Дасье ў карыкатурах: Хто вы, фраў фон дэр Ляйен?

Лідары ЕС дамовіліся пра размеркаванне кіруючых пасад у аб'яднанні на працягу наступнай пяцігодкі. Пасаду прэзідэнта Еўракамісіі ўпершыню зойме жанчына. Гаворка пра Урсулу фон дэр Ляйен — міністра абароны Германіі і вельмі незвычайнага палітыка.

1_213.jpg

Незвычайнасць Урсулы (нар. у 1958-м) у першую чаргу ў тым, што яна прыйшла ў палітыку досыць позна — у 40 гадоў, будучы на той момант маці сямі (!) дзяцей. Зрэшты, гэта не перашкодзіла ёй зрабіць хуткую кар'еру, а пачынаючы з 2005 года яна займае міністэрскія пасады ў кабінеце Ангелы Меркель. Менеджарскі стыль фон дэр Ляйен многія параўноўвалі з паводзінамі клапатлівай маці. Не выпадкова выданне Politico выявіла ўсе дэпартаменты, за якія ў свой час адказвала Урсула, у выглядзе дзіцячых вазкоў.


2_197.jpg

У 2013-м фрау фон дэр Ляйен не пабаялася стаць першай жанчынай-міністрам абароны ФРГ. Вынікі яе міністэрства досыць супярэчлівыя. Ёй удалося спыніць скарачэнне колькасці арміі і дамагчыся павелічэння выдаткаў на пераўзбраенне Бундэсвера. З іншага боку, апошнія справаздачы сведчаць, што боегатоўнасць нямецкай арміі знізілася. Міністр не змагла адбудаваць сістэму адносін з вайскоўцамі. Плямай на мундзіры міністра стаў рост праваэкстремісцкіх настрояў у казармах. Асобная тэма — спробы Урсулы надаць Бундэсверу больш гуманны, мяккі характар. Апошняе выклікала іранічныя каментары карыкатурыстаў. На малюнку выдання Handelsblatt афіцэр пасля бою з кветкамі просіць прабачэння перад шараговым жаўнерам за тое, што дазволіў на яго адрас моцныя выразы.


3_178.jpg

Намінацыя на пасаду кіраўніка Еўрасаюза адкрывае ў біяграфіі Урсулы новую старонку. Праўда, пакуль невядома, што зменіцца ў Саюзе з яе выбраннем. У тым ліку, і на ўсходнім кірунку. Адны кажуць, што кіраўнікі краін Вышаградскай групы падтрымалі кандыдатуру фон дэр Ляйен менавіта з-за жорсткіх заяваў наконт Данбасу. З іншага боку, яна таксама з'яўляецца прыхільнікам федэралізацыі Еўропы, што значыць аўтаномію Бруселя ад Вашынгтона, які прапануе еўрапейцам антырасейскую лінію. Пакуль можна адназначна сказаць толькі адно: маючы за спіной вопыт кіраваня войскам, фон дэр Ляйен будзе патрабаваць ад падначаленых большай дысцыпліны. Гэтую перспектыву бельгійскі De Standart адлюстраваў у карыкатуры, на якой новы прэзідэнт ЕС карэктуе дызайн сцягу аб'яднання, зыходзячы з пастулата вайскоўца «ва ўсім патрэбны парадак».


4_172.jpg

Нельга не закрануць стаўленне фон дэр Ляйен да Меркель, якая ў свой час бачыла ў асобе Урсулы свайго пераемніка. Пазней іх адносіны астылі і на фоне падзення папулярнасці міністра абароны Меркель абрала ў якасці пераемніцы Аннегрэт Крамп-Каррэнбауэр. Не жадала Меркель бачыць свайго міністра абароны і на пасадзе главы ЕС. Пішуць, што яе кандыдатуру пралабіяваў Эмануэль Макрон. На гэтую тэму ілюстрацыя з часопіса Frankfurter Allgemeine Woche. На малюнку Эмануэль ахвотна ўздымае Урсулу на шчыт, а Ангела відавочна не ў захапленні ад сваёй місіі. Відавочна, што маючы такі высокі статус, Урсула можа паўплываць на транзіт улады пасля сыходу Ангелы на пенсію.  


5_161.jpg

Так ці інакш, каб канчаткова заняць месца прэзідэнта ЕС, Урсулі яшчэ трэба згода Еўрапарламента. Раней гэта была фармальнасць, паколькі кандыдатуру кіраўніка ЕС узгаднялі эсдэкі і кансерватары, якія мелі дэпутацкую большасць. Аднак цяпер, упершыню ў гісторыі, кантрольнай большасці ў іх няма. Акрамя таго, частка дэпутатаў незадаволеная «самаўпраўнасцю» еўрапейскіх лідараў, якія пазбавілі заканадаўчы орган магчымасці напрамую ўплываць на выбар кандыдатаў. Супраць Урсулы левыя, зялёныя і шматлікія дэпутаты з Усходняй Еўропы, прадстаўнікоў якіх на гэты раз не дапусцілі да штурвалу ЕС. Хаос на выбарах кіраўніцтва ЕС нагадаў балгарскаму карыкатурыст Хрысто Команскому казіно. Калі кандыдатура фон дэр Ляйен не будзе падтрымана, кіраўнікі 28 краін-членаў Еўрапейскага Савета будуць вымушаныя зноў шукаць прыдатных намінантаў.