Дасье ў карыкатурах: Пагрозы і выклікі 2022-га

Свет увайшоў у 2022-гі ў стане яшчэ большай няпэўнасці, чым год таму. Аднак пагрозы, якімі будуць вызначацца падзеі ў новым годзе, у прынцыпе, вядомыя.


Адна з пагроз відавочная кожнаму. Чарговая мутацыя каронавіруса спарадзіла штам «Амікрон», які характарызуецца падвышанай заразнасцю. У той жа час ён можа аказацца менш смяротным. Калі гэтая надзея спраўдзіцца, свет зможа вярнуцца да адносна нармальнага стану, які быў да пандэміі. А вось калі «Амікрон» акажацца і заразным, і смяротным, краінам па ўсім свеце давядзецца ўводзіць жорсткія абмежаванні. Сітуацыю, калі адзін штам змяняе іншы, арыгінальна выявіў мастак рэсурсу Cartoon Movement

1_515.jpg

А вось пагроза інфляцыяй дастаткова новая з'ява. У ЗША яна ўжо наблізілася да 7 %. Пры гэтым амерыканская інфляцыя ўплывае на агульнасусветныя тэндэнцыі: калі ў найбуйнейшай эканоміцы свету растуць кошты, гэта не можа не адбіцца на іншых краінах. Як вынік, паўсюль кошты ідуць угору. Не дарма працоўныя і прафсаюзы ўсё часцей патрабуюць заработнай платы, якая адпавядала б інфляцыі. Апошняя ў Еўрасаюзе дасягнула 4,9%, што з'яўляецца рэкордным узроўнем. І гэта яўна яшчэ не фінал. Амерыканская Daily News праілюстравала крызісны трэнд выявай пабітага інфляцыяй прэзідэнта ЗША на доларавай банкноце.

2_475.jpg


У 2021 годзе мелі месца анамальныя шматгадовыя засухі ва Усходняй Афрыцы і Цэнтральнай Амерыцы, нетыповыя трапічныя цыклоны на поўдні Афрыкі, паводкі ў Паўднёвай Азіі, пажары ў Аўстраліі і тэмпературныя анамаліі ў Еўропе. Змены клімату будуць хутчэй за ўсё выклікаць катастрофы і ў новым годзе. На тэматычным малюнку часопіса Der Spiegel чалавецтва выяўлена на ростанях: навадненні, пажары, пацяпленне.

3_425.jpg


Дэфіцыт прадуктаў у крамах, панічная скупка насельніцтвам бензіну, спотавыя цэны на газ, якія ўпершыню ў гісторыі прабілі $2000 за тысячу кубаметраў, — усё гэта наступствы энергакрызісу, які працягнецца ў 2022-м. Надзвычайна высокія кошты на газ ужо паказваюць на тое, што сітуацыя блізкая да крызіснай. Недахоп газу таксама можа прывесці да перабояў з пастаўкамі электрычнасці і кропкавых адключэнняў. Праблему, дзе браць энергію, намагаецца вырашыць і персанаж малюнку з рэсурсу Cartoon Movement.  

4_397.jpg


Пераходзім да геапалітычных канфліктаў. У першую чаргу варта ўзгадаць Украіну. На гэтым напрамку пакуль усталявалася адноснае зацішша: перамовы Расіі з ЗША і NATO па сітуацыі вакол Украіны, прызначаныя пасля расійскіх навагодніх вакацый, дазваляюць спадзявацца, што хаця б пачатак года пройдзе спакойна. Зрэшты, Пуцін ужо папярэдзіў Захад: у выпадку, калі «дыпламатычнага перамоўнага выніку» не будзе, яму прыйдзецца кансультавацца з вайскоўцамі. Рэгіянальныя амбіцыі Пуціна — на малюнку газеты Financial Times.

5_367.jpg


Яшчэ адна трывожная «кропка» — адносіны паміж мацерыковым Кітаем і Тайванем. Любая эскалацыя канфлікту — ад гандлёвай блакады да прамога ваеннага ўварвання — можа ўцягнуць у яго іншыя буйныя краіны, у тым ліку ЗША. Гатоўнасць Пекіна да супрацьстаяння — тэма карыкатуры выдання The Week.

6_256.jpg

Вось такія пагрозы. Праўда, зараз яны нікога не турбуюць. Чалавецтва святкуе Новы год. І некаторыя, як, напрыклад, герой карыкатуры польскага графіка Анджэя Млечко, робяць гэта вельмі арыгінальна.

7_176.jpg