Эколагі хвалююцца за будучыню японскіх барсукоў

Навукоўцы папярэджваюць, што колькасць японскіх барсукоў (Meles anakuma) пастаянна зніжаецца, а промысел гэтых звяроў год ад года расце і гэта ў хуткім часе можа прывесці да знікнення гэтага віду.

japonskij_barsuk_samyj_malenkij_sredi_sobratev_animal_reader.ru_.jpg

Японскі барсук сустракаецца на ўсіх вялікіх астравах Японіі акрамя паўночнага вострава Хакайда. Ён трохі драбней звычайнага барсука і палосы на яго галаве бачныя не гэтак выразна. Жывуць яны звычайна ў адзіночку, у невялікіх норах, не ствараючы, як барсукі Еўропы і кантынентальнай Азіі, сямейныя групы ў шырокіх падземных селішчах. Вядуць начны лад жыцця, на зіму ўпадаюць у спячку. Японскія барсукі ўсяедныя, асноўную частку іх ежы складаюць чарвякі, казуркі, ягады і плады дрэў.
Сяляне Японіі лічаць барсукоў шкоднымі жывёламі і вядуць на іх паляванне. Крысціна Бэшынг (Christina Buesching) і Крыс Ньюман (Chris Newman) з Оксфардскага універсітэта, а таксама Йаёй Канеко (Yayoi Kaneko) з Такійскага універсітэта сельскай гаспадаркі і тэхналогій ў паведамленні, апублікаваным у часопісе Nature, адзначаюць, што колькасць забітых барсукоў у прэфектуры Кагасіма на востраве Кюсю год ад года расце. Калі звычайна па ліцэнзіях здабывалася прыкладна 200 асобін у год, то за апошні год было забіта 4354 барсука.
Улады прэфектуры стымулююць промысел, выплачваючы суму, эквівалентную 25 далярам ЗША, за хвост барсука або фатаграфію забітай жывёлы. Таксама мясцовыя жыхары пастаўляюць барсукоў у рэстараны Токіа, дзе іх мяса выкарыстоўваецца ў якасці экзатычнай стравы. Пры гэтым у маштабах краіны месцы, прыдатныя для пражывання барсукоў, пастаянна скарачаюцца з-за знішчэння лясоў і пашырэння сельскагаспадарчых угоддзяў. Яшчэ адным фактарам, неспрыяльным для японскага барсука, аказваецца канкурэнцыя з боку інвазіўнага віду — амерыканскага янота.
Навукоўцы папярэджваюць, што колькасць японскіх барсукоў пастаянна зніжаецца яшчэ з 1970-х гадоў, а сучасная сітуацыя можа і зусім прывесці да катастрафічнага скарачэння папуляцыі. Старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі млекакормячых Заалагічнага інстытута РАН Аляксей Абрамаў, які разам з Канеко даследаваў японскіх барсукоў кажа, што рэгуляванне іх папуляцыі павінна адбывацца пад навуковым кантролем. Эксперты папярэджваюць, што, хоць цяпер японскі барсук не ўключаны ў лік відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай, у бліжэйшыя гады гэта можа адбыцца. Яны нагадваюць пра гісторыю канца XIX стагоддзя, калі ў Японіі уладальнікам жывёлаў дазволілі выкарыстоўваць стрыхнін для барацьбы з ваўкамі. Такая мера прывяла да хуткага знікнення японскага падвіда ваўка (Canis lupus hattai).
Паводле Pro Science