El Pais: Еўрасаюз рыхтуецца да новай газавай вайны з Расіяй
ЕС баіцца пацярпець ад пабочных эфектаў расійска-ўкраінскага супрацьстаяння. Калі Масква выканае пагрозу і адключыць газ сваёй суседцы, гэта абавязкова адаб’ецца на Еўропе, тлумачыць журналістка El Pais Люцыя Абелян. «Каб змякчыць праблему, Еўракамісія прадставіла ў гэтую сераду комплекс мер, закліканых знізіць знешнюю энергетычную залежнасць, пераважна залежнасць ад Расіі», — паведамляе выданне.
«Мы хочам мець цвёрдыя і стабільныя пагадненні з важнымі для нас пастаўшчыкамі, але нельга станавіцца ахвярамі палітычнага і камерцыйнага шантажу», — запэўніў еўракамісар па энергетыцы Гюнтэр Этынгер. Згодна з планам яго дэпартамента, для пачатку трэба правесці «стрэс-тэсты», каб высветліць, што адбудзецца ў краінах ЕС, калі яны застануцца без расійскага газу.
«Гэтыя тэсты, якія варта падрыхтаваць да зімы, пакуль не распрацаваныя. Крыніцы ў Еўракамісіі тлумачаць, што ёсць два магчымыя варыянты: ацаніць рызыкі ўсяго Еўрасаюза або толькі краін, найбольш залежных ад расійскага газу», — піша аўтар, паведамляючы, што шэсць дзяржаў закупляюць 100% газу ў Расіі. Вывучыўшы вынікі тэстаў, Брусэль, па ідэі, павінен стварыць механізмы дзеянняў у экстраных выпадках. Адно з кароткатэрміновых рашэнняў — нарошчванне запасаў газу. «Як ні парадаксальна, яно будзе выгадна «Газпрому», аднаму з найбуйнейшых патэнцыйных прадаўцоў гэтага газу», — заўважае аўтар.
Яшчэ дзве ідэі — знізіць спажыванне газу ў некаторых сферах (ацяпленне) і «рэверсныя пастаўкі: краіна з надзейным газазабеспячэннем магла б перанакіроўваць газ у іншую краіну, на якую накладзеныя абмежаванні», — гаворыцца ў артыкуле.
У доўгатэрміновай перспектыве Еўракамісія ўхваліла ідэю Польшчы па цэнтралізацыі закупак энерганосьбітаў усёй Еўропай. «Гэтая формула дазволіць дамагчыся самых выгадных цэн і больш цвёрда весці перамовы з трэцімі бакамі», — піша аўтар. «У краінах, найменш залежных ад «Газпрома», цэны на газ — самыя нізкія. Ідэя ў тым, каб прыйсці да адзінага рынку, што дазволіць зраўнаваць цэны», — сказаў Этынгер.
І, нарэшце, Брусэль прапануе палепшыць ўзаемасувязі паміж газатранспартнымі сістэмамі розных краін і павысіць энергаэфектыўнасць.
Паводле Inopressa.ru