Няма каму працаваць. У Беларусі новы антырэкорд па колькасці вакансій

На рынку працы — новы антырэкорд. Дэфіцыт кадраў нарастае такімі тэмпамі, што пра праблему кажа нават дыктатар Аляксандр Лукашэнка.

_zycce___ljudzi___horad___transpart__fota_novy_czas_logo_1_logo.jpg

У Беларусі працягвае нарастаць недахоп кадраў. На 18 траўня, паводле даных службы занятасці, наймальнікам патрабуецца крыху больш за 150 тыс. работнікаў. Гэта чарговы рэкорд, да гэтага ў Беларусі яшчэ не было столькі вакансій, канстатуе «Люстэрка».

Партал звяртае ўвагу, што на 18 траўня ў агульнарэспубліканскім банку вакансій размешчана дакладна 150 035 прапаноў ад наймальнікаў. Амаль 66 тыс. з іх-на заробак да 1000 рублёў. Плаціць ад 2000 рублёў гатовыя па толькі 8421 вакансіі. Пры гэтым наймальнікі часцяком паказваюць у аб'яве аб пошуку работнікаў заробак да выплаты падаткаў, то бок сапраўдны заробак «на рукі» будзе яшчэ меншы.

Для параўнання: на 25 траўня мінулага года ў цэлым па краіне не хапала крыху больш за 120 тыс. работнікаў. Гэта значыць, што за год колькасць вольных працоўных месцаў у Беларусі павялічылася прыкладна на 30 тысяч.

Вырашыць праблему з недахопам работнікаў у Беларусі не ўдаецца ўжо не першы год. Сярод прычын — ад'езд спецыялістаў на працу за мяжу, а таксама звальненні паводле палітычных прычын.


Глядзіце таксама

Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на дэфіцыт кадраў на заводах. Пры гэтым прамысловыя прадпрыемствы па-ранейшаму не хочуць браць на працу тых, хто засвяціўся па палітычных артыкулах.

А 5 траўня палітык заявіў, што ў Беларусі могуць увесці змены пры будаўніцтве новага жылля. На яго думку, трэба ўзводзіць нерухомасць там, дзе ёсць дэфіцыт работнікаў.

Эканаміст і аналітык Сяргей Чалы на ютуб-канале Беларускага расследвальніцкага цэнтра выказаў меркаванне, што апошнія змены ў закон аб прадпрымальніцкай дзейнасці прадыктаваныя ў тым ліку спадзевамі ўладаў хоць неяк выправіць сітуацыю на рынку працы. Як вядома, рэжым вырашыў ускладніць жыццё іпэшнікаў: да 1 ліпеня ўрад павінен скласці спіс відаў дзейнасці, якую змогуць выконваць індывідуальныя прадпрымальнікі — астатнім прыйдзецца альбо перайсці ў юрасобу, альбо закрыцца. На думку Чалага, улады чакаюць, што частка тых, хто вырашыць спыніць ІП, захоча працоўладкавацца на дзяржпрадпрыемствах.