Дасье ў карыкатурах: Спадчына Джэймса Бонда
Шон Конэры — стваральнік вобраза брытанскага шпіёна Джэймса Бонда, без якога нельга ўявіць сучасную масавую культуру, пайшоў з жыцця 31 кастрычніка ва ўзросце 90 гадоў. Як ні дзіўна, зразумець маштаб асобы Джэймса Бонда дапаможа агляд карыкатур.

Дарэчы, магчыма Конэры стаў Бондам як раз дзякуючы коміксам. Ёсць версія, што ён атрымаў ролю збольшага праз падабенства з камічным персанажам, які намаляваў мастак Джон Макласкі ў коміксе пра 007, што публікаваўся ў газеце Daily Express. Маўляў, гэта падабенства і паўплывала на рашэнне прадзюсараў запрасіць Шона на ролю ў фільме «Доктар Ноў». Наколькі акцёр падобны на героя коміксу — мяркуйце самі.

«Доктар Ноў» атрымаў неадназначную рэакцыю крытыкаў, але меў такі фінансавы поспех, што паклаў пачатак серыі з 24 фільмаў, а таксама заснаваў жанр фільма пра сакрэтных агентаў. Серыя прынесла стваральнікам больш за 7 млрд долараў ЗША, стаўшы трэцім па паспяховасці кінасерыялам у гісторыі. Зрэшты, камерцыялізацыя прывяла ды такой з'явы як продакт-плейсмент — прыём схаванай рэкламы. Гэты трэнд высмеяў мастак Крыс Уільямс. На яго малюнку ролю кіраўніка Бонда выконвае дражэ M&M's.

Натуральна пайшлі ў народ і фразы з «бандыяны» накшталт «Маё імя Бонд, Джэймс Бонд». Пра яе ўзгадалі падчас фінансавага крызісу ў Еўропе, калі краіны шукалі крэдытаў у выглядзе еўрааблігацый або еўрабондаў. Вядомы французскі мастак Plаntu выявіў Ангелу Меркель, якая патрабуе крэдытаў, кажучы фразу «Маё імя Бонд. Еўрабонд».

Актыўна абыгрываюць у масавай культуры і тэму наяўнасці ў Бонда «ліцэнзіі на забойства». На гэтую тэму — выява з рэсурсу Fanfare. На ёй супрацоўніца бібліятэкі кажа Бонду, што ёй патрэбна картка чытача, а не ліцэнзія з правам на забойства.

Акрамя самога Бонда многім запомніўся іншы персанаж бандыяны — злыдзень Эрнэст Блофельд, кіраўнік тэрарыстычнай арганізацыі Спектр, які звычайна з'яўляецца ў суправаджэнні белага ангорскага ката. Мастаку Майклу Луковічу Блофельд нагадаў Пуціна. Праўда, з двума катамі па мянушцы Трамп і Цукерберг — намёк на тое, што амерыканскі прэзідэнт і заснавальнік facebook нейкім чынам уцягнутыя ў планы Крамля.

Адметнымі якасцямі Бонда з'яўляюцца ў тым ліку рысы плейбоя. Калі раней бясконцы флірт асабліва нікога не хваляваў, то ў наш час талерантнасці і гендарнай роўнасці такія фокусы моцна крытыкуюцца. Пры гэтым некаторыя феміністкі ідуць яшчэ далей, патрабуючы аддаць ролю агента 007 жанчыне. Ёй не толькі ўжо прыдумалі імя — Джэйн Бонд, але нават паспрабавалі прадставіць у графіцы. Напэўна, калі-небудзь фільм пра прыгоды Джэйн Бонд сапраўды выйдзе ў пракат. Шкада, што думкі Шона Конэры наконт трансфармацыі яго персанажа ў жанчыну мы ўжо не даведаемся.
