Даследчыкі: Зямля знаходзіцца на парозе некалькіх кліматычных катастроф. Гэта вельмі трывожна

Паводле буйнога даследавання, кліматычны крызіс паставіў свет на мяжу некалькіх «катастрафічных» пераломных момантаў. Некаторыя працэсы на планеце ўжо дасягнулі кропкі невяртання з-за глабальнага падвышэння тэмпературы на 1,1 градуса. Наперадзе нас чакаюць больш катастрафічныя падзеі з-за змены клімату, піша «The Guardian».

glacier_6779628_1280.jpg

Паводле ацэнак навукоўцаў, незваротныя змены з-за павышэння тэмпературы закранулі леднікі Грэнландыі, якія ўжо растаюць, што прывяло да павышэння ўзроўню акіяна.
Таксама адбылося парушэнне плыні Гальфстрым у Атлантычным акіяне, парушыўся рэжым дажджоў, што прыводзіць да засух, а таксама пачала рэзка раставаць багатая на вуглярод вечная мерзлата ў розных кутках Зямлі.


«Магчыма, Зямля выйшла з «бяспечнага» кліматычнага стану пасля глабальнага пацяплення на 1 градус», — заключылі даследчыкі, паколькі ўся чалавечая цывілізацыя развівалася пры тэмпературах ніжэйшых за  гэты ўзровень. Пераадоленне адной кропкі незвароту часта можа справакаваць іншыя, спараджаючы каскады.


Прафесар Ёхан Рокстрэм, дырэктар Патсдамскага інстытута даследаванняў уздзеяння на клімат, які ўваходзіў у групу даследчыкаў, адзначыў, што «свет рухаецца да глабальнага пацяплення на 2-3 градусы».
«Гэта ставіць зямлю на шлях перасячэння некалькіх небяспечных пераломных момантаў, якія будуць мець катастрафічныя наступствы для людзей ва ўсім свеце. Каб захаваць прыдатныя для жыцця ўмовы на Зямлі, мы павінны зрабіць усё магчымае, каб не дапусціць перасячэння пераломных момантаў».