Дняпроўскія сепаратысты

У ноч на 25 сакавіка прэс-служба ўкраінскага прэзідэнта паведаміла, што Парашэнка падпісаў указ пра адстаўку Каламойскага з пасады губернатара па яго ўласным жаданні. Ці пагражае Украіне яшчэ і дняпроўскі сепаратызм?



dnepropetrovsk_1983_01.jpg

Трэба прызнаць, што ідэя адрознасці і асаблівасці рэгіёну даўно прапісалася ў днепрапятроўскім лакальным палітычным дыскурсе. Аднак днепрапятроўскі «сепаратызм» вельмі адрозніваецца ад суседняга данецкага. Данецкай версіі з самага пачатку характэрныя больш антыкіеўскія матывы (бацькі-заснавальнікі Данецка-Крыварожскай Рэспублікі ў 1918 годзе былі супраць уключэння краю ў склад Савецкай Украіны). Таксама ў данецкай незалежніцкай міфалогіі тэма чалавека працы як каланізатара краю і стваральніка ўсіх дабротаў адыгрывае ключавую ролю.

У Днепрапятроўску таксама ёсць моцная пралетарская традыцыя. Напрыклад, у снежні 1905 года ў адным з рабочых раёнаў гораду паўстала т. зв. Чачэлаўская рэспубліка — абсалютна аўтаномная ад царскай адміністрацыі. Толькі пасля таго, як на дапамогу жандарам прыйшлі вайскоўцы з батарэяй гаўбіц, чачэлаўскі сепаратызм быў задушаны. У часы Грамадзянскай вайны Екацярынаслаў (зараз Днепрапятроўск) паспеў пабыць сталіцай Савецкай Украіны. Нарэшце, сам горад быў перайменаваны ў гонар мясцовага рабочага-бальшавіка Рыгора Пятроўскага.

Аднак прыхільнікі днепрапятроўскага рэгіяналізму не часта апелююць да згаданых старонак гісторыі. Вытокі мясцовай ідэнтычнасці яны шукаюць у пражэкце князя Рыгора Пацёмкіна, якога Кацярына Другая прызначыла намеснікам тэрыторый, што былі адваяваныя ў Турцыі. Намеснік вырашыў стварыць на базе заснаванага ў 1784-м Екацярынаслава паўднёвую сталіцу імперыі. Да таго, як святлейшы князь памёр (дарэчы, яго пры жыцці называлі віцэ-кароль), ён паспеў хіба толькі стварыць у горадзе планіроўку і пабудаваць свой палац. На гэтым гісторыя «паўднёвай сталіцы» закончылася, хаця комплекс сталічнасці ў тутэйшых назаўжды захаваўся.

Наступны этап фармавання дняпроўскай спецыфікі прыйшоўся на індустрыяльны ўздым другой паловы ХІХ стагоддзя. Горад, што ў прэсе называлі Новая Амерыка, стаў цэнтрам канцэнтрацыі вялікіх капіталаў. У гарадской думе сядзелі выключна буржуі і купцы, якія распрацавалі асаблівы механізм адносін з цэнтральнай імперскай адміністрацыяй, без санкцыі якой нічога нельга было зрабіць на месцы. Асобнае месца ў гэтым механізме займала тэхналогія прасоўвання рэгіянальных інтарэсаў, якая вымагала навыкаў знаходзіць агульную мову і ўплываць на прыняцце рашэнняў. Так, на думку днепрапятроўскіх гісторыкаў, быў закладзены фундамент кодэксу тутэйшага клану. Яго пастулаты — карпаратыўнасць, мабільнасць, камандная гульня, жорсткія адносіны падпарадкавання пры праве захавання індывідуальнага пункту гледжання.

Сцвярджаецца, што згаданыя вышэй напрацоўкі шмат у чым садзейнічалі фантастычнаму ліфту, які зрабілі выхадцы з Днепрапятроўшчыны ў савецкі час. У 1964 годзе генсекам КПСС стаў Леанід Брэжнеў — выхадзец з Днепрапятроўскай вобласці. З 1972 года кіраваць УССР пачаў днепрапятровец Уладзімір Шчарбіцкі, Гэтыя прызначэнні спрыялі таму, што Днепрапятроўшчына ў 1970–1980-я атрымала каласальныя прэферэнцыі і хутка стала флагманам украінскай індустрыі. 

Гэтыя кланавыя традыцыі захаваліся і ў постсавецкія часы, калі Днепрапятроўск стаў галоўным пастаўшчыком кадраў у кіраўніцтва незалежнай Украіны. Вось некаторыя лічбы для прыкладу: адзін прэзідэнт, адзін выконваючы абавязкі прэзідэнта, чатыры прэм’еры, старшыня СБУ, старшыня Савету бяспекі і абароны, кіраўнік Нацбанку і г.д. 

Гонар за нават ускосную прыналежнасць да вельмі моцнага клану менеджэраў і палітыкаў — не апошняя рыса міфалогіі днепрапятроўскіх. Яшчэ ў савецкія часы мясцовыя гісторыкі пачалі сцвярджаць, што жыхары Днепрапятроўску з’яўляюцца нашчадкамі традыцыі запарожскага казацтва.

20100702120639_zaporozhskaja_sech_.gif

Натуральна, такую пастаноўку пытання не ўспрымалі ў суседнім Запарожжы, у раёне якога знаходзіцца востраў Хорціца і калісьці базіравалася легендарная Сеч. Аднак тут жа днепрапятроўскімі быў прапанаваны цэлы спіс аргументаў. Узгадвалася, што Запарожжа — гэта савецкая назва Аляксандраўска — царскай крэпасці, якая нічога агульнага з рэзідэнцыяй казацтва не мае. Затое ў Екацярынаславе жыў і працаваў гісторык Зміцер Яварніцкі, які напісаў фундаментальную гісторыю запарожцаў. Тут жа ёсць магіла легендарнага атамана Сірко. Увогуле, запарожская Сеч не знаходзілася ўвесь час на востраве Хорціца. У архівах згадваюцца як мінімум восем яе прапісак, і пяць з іх знаходзяцца зараз якраз на Днепрапятроўшчыне.

Меркаванне пра тое, што Днепрапятроўск пад кіраўніцтвам Каламойскага — новая Сеч, сапраўды можна сустрэць на некаторых блізкіх да губернатара інтэрнэт-форумах. Аднак пры ўсёй знешняй прыгажосці міфаў пра казацкія карані і традыцыі метраполіі, усе яны відавочна не мабілізуючыя. Нават самыя ваяўнічыя аматары існавання дняпрапятроўскай субнацыі прызнаюць, што менталітэт жыхароў Днепрапятроўску — не больш чым «паўднёва-сталічны лад думак». Перспектыва Дняпроўскай Народнай Рэспублікі не пагражае адміністрацыі Пятра Парашэнкі.