«Локшына на вушы». Раманчук раскрытыкаваў хлусню Качанавай пра «лепшыя сацыяльныя стандарты»

Эканаміст раскрытыкаваў словы Качанавай пра тое, што «нідзе ў свеце няма такіх сацыяльных гарантый», як у Беларусі.

_belarus_fota_novy_czas__12__logo.jpg

— Калі б у 2020 годзе адбылося тое, што планавалі апаненты, людзі б сёння нават пенсію не атрымлівалі, калі б мы з нашым прэзідэнтам не ўсталі на абарону нашай краіны, — заявіла старшыня Савета рэспублікі Наталля Качанава падчас асабістага прыёму грамадзян у Іўі 12 верасня.

Абмалёўваючы дасягненні рэжыму і палохаючы невядомасцю пераменаў, чыноўніца сказала: «Нідзе ў свеце няма такіх сацыяльных гарантый, як у нашай краіне», піша «Салідарнасць».

— Усе проста ахнулі ад нахабства і такога ўзроўню ашуканства, — каментуе гэтыя заявы Яраслаў Раманчук на сваім канале «Эканоміка здаровага сэнсу». — Качанава кажа, што ў Беларусі своечасова выплачваюцца пенсіі, заробкі, у нас плацяцца дапамогі, ёсць сацыяльныя льготы, трамваі і тралейбусы ездзяць своечасова. І гэта, аказваецца, і ёсць лепшыя ў свеце сацыяльныя стандарты!

Вядома ж, калі параўноўваць з варварскімі часамі, з пачаткам другога або першага тысячагоддзя, — натуральна, гэта беспрэцэдэнтны ўзровень дабрабыту. Але ці з'яўляецца гэта прыкладам для пераймання іншых краін і лепшымі паказчыкамі ў свеце?

Эканаміст упэўнены, што ў краіне чалавек абаронены сацыяльна, калі ў яго высокая заработная плата.

— У палякаў мінімальны заробак у 2025 годзе будзе 1100 долараў, у Еўрапейскім саюзе заробак 3000—3500 долараў, у Беларусі сярэдні заробак, калі адабраць падаткі — 550—570 долараў. Медыянная ж будзе яшчэ меншы, — тлумачыць Раманчук. — І мы не бачым наплыву працоўных мігрантаў, якія б лічылі, што ў Беларусі можна выдатна зарабіць, у той час як у Еўрапейскі саюз — натоўпы.


Глядзіце таксама

Мільёны людзей імкнуцца туды, таму што разумеюць, што там высокія сацыяльныя стандарты, дзякуючы высокім жа заробкам.

— Ці ёсць краіны ў Еўрапейскім саюзе, якія б не плацілі пенсію своечасова? — задаецца пытаннем эканаміст. — Няма такіх! Чаму ж тады Качанава, кажучы пра «лепшую ў свеце беларускую сацыяльную абарону», згадвае гэта як ледзь не асноўны параметр і распавядае, што калі б у Беларусі ў 2020 годзе да ўлады прыйшлі дэмакраты і рыначнікі, яны б развалілі краіну і гэтага б не было?

Гэта чарговая страшылка і абуральная хлусня, якія разганяе Лукашэнка і яго прапагандысты, служыцелі ідэалогіі таталітарызму і марксізму.

Беларусь, упэўнены эканаміст, ні па пенсіях, ні па заработнай плаце не з'яўляецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай, і ўжо тым больш не мае «лепшую сацыяльную абарону ў свеце».

Зрэшты, ёсць і тыя, каму ў гэтай сістэме сацыяльных гарантый жывецца добра.

— Натуральна, сілавікам і тым людзям, якія выконваюць функцыю шлагбаўмаў, фуражак, дубаломаў — усе тыя, хто затыкае раты і сочыць за выкананнем загадаў вышэйстаячага начальства. Але гэта ж не пра сацыяльную абарону, гэта пра паліцэйскую дзяржаву, — адзначае Яраслаў Раманчук. — У нас наогул людзей у мундзірах рэкордная колькасць на душу насельніцтва.

Ён таксама нагадвае, што Беларусь уваходзіць у топ-10 самых пітушчых краін свету.

— Няўжо гэта ад добрай сацыяльнай абароны? — задаецца пытаннем эканаміст. — Таму, калі вам будуць вешаць на вушы гэтую лухту, што ў Беларусі найлепшая сістэма сацыяльнай абароны ў свеце, ведайце, што Качанава, як і Галоўчанка, і іншыя чыноўнікі сістэмы Лукашэнкі, проста прагінаюцца перад сваім шэфам. Гэта не пра факты. Не верце ў гэтую лухту, здымайце локшыну з вушэй.