ЕС павінна рыхтавацца да канфрантацыі з Расіяй праз 6-8 гадоў — еўракамісар
Часу, каб як след падрыхтавацца да расійскай агрэсіі, у Еўропы засталося зусім мала, лічыць еўракамісар па абароне Андрус Кубілюс.
Еўрасаюз павінен як мага хутчэй умацаваць сваю абарону, бо праз шэсць-восем гадоў можа сутыкнуцца з патэнцыйнай канфрантацыяй з Расіяй. Пра гэта паведаміў першы ў гісторыі еўракамісар па абароне Андрус Кубілюс, піша www.holosameryky.com.
У інтэрв'ю Reuters, запісаным напярэдадні свайго прызначэння, 67-гадовы Кубілюс, былы прэм'ер-міністр Літвы, заявіў, што будзе адказваць за сумесныя еўрапейскія абаронныя праекты, у тым ліку за абарону ад паветраных і кібератак.
Яшчэ ў той час, калі ён быў кіраўніком літоўскага ўраду, Кубілюс заклікаў да развіцця еўрапейскай зброевай прамысловасці, павелічэння інвестыцый у еўрапейскую зброю і яе сумесных закупак, а таксама заахвочваў самі кампаніі да большага міжнароднага супрацоўніцтва.
Бяспека стала галоўнай тэмай палітычнага парадку дня ЕС пасля ўварвання Расіі ва Украіну ў 2022 годзе.
«Міністры абароны і генералы NATO згодныя з тым, што Уладзімір Пуцін можа быць гатовы да канфрантацыі з NATO і ЕС праз 6-8 гадоў», — сказаў Кубілюс, якога Reuters называе заўзятым крытыкам Расіі і сімпатызантам Украіны.
«Калі мы сур'ёзна ставімся да гэтых ацэнак, то гэта час для нас, каб як след падрыхтавацца, і гэты час кароткі. Гэта азначае, што мы павінны прымаць хуткія рашэнні і амбіцыйныя рашэнні», — дадаў ён.
Кубілюс сказаў, што яго праца ў якасці камісара па абароне будзе перш за ўсё складацца з вывучэння разам з галоўным дыпламатам Еўрасаюза Каяй Калас , якія рэсурсы патрэбныя Еўрасаюзу, каб быць гатовым да ваеннага выкліку. Ён імкнецца завяршыць гэта даследаванне на працягу першых 100 дзён.
Чыноўнік заявіў, што недахоп інвестыцый больш чым у трыльён еўра за дзесяцігоддзе пасля фінансавага крызісу азначае, што еўрапейская абаронная прамысловасць знаходзіцца ў «нездавальняючым стане».
Reuters адзначае, што Кубілюс сутыкаецца з «жорсткай барацьбой» з шэрагам урадаў ЕС, якія вельмі асцярожна ставяцца да таго, каб надаць Брусэлю права голасу ў арганізацыі сваёй абароннай прамысловасці.
Еўрапейская камісія не мае юрыдычных паўнамоцтваў фармаваць абаронную палітыку, а краіны ЕС каардынуюць сваю абарону праз NАТO.
Розніца паміж абароннымі праграмамі ЕС і NАТO
Сваю працу Кубілюс лічыць «дапаўненнем» да NАТO, а не канкурэнцыяй.
«У Еўрасаюза не будзе абаронных планаў або ваеннага кіраўніцтва, як у NАТO, але ў яго ёсць інструменты для атрымання большага фінансавання, якіх няма ў NАТO», — сказаў ён.
Кубілюс заявіў, што «быў бы рады» інвеставаць больш за 500 мільярдаў еўра ў найбліжэйшыя некалькі гадоў у развіццё абароннай прамысловасці Еўропы.
Але ён не ведае, дзе ўзяць грошы: «Гэта не мне ведаць... Наркам абароны павінен ведаць, куды грошы траціць, а не як іх узяць. Гэта справа іншых сябраў камісіі».
Аднак чыноўнік прапанаваў некалькі магчымых шляхоў пашырэння абароннай прамысловасці — выпуск сумесных абаронных аблігацый, выкарыстанне сродкаў Еўрапейскага фонду аднаўлення і ўстойлівасці пасля пандэміі або выкарыстанне Еўрапейскага інвестыцыйнага банка.