Фотаскандал як слабасць апазіцыі?
У Вашынгтоне прайшла сустрэча прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Сустрэча ў цэлым мела стратэгічнае значэнне для далейшага развіцця не толькі Польшчы, але і ўсяго рэгіёну.
Дастаткова ўзгадаць тую акалічнасць, што Варшава пагадзілася самастойна фінансаваць пабудову амерыканскай базы «Форт Трамп». Упершыню спрацаваў прапанаваны Трампам саюзнікам прынцып: мы гатовыя абараняць выключна тых, хто будзе нам плаціць. Цяпер іншым чальцам NАТО трэба моцна задумацца.
Між тым, у польскай прэсе смакуюць не гэта, а зробленую з няўдалага ракурсу фатаграфію Анджэя Дуды ў Авальнай зале. На фота польскі гарант, стоячы на рагу стала, падпісвае дакумент. Побач разваліўся ў крэсле Дональд Трамп.
Такая мізансцэна дазволіла аналітыкам назваць сустрэчу Дуды і Трампа «васальнай». Зрэшты, гэта яшчэ самая мяккая ацэнка. На інтэрнэт-форумах згаданай сцэне даюць значна больш жорсткія ацэнкі. «Прэзідэнт Польшчы ў позе афіцыянта — дзве кавы, два пірожных. Што яшчэ пажадаеце, спадар Дональд?», «Добра, што Трамп яшчэ не пасунуўся. У такім выпадку прэзідэнту давялося б падпісваць дакумент на каленах». Не абышлося і без фотажабаў. На адной з іх выяўленая Моніка Левінскі, якая выхваляецца тым, што яна ўжо не апошняя з тых, хто стаяў на каленях у кабінеце амерыканскага прэзідэнта.
Да тэмы высмейвання няўдалай позы прэзідэнта актыўна падключылася ліберальная апазіцыя. У тым ліку яе лідарамі мусіруецца думка пра тое, што Дуда прыняў васальную паставу інстынктыўна, паколькі з’яўляецца крэатурай і марыянеткай Яраслава Качыньскага, лідара ўрадавай партыі «Права і Справядлівасць» (PiS). Звяртаецца ўвага на тое, як нядаўна падпісваў дамову з Трампам паўночнакарэйскі дыктатар Кім Чэн Ын. Каб не ўзнікла ілюзій перавагі аднаго з бакоў, дыпламаты ЗША і КНДР дамовіліся, што ўсе дакументы будуць падпісаныя за адным доўгім сталом. Яго спецыяльна знайшлі і прывезлі ў Сінгапур з ЗША.
Акрамя таго, у апазіцыі звяртаюць увагу, што кампетэнцыя польскага прэзідэнта не прадугледжвае магчымасці распараджацца бюджэтам дзяржавы. Дуда не меў права абяцаць Трампу выдаткаваць на амерыканскую базу больш за два мільярды долараў з польскай казны. Бюджэтная палітыка — гэта юрысдыкцыя ўрада.
Не прайшоў міма канфузу Дуды і легендарны Лех Валенса, які таксама апаніруе Качыньскаму. Валенса выклаў у сетку набор фатаграфій, прысвечаных сваёй сустрэчы з Трампам. На здымках Лех сядзіць, а Трамп стаіць побач. «Знайдзі адрозненне», — падпісаў здымкі экс-прэзідэнт. Праўда, Валенса апускае той факт, што Трамп на момант гэтых здымкаў быў усяго толькі бізнесоўцам.
Напэўна, самы незвычайны каментар можна прачытаць на старонках часопіса «Wprost». Запрошаны выданнем эксперт лічыць, што выпадак з Дудам трапіць ва ўсе падручнікі дыпламатыі як феерычны правал пратакольнай службы. «Згодна дыпламатычнаму пратаколу, пасля асабістых перамоў прэзідэнты павінны пайсці ў папярэдне абраны пакой, дзе мусіць быць спецыяльны стол для падпісання дакументаў. Усе, хто працаваў над дакументамі, павінны ўдзельнічаць, таму што гэта выказванне павагі да гэтых людзей і да дзяржавы», — тлумачыць эксперт. Дарэчы, ён заклікае да адставак у МЗС, «паколькі тое, што адбылося, можна разглядаць як абразу дзяржавы». Ён пагаджаецца з тэзісам, што амерыканцы не палічылі патрэбным узгадняць з палякамі дэталі пратаколу, паколькі глядзяць на іх пагардліва.
Нават у лагеры кансерватараў, на якіх арыентуецца PiS, чуваць бурчанне. На сайце Kresy.pl лічаць, што цяперашняя адміністрацыя занадта шмат інвестуе ў «стратэгічны саюз» са Злучанымі Штатамі ў галіне ваеннай бяспекі. Нацыяналісты сцвярджаюць, што мэта амерыканскай базы ў Польшчы — не абарона ад Расіі, а стварэнне дадатковага ціску на Варшаву. Усё праз тое, што амерыканскі суд вось-вось, маўляў, высуне пазоў на 300 мільярдаў долараў, якія пойдуць на кампенсацыю для сваякоў польскіх габрэяў — ахвяраў Халакосту.
Відавочна, што кампанія наконт сцэны ў Авальнай зале мае палітычны кампанент. На носе — мясцовыя выбары, і тэма «сервільнага» прэзідэнта можа дапамагчы апанентам PiS набраць пункты. Акрамя таго, поспех на мясцовых выбарах можа стаць пралогам да перамогі на парламенцкіх выбарах у 2019-м. А там на гарызонце і прэзідэнцкія выбары 2020-га.
З іншага боку, прырода скандалу вакол паставы Дуды сведчыць, хутчэй, пра слабасць ліберальнай апазіцыі, якая не здольная атакаваць партыю Качыньскага па глабальных, стратэгічных пытаннях. Больш за тое, падымаючы тэму патрыятызму, лібералы павялічваюць шанцы нацыяналістычнай партыі Паўла Кукіза, да якой могуць перайсці галасы выбаршчыкаў PiS. У выніку Качыньскі, які страціць большасць у Сейме, можа запрасіць Кукіза ў кааліцыю, што яшчэ больш узмоцніць партыю еўраскептыкаў у Варшаве.
Зрэшты, што варажыць: 16 лістапада за Бугам адбудзецца першы тур выбараў, і тэндэнцыі ў польскай палітыцы будуць больш зразумелыя.