Дасье ў карыкатурах: Грэцыя — ад папулізму да папулізму
На парламенцкіх выбарах у Грэцыі перамагла правацэнтрысцкая партыя «Новая дэмакратыя», адправіўшы ў накаўт левых радыкалаў з праекта СІРЫЗА. Скончылася дзіўная эпоха, калі ўрад краіны ЕС узначальвалі лютыя праціўнікі капіталізму. Хтосьці бачыць у гэтым знак нармалізацыі грэцкай палітыкі. Але ёсць прыкметы таго, што на змену леваму папулізму проста прыйшоў правы.

СІРЫЗА (аб'яднанне партый сацыялістычнага, камуністычнага, мааісцкага, трацкісцкага і экалагічнага накірункаў) патрапіла ў вялікую палітыку зусім нечакана. З-за зацяжнога эканамічнага крызісу, які паставіў краіну пад кантроль камісараў ЕС, рэзка ўпаў давер да традыцыйных партый. Надзеі на лепшае грэкі сталі звязваць з радыкальнымі левымі рэцэптамі. У 2015 годзе СІРЫЗА сенсацыйна перамагла з вынікам 36,34% і сфармавала ўрад пад кіраўніцтвам свайго лідара Алексіса Ціпраса. Глыбіню эканамічнага краху ў Грэцыі, які дазволіў левакам прыйсці да ўлады, тады праілюстраваў мастак выдання The Guardian. На малюнку еўрапейскія палітыкі пад кіраўніцтвам Меркель трымаюць Грэцыю ў якасці закладніка як звычайныя тэрарысты.

Спачатку наспявала сенсацыя. Левакі адкрыта кінулі выклік МВФ, Еўрапейскаму Цэнтрабанку і Еўракамісіі, пагражаючы пакінуць еўразону, калі грэкаў прымусяць зацягнуць тужэй паясы. Між тым, міжнародныя эканамічныя структуры і еўрабюракраты разумелі, што яны патрэбныя Грэцыі больш, чым Грэцыя ім. У выніку ўрад Ціпраса абмяняў гучныя лозунгі на транш у 86 мільярдаў еўра і беспрэцэдэнтныя меры па скарачэнні дзяржаўных выдаткаў. Пад ціскам абставінаў левакі і еўраскептыкі за лічаныя гады ператварыліся ў памераных сацыял-дэмакратаў. Пра ранейшы радыкалізм Ціпраса сёння нагадваюць хіба толькі карыкатуры 2015-га. Так, на малюнку партугальскага выдання Publico лідар СІРЫЗА у стылі цара Спарты смяротным ударам адпраўляе эмісара Цэнтрабанка ЕС на дно глыбокай ямы.

Паніка ад крайне левых, якія прыйшлі да ўлады ў крызіснай краіне ЕС, змянілася ў Еўропе разуменнем, што ніякіх радыкальных мер у рэальнасці чакаць ад СІРЫЗА не прыходзіцца. Эканоміка Грэцыі замарудзіла тэмпы аднаўлення, але ўслед за гэтым вярнулася да росту. У 2018 годзе Грэцыя завяршыла праграму ў рамках Еўрапейскага механізму стабільнасці, а ў 2019 годзе вярнулася на рынак пазык. Тым не менш, рост застаецца павольным, а велічэзныя даўгі ўсё яшчэ вісяць над краінай. Не дзіўна, што мастак выдання New York Times параўнаў Грэцыю з пацыентам, у якога доктар перад выпіскай забірае мыліцы.

Адным з фактараў выжывальнасці рэжыму Ціпраса стала знешняя палітыка. Насуперак чаканням прэм'ер-левак адмовіўся ад супрацоўніцтва з Крамлём. Затое ён падтрымліваў усе ініцыятывы Берліна і Бруселя, у тым ліку ў такім важным пытанні як назва былой рэспублікі Македонія. Большая частка гістарычнай вобласці Македонія — тэрыторыя сучаснай Грэцыі, і таму грэцкія нацыяналісты бачылі ў такой назве суседняй дзяржавы пагрозу нацыянальнай бяспекі. Ціпрас прыклаў усе сілы, каб Грэцыя пагадзілася на назву «Рэспубліка Паўночная Македонія». Для многія грэкаў (62%) такое прызнанне выглядае здрадай. Пратэстуючы людзі выходзілі на вуліцы, а дэпутат ад мясцовых правых заклікаў войска зрынуць кабмін Ціпраса.
Дапускаюць, што менавіта з-за македонскага пытання СІРЫЗА ў выніку прайграла выбары. Так ці інакш, дзякуючы сваёй пазіцыі Ціпрас стаў сваім чалавекам для Берліна і Бруселя, што ў тым ліку дазваляе яму спадзявацца на рэванш. Тэматычная карыкатура ад выдання The Cagle Post.

Цяпер на змену Ціпрасу ідзе правакансерватыўная партыя «Новая дэмакратыя», якая прапануе не менш фантастычныя пражэкты, чым СІРЫЗА ў 2015-м. Так, у новым кабінеце зноў уздымаецца тэма патрабавання ад Берліну рэпарацыі за Другую сусветную. Грэчаскія заканадаўцы раней ацанілі шкоду, нанесеную Эладзе за час Другой сусветнай вайны ў 309,5 млрд. еўра. Плюс сюды дадалі шкоду ад дзеянняў немцаў у Першую сусветную (яшчэ 9,2 млрд). І, падаецца, грэкі настроены сур'ёзна — днямі амбасадар Грэцыі ў Берліне ўручыў МЗС ФРГ ноту з патрабаваннем неадкладна пачаць перамовы аб выплатах. Пакуль такая перспектыва не праглядаецца. На думку большасці, Грэцыю ў часы «Новай дэмакратыі» чакае чарговая серыя распродажу нацыянальнай уласнасці. Тэматычная карыкатура нямецкай газеты Neue Deutschland.