Украінскага рэжысёра Сянцова даставілі ў Маскву з калоніі на Ямале
Зняволенага ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова даставілі з калоніі ў Лабытнангі на Ямале ў Маскву. Паводле розных крыніц, ён знаходзіцца альбо ў СІЗА «Бутырка», альбо ў СІЗА «Лефортава».
Палітвязень Алег Сянцоў быў унесены ў спіс для абмену ўтрыманых асоб паміж Расіяй і Украінай, перадае nv.ua.
Раніцай 29 жніўня яго маці ў інтэрв'ю krymr.com паведаміла, што сын упершыню за доўгі час не патэлефанаваў ёй з калоніі.
Крэмль пацвердзіў кантакты прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна па абмене ўтрыманымі асобамі з Украінай. Па дадзеных расійскіх СМІ, Украіна і Расія дасягнулі папярэдняй дамоўленасці аб абмене ўтрыманымі асобамі па формуле 33 на 33.
Сянцоў быў прысуджаны 25 жніўня 2015 года да 20 гадоў строгага рэжыму. Украінца захапілі ў Крыме расійскія сілавікі 11 траўня 2014-га. Яго абвінавачвалі ў нібыта падрыхтоўцы тэрактаў на паўвостраве. Пазней яго абвінавацілі ў захоўванні зброі і выбухоўкі.
Паводле naviny.by