Эва Маралес. Віктар Януковіч. Пол Голдынг

Эва Маралес

Эва Маралес
Калі паўсюдна ў свеце заробкі зніжаюцца, то ў Балівіі яны будуць падвышацца. Эва Маралес, прэзідэнт Балівіі, прапанаваў парламенту закон аб павышэнні заробкаў для медыкаў, настаўнікаў, паліцэйскіх і вайскоўцаў. Яны будуць атрымліваць на 14 працэнтаў больш. Акрамя таго закон змяніў мінімальны памер заробка. Ён вырас на 10 працэнтаў. Такім чынам, цяпер у Балівіі працадаўца павінен плаціць працоўнаму штомесяц як мінімум 647 балівіана (гэта прыкладна 92 долара). Прадстаўляючы законапраект, Маралес папрасіў прабачэння ў электарату. Па яго словах, ён хацеў увогуле ўзняць заробкі на сто працэнтаў, аднак людзі ў міністэрствах далі яму зразумець, што такі крок прывядзе да краху дзяржаўнага бюджэту. Саюз прадпрымальнікаў між тым выступіў супраць прапаноў Маралеса. На думку бізнесменаў, рэалізацыя закону ва ўмовах сусветнага эканамічнага крызісу прывядзе выключна да росту інфляцыі.
Віктар Януковіч
У культавай фігуры ўкраінскай антыаранжавай апазіцыі апошнім часам узніклі вялікія праблемы. Ягоная Партыя Рэгіёнаў на мяжы расколу. Пасля правалу спробы Партыі Рэгіёнаў 5 лютага адправіць кабінет Цімашэнка ў адстаўку, сябры партыі пачалі шукаць адказнага за фіяска ў сваіх шэрагах. Пошук стрэлачніка перарос у вайну дзвюх фракцый — групы Рэната Ахметава (самы заможны чалавек ва Украіне) і групы Сяргея Лёвачкіна, звязанага з мільярдэрам Дзмітрыем Фірташам. Барацьба ўнутры партыі працягваецца і становіцца ўсё больш інтрыгуючай. Чаго не скажаш пра прэзідэнцкую кампанію Януковіча, якая фактычна заглухла. Між тым зараз менавіта ён — асноўны кандыдат на пасаду наступнага прэзідэнта Украіны. За яго гатовы галасаваць 21 працэнт выбаршчыкаў. Бліжэйшы канкурэнт Юлія Цімашэнка можа пакуль разлічваць толькі на 17 працэнтаў.
Пол Голдынг
27-гадовы беспрацоўны з брытанскага горада Суонлі, сябра праварадыкальнай Брытанскай нацыянальнай партыі (BNP) нечакана нават для сябе перамог на адным з участкаў на пазатэрміновых выбарах у гарадскі савет. Нацыяналісты і раней перамагалі на мясцовых выбарах, аднак не з такой перавагай. Голдынг атрымаў 41 працэнт усіх галасоў выбаршчыкаў і таму стаў палітыкам тыдня на ўсім Альбіёне. Праўда, трэба ўзяць пад увагу, што Суонлі яўна нетыповы горад. Гэта хутчэй ціхі прыгарад Лондану, які толькі зараз сутыкнуўся з феноменам мусульманскай і індуісцкай эміграцыі. Адсюль і такія лічбы. Так ці інакш, Нік Грыфін — старшыня нацыяналістаў — ужо заявіў, што яго партыя можа разлічваць на ўраджай галасоў у 9 працэнтаў на наступных выбарах у Еўрапарламент, што гарантуе партыі прадстаўніцтва ў Бруселі.