжнароднае кіраванне. Гэта зусім не значыла, што касаварам далі, ці хаця б паабяцалі незалежнасць. Але з іншага боку гэтая рэзалюцыя і не абмяжоўвала дзеяння будучай нацыянальнай косаўскай адміністрацыі.
Першыя выбары ў парламент адбыліся яшчэ ў 2001-м. А ў 2007-м перамогу на выбарах атрымала Дэмакратычная партыя Косава, у шыхтах якой было шмат ветэранаў АВК. Ейны лідар — Хашым Тачы, які быў адным з кіраўнікоў АВК ад самога пачатку ейнага існавання (цяпер абвінавачваецца ў ваенных злачынствах), адразу пазначыў сваё жаданне абвесціць незалежнасць Косава. Што і было зроблена 17 лютага 2008-га.  
У ліпені 2010-га, праз два гады пасля абвяшчэння касаварамі сваёй незалежнасці, міжнародны суд большасцю галасоў (дзесяць супраць чатырох) прызнаў, што гэты акт адпавядае нормам міжнароднага права. Суд прызнаў, што абвяшчэнне незалежнасці не парушае Рэзалюцыю 1244 ААН, якая, на чым настойвае Сербія, гарантуе цэласнасць сербскай тэрыторыі. Пазіцыя суду грунтавалася не толькі на тым, што новая адміністрацыя Косава не з’яўляецца суб’ектам ці аб’ектам Рэзалюцыі, але і на некаторых папярэдніх прэцэдэнтах, а таксама на прыкладзе распаду буйных дзяржаў, такіх як СССР, які праходзіў па ўсталяваных раней адміністрацыйных межах.
З таго часу незалежнасць Косава прызналі 114 краін-чальцоў ААН. Не прызнаюць Косава такія краіны як Кітай, Расія, Украіна. Беларусь пакуль таксама не прызнала гэтую краіну. Цікава, што беларусы трапілі з Косава ў адну адборачную групу да чэмпіянату Еўропы па футболе-2024. І граць з касаварамі беларусам давядзецца — пад пагрозай дыскваліфікацыі за адмову. Калі, канечне, да таго часу анічога не зменіцца. Напрыклад, калі зборную Беларусі не забаняць і ў футболе. Ці калі ў беларускай дзяржаве не ўзнікнуць умовы, якія дазволяць прызнаць Рэспубліку Косава.
Але больш драматычным фактарам, канечне, з’яўляецца катэгарычнае непрызнанне незалежнасці Косава з боку Сербіі. Наяўнасць у Косава сербскай меншасці (каля 6% насельніцтва) і стаўленне да іх косаўскіх уладаў перыядычна дае падставы для пераходу да даволі сур’ёзных выпадкаў канфрантацыі ў адносінах паміж Косава і Сербіяй.
Улетку 2022-га выбухнуў канфлікт вакол патрабавання з 1 жніўня ўсім жыхарам Косава перайсці на косаўскія аўтамабільныя рэгістрацыйныя знакі. Косаўскія сербы, якія дагэтуль ездзілі на сербскіх нумарах, катэгарычна адмовіліся гэта рабіць. За іх уступілася Сербія, з боку якой пачалі гучаць заклікі «вырашыць», нарэшце, пытанне з «косаўскімі сепаратыстамі». Пачалі з’яўляцца панічныя чуткі, што армія Сербіі перайшла мяжу і ўвайшла на тэрыторыю Косава. Нягледзячы на актыўнае ўмяшальніцтва з боку ЗША і ЕЗ, у выніку чаго абодва бакі йшлі на некаторыя саступкі, канфлікт развіваўся да пачатку лютага 2023-га. За гэты час былі і сутыкненні, і перакрыцці дарог, і будаўніцтва барыкад, і нават стрэлы (23 студзеня косаўская паліцыя абстраляла машыну, у выніку чаго адзін серб атрымаў раненне).


На шляху да перарастання гэтага канфлікту ў новую вайну на Балканах стаіць шэраг істотных фактараў. Перш за ўсё — наяўнасць міжнароднага вайсковага кантынгенту на тэрыторыі Косава. Па-другое (а можа, акурат па-першае) — гэта нежаданне сербскага кіраўніцтва (як і косаўскага) сварыцца з Захадам, а асабліва — з Еўрапейскім Звязам, з якім і першыя, і другія звязваюць свае спадзяванні на фінансавую дапамогу. І пакуль, падобна, гэтыя фактары перамагаюць, бо ў апошнія тыдні, падаецца, было знойдзена рашэнне канфлікту.
Але шмат хто адзначае, што вузел Косава-Сербія, як і ўвесь Балканскі рэгіён, застаюцца кропкай напружання — як пры руху літасферных пліт. І падсілкоўваюць гэтую кропку замежныя дэструктыўныя сілы, якія карыстаюцца папулярнасцю сярод сербскіх нацыяналістаў, і якія зацікаўлены ў раздзмуванні новага канфлікту ў Еўропе, каб у іх з’явілася чарговая магчымасць палавіць рыбку ў мутнай вадзе.
Таму спадзяванне на мір на Балканах, падобна, непасрэдна звязана з вынікам вайны ва Украіне.