Newsweek: Уварванне ва Украіну выйшла з-пад кантролю Пуціна

«Расійскі прэзідэнт сутыкнуўся са складанай праблемай у сферы камунікацыі з-за неабходнасці захаваць падтрымку сваіх дзеянняў ва Украіне ўнутры краіны — як сярод эліты, так і ў грамадстве ў цэлым — і адначасова не дапусціць больш аднадушных мер у адказ з боку Захаду супраць яго палітыкі», — піша Джон Лаф, асацыяваны даследчык праграмы па Расіі і Еўразіі аналітычнага цэнтра Chatham House (Лондан), у артыкуле, апублікаваным Newsweek.



pu1.jpg

«Для ўнутранай аўдыторыі, прыярытэтнай для Пуціна, мэсыдж застаецца прадказальна нацыяналістычным і трыюмфатарскім», — лічыць Лаф, прыводзячы ў якасці доказу выказванні Пуціна ў фільме «Крым. Шлях на Радзіму».

З адрасаваных заходняй аўдыторыі «пасылаў» Пуціна аўтар згадвае заявы аб мерах ядзернага стрымлівання ў ходзе аперацыі па далучэнні Крыма і нядаўнія маштабныя ваенна-марскія вучэнні, а таксама адзначае яго спробы «змусьціць» краіны Паўднёвай Еўропы эканамічнымі абяцанкамі. «Гэтыя намаганні накіраваны на тое, каб раскалоць ЕС і падарваць калектыўную рашучасць Захаду захаваць санкцыі супраць Расіі і аказаць палітычную і фінансавую падтрымку Украіне», — лічыць Лаф.

«Мэсыджы Пуціна, адрасаваныя ўнутр краіны і за яе межы, адлюстроўваюць страхавітую адсутнасць палітычнай альтэрнатывы захаванню ціску на Кіеў і на Захад з мэтай не дапусціць развіцця Украіны па заходняй мадэлі, а не па расійскай. Яго пастаянныя згадкі расійцаў і ўкраінцаў як адзінага народа паказваюць, што ён адмаўляе тую адчужанасць, якую яго палітыка стварыла паміж дзвюма краінамі», — гаворыцца ў артыкуле.

«У шэрагах прыхільнікаў сваёй улады Пуцін, здаецца, спрабуе прымірыць погляды двух розных груп па расійскай стратэгіі ва Украіне. Адна група аддае перавагу таму, каб прыняць зараз усе неабходныя меры, каб заблакаваць імкненне Украіны да збліжэння з Захадам, у тым ліку адкрыта выпрабоўваючы гарантыі бяспекі НАТА дзяржавам Балтыі. Меншая і менш ўплывовая група палічыла б за лепшае весці доўгую гульню, дамагаючыся мірнага ўрэгулявання на Данбасе і паступова вяртаючы Украіну ў расійскую сферу ўплыву, не раздзіраючы усе сувязі з Захадам», — разважае аўтар.

«Спрабуючы знайсці раўнавагу паміж двума гэтымі групамі, Пуцін пазіцыянуе сябе як прыхільніка дыпламатыі, заснаванай на мінскіх пагадненнях, пры гэтым не ўдакладняючы, якім чынам Расія можа дасягнуць больш маштабнага мірнага пагаднення з Украінай», — піша Лаф.

«Маўчанне Пуціна па гэтым пытанні пасылае моцны, хоць і незнарокавы сігнал аўдыторыям у Расіі, ва Украіне і на Захадзе пра тое, што ён стварыў крызіс, які выйшаў з-пад яго кантролю», — робіць выснову аўтар артыкула.

Паводле inopressa.ru