Фукуяма: «Пуцін фундаментальна памыляецца»

Адзін з вядучых экспертаў у пытаннях ліберальнай дэмакратыі Фрэнсіс Фукуяма — аб дзеяннях расійскага прэзідэнта.

fukujama.jpg

— Уладзімір Пуцін у інтэрв’ю Financial Times заявіў, што «так званая ліберальная ідэя сябе зжыла канчаткова». На яго думку, нават заходнія лідэры прызнаюцца, што «мультыкультуралізм» становіцца нерэалістычным. І раптам вы, апалагет лібэральных каштоўнасьцяў, пацвярджаеце, што яны ў небяспецы, — спытала Новая газета ў Фукуямы.
Мне ўжо задавалі падобнае пытанне, і я адказаў: «Пуцін фундаментальна памыляецца». Расія, як і любая іншая краіна, залежыць ад ліберальных прынцыпаў. Еўропа прайшла праз паўтара стагоддзя найжорсткіх рэлігійных войнаў паміж каталікамі і пратэстантамі.
У крыві былі патопленыя цэлыя краіны, адна толькі Германія пазбавілася траціны насельніцтва. І ўсё таму, што ў XV-XVI стст. дзяржавы настойвалі на адзінай рэлігійнай дактрыне, і людзі не маглі самастойна выбіраць, як ім жыць і ўва што верыць.
Пасля пратэстанцкай рэфармацыі кіраўнікі пачалі разумець, што калі працягваць настойваць на адзінай веры і светаразуменні, канфлікт не скончыцца ніколі.
Гэта і стала зараджэннем лібералізму — набору правілаў, па якіх людзі маглі жыць згодна са сваімі перакананнямі, не рызыкуючы быць за гэта забітымі.
Але калі з’явіўся выбар, з’явіліся і дактрыны нецярпімасці, асабліва нацыяналісцкія, заснаваныя не на праве, а на этнічнай і расавай прыналежнасці. Гэта прывяло да распаду гіганцкіх імперыяў — Асманскай і Аўстра-Вугорскай. Вялікія этнічныя групы імкнуліся да дамінавання. Калі Гітлер пачаў аб’яднанне немцаў, уплыў Нямеччыны стаў асабліва разбуральным. Але гэта не толькі нямецкая бяда — такі ж працэс ішоў ва ўсіх краінах, дзе вырашылі самавызначацца на аснове этнічных груп і агульнай мовы. Што прывяло да новага катастрафічнага канфлікту ў XX стагоддзі, не рэлігійнага, а нацыяналістычнага.
Пасля 1945 года ўсе пагадзіліся, што нельга дазволіць вызначаць нацыі на аснове этнічнай прыналежнасці і ўдзельнічаць у гвалтоўных канфліктах, што кожнай краіне неабходны інстытут, які гарантуе права асобных грамадзян і асабліва правы меншасцяў. Патрэбен быў новы ліберальны міжнародны парадак, у якім краіны пагодзяцца супрацоўнічаць, будаваць агульныя інстытуты, развіваць гандаль ва ўмовах адкрытых эканамічных адносін і разам станавіцца багацей. Гэта і ёсць лібералізм, прыкладам якога зараз служыць Еўрапейскі Саюз.
Расія ў гэтай карціне свету — не выключэнне, і ў нейкім дачыненні таксама ліберальная краіна. Яна складаецца з мноства нацый і не можа стварыць нацыянальную ідэнтычнасць на аснове рускай праваслаўнай царквы, таму што нельга людзей сілком далучыць да праваслаўнай веры.
Але што робіць Пуцін? Ён спрабуе ўваскрэсіць нацыянальную імпэрскасьць і дамінаваць у адносінах да краін былога СССР. Гэта — адраджэнне дактрыны нецярпімасці, калі лічацца толькі з тымі, хто належыць адной нацыі. Гэта вельмі небяспечны прынцып
Тое ж самае адбываецца цяпер у ЗША, дзе Трамп увесь час кажа пра неабходнасць вярнуць Амерыцы былую веліч. Гэта вялікая бяда.
Я думаю, Трамп наогул — этнанацыяналіст, які лічыць, што ў нябелых грамадзян няма нацыянальнай ідэнтычнасці.
Улічваючы, што Злучаныя Штаты ў наступным пакаленні стануць краінай, дзе большасць грамадзян належаць да той ці іншай меншасці, гэта не той прынцып, на аснове якога можна кіраваць краінай. Менавіта таму я лічу, што ліберальныя прынцыпы не толькі не зжылі сябе, але і абсалютна неабходны — яны злучнае звяно ў разнастайнасці.
Паводле Салідарнасці